Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Скот Роланд адкрыў памятную дошку на будынку сядзібы ў Лошыцы ў гонар місіі UNRRA, якая працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах.
Штаб-кватэра місіі была ў Лошыцкай сядзібе.
У цырымоніі адкрыцьця ўзяў удзел міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
Прамаўляючы падчас адкрыцьця, ён адзначыў асаблівую ролю ЗША ў працы місіі ў Беларусі. У прыватнасьці, ён сказаў:
«Станоўчы вопыт узаемаадносінаў паміж нашымі краінамі можа і павінен стаць прыкладам узаемаадносінаў у будучыні».
Скот Роланд, прамаўляючы да прысутных, выказаў задаволенасьць, што ЗША мелі магчымасьць дапамагаць Беларусі аднаўляць краіну пасьля вайны.
Ён узгадаў амэрыканку Рут Ўолер, якая загінула, ратуючы беларускіх дзяцей. Дыплямат нагадаў, што савецкія ўлады зьбіраліся надаць яе імя лякарні нумар адзін.
Ён скончыў свой выступ пытаньнем: «Ці не прыйшла пара гэта зрабіць цяпер»?