Прысутнічалі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джордж Нол, сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасінха, прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Віктар Чараховіч і Дзьмітры Бекцяжкін, дырэктар менскай сярэдняй школы № 130, якая ў красавіку гэтага году была названая ў гонар Рут Ўолер.
Часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джордж Нол сказаў, што, пакуль не прыехаў нядаўна ў Беларусь, ня ведаў пра сваю суайчыньніцу Рут Ўолер і яе дзейнасьць у Менску:
«Мне было прыемна даведацца пра яе жыцьцё і дасягненьні, якія яна зрабіла ў Беларусі. Вельмі прыемна, што сёньня разам з намі знаходзяцца калегі зь міжнародных арганізацыяў — для таго каб мы разам ушанавалі памяць Рут Ўолер у дзень яе сьмерці», — сказаў Джордж Нол.
Сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасінха сказаў, што наведвае магілу Рут Ўолер ужо чацьвёрты раз:
«Я працую ў Беларусі чатыры гады і штогод бываю на магіле Рут Ўолер. Лічу, што гэта вельмі незвычайна — чалавек, які нарадзіўся сто год таму і пражыў усяго 24 гады, пакінуў такі знакавы сьлед у гісторыі. Нават сёньня яе імя і тое, што яна зрабіла, аб’ядноўвае ЗША і Беларусь пад эгідай ААН. Гісторыя яе жыцьця вельмі натхняльная».
Санака Самарасінха заклікаў новага часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Джорджа Нола наведаць бліжэйшым часам Лошыцкі парк, дзе раней знаходзілася адміністрацыя місіі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацыяў (UNRRA), у межах якой Рут Ўолер працавала ў Менску ў 1946 годзе.
Дырэктар школы № 130, якая ў красавіку гэтага году была названая ў гонар Рут Ўолер, Дзьмітры Бекцяжкін сказаў журналістам, што ў школе будзе працаваць экспазыцыя, прысьвечаная мужнай амэрыканцы:
«У межах пашырэньня супрацоўніцтва з амэрыканскім бокам у школе прынята рашэньне стварыць музэйную экспазыцыю, прысьвечаную дзейнасьці місіі ААН у Беларусі ў пасьляваенны час, а таксама экспазыцыю, прысьвечаную Рут Ўолер як супрацоўніцы місіі, якая актыўна дапамагала беларусам у той складаны час».
Рут Ўолер была супрацоўніцай місіі Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацыяў (UNRRA). Місія працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах. У жніўні 1946 году 24-гадовая амэрыканка ўратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла на запаленьне лёгкіх і мэнінгіт. Нягледзячы на намаганьні лекараў, выратаваць Рут Ўолер не ўдалося. Яе пахавалі на Вайсковых могілках у Менску.
Дзейнасьць UNRRA была скіраваная на дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ў Другую ўсясьветную вайну. Значны ўнёсак у дзейнасьць арганізацыі зрабілі ЗША. У Беларусі ў складзе місіі UNRRA працавалі пятнаццаць чалавек, у фінансавым вымярэньні дапамога ЗША па гэтай лініі склала 60 мільёнаў даляраў.