Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Лязане не дапусьціў расейскіх лёгкаатлетаў да Алімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра


Спартыўны арбітражны суд у Лязане не дапусьціў расейскіх лёгкаатлетаў да ўдзелу ў Алімпіядзе-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра. Такім чынам, суд адхіліў скаргу Алімпійскага камітэту Расеі на рашэньне аб дыскваліфікацыі спартоўцаў, прынятае раней Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных фэдэрацый (IAAF).

Расейскія лёгкаатлеты былі адхілены ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах на падставе расьсьледаваньня Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), якое выявіла масавыя і сыстэматычныя парушэньні ў расейскіх антыдопінгавых лябараторыях. У сьпісах IAAF ёсьць толькі два расейскія спартоўцы, чый удзел у Алімпіядзе не залежыць ад рашэньня суду ў Лязане, — гэта скакуха ў даўжыню Дар’я Клішына і бягуньня Юлія Сьцяпанава.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) раней стварыў дысцыплінарную камісію для вырашэньня пытаньня аб удзеле ўсіх расейскіх спартоўцаў у гульнях у Бразыліі. Такое рашэньне было прынятае пасьля публікацыі дакладу WADA, з якога вынікае, што расейскія антыдопінгавыя лябараторыі наўмысна хавалі станоўчыя пробы спартоўцаў на ўжываньне забароненых прэпаратаў, а да махінацый з аналізамі датычная ФСБ.

У МАК гэтыя парушэньні назвалі ударам «па ўсім сусьветным спорце і Алімпійскім гульням». Канчатковае рашэньне аб допуску Расеі да Алімпіяды, як чакаецца, будзе прынятае 24 ліпеня.

У Алімпійскім камітэце Расеі выказалі надзею, што МАК дапусьціць да ўдзелу ў гульнях «чыстых», на іх думку, спартоўцаў. Не кіравацца прынцыпам «калектыўнай адказнасьці» заклікалі і ў Крамлі. У Міністэрстве замежных спраў Расеі, у сваю чаргу, назвалі сёньняшняе рашэньне суду ў Лязане «злачынствам супраць спорту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG