Сьцяганосцам зборнай Беларусі на Алімпіядзе стане спартовец, які зьняважліва выказаўся пра беларускую мову, назваўшы яе «мёртвай, на якой практычна ніхто не размаўляе» — раварыст Васіль Кірыенка.
Міжнародны алімпійскі камітэт параіў Беларусі зьмяніць сьцяганосца: гэтую пачэсную місію павінен выконваць спартовец — удзельнік Алімпійскіх гульняў, а ня трэнэр. Першапачаткова плянавалася, што сьцяг краіны панясе трэнэр па кулявой стральбе Сяргей Мартынаў, паведамляе «Спортивная панорама».
Раварысту Васілю Кірыенку 35 гадоў, ён родам з Рэчыцы, але жыве ў асноўным у Гішпаніі.
Тры месяцы таму ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода Васіль Кірыенка назваў беларускую мову мёртвай:
«У мяне супярэчлівае стаўленьне да беларускай мовы... Справа ў тым, што большую частку часу я знаходжуся ў Гішпаніі, акурат на мяжы з Краінай Баскаў. Яна афіцыйна не існуе як адміністрацыйная адзінка, але жыхары лічаць інакш: усяляк адмяжоўваюцца ад гішпанскай апекі, гавораць на сваёй мове. Дык вось мне цікавей было б ведаць іхнюю мову эўскера, чым сваю, беларускую.
Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе. Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку. Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не!
Я некалі таксама вывучаў мову, нават пяцёркі меў, але пасьля школы яна мне нідзе не прыдалася! Хіба з палякамі кантактаваў, бо па-беларуску разумеюць, а больш гэтае веданьне ніякай практычнай карысьці не дало. Спрабаваць ажывіць нежывое — лішняе».