Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішэль Абама падтрымала Гілары Клінтан: «Я — зь ёй»


Мішэль Абама
Мішэль Абама

Першая лэдзі ЗША Мішэль Абама падтрымала Гілары Клінтан на будучых выбарах у ЗША. «Я — зь ёй», — абвясьціла Абама, выступаючы на ​​зьезьдзе дэмакратаў у Філядэльфіі.

«Гілары на працягу ўсяго свайго жыцьця ніколі не здавалася», — заявіла жонка Барака Абамы ў сваёй прамове ў падтрымку Клінтан.

«Дзякуючы ёй мае дочкі цяпер успрымаюць той факт, што жанчына можа стаць прэзыдэнтам ЗША, як нешта натуральнае. Мы павінны ўкласьці кожную кроплю нашых сіл, нашай жарсьці і нашай любові да гэтай краіны ў тое, каб выбраць Гілары Клінтан прэзыдэнтам», — цытуе Мішэль Абаму ВВС.

Першая лэдзі таксама раскрытыкавала рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа за тое, што той зьвяртаецца да «мовы нянавісьці».

«Калі нехта праяўляе жорсткасьць або паводзіць сябе груба, мы не апускаемся да іх узроўню», — сказала яна пра суперніка Клінтан.

Незадоўга да выступу Абамы партыя дэмакратаў прыняла перадвыбарчую плятформу.

У перадвыбарчай праграме выкладзеныя асноўныя праблемы, якімі будзе займацца адміністрацыя Гілары Клінтан, калі яе абяруць прэзыдэнтам. Сярод такіх пытаньняў — правы ЛГБТ-супольнасьці, барацьба з глябальным пацяпленьнем, павышэньне даступнасьці вышэйшай адукацыі, барацьба зь беднасьцю і адстойваньне правоў зьняволеных.

Зьезд партыі дэмакратаў у Філядэльфіі пачаўся 25 ліпеня і працягнецца чатыры дні. Як чакаецца, на ім Гілары Клінтан будзе афіцыйна абвешчаная кандыдатам на пасаду прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG