Апошнім чалавекам, якога бачыў у сваім жыцьці журналіст Георгій Гангадзэ, ня лічачы сваіх забойцаў, была журналістка Алена Прытула. Удваіх яны заснавалі і вялі ўкраінскую, тады рэзка антыўрадавую, інтэрнэт-газэту «Ўкраінская праўда». Апошнім чалавекам, якога бачыў у сваім жыцьці журналіст Павал Шарамет, таксама была яна, Алена Прытула. Удваіх яны кіравалі гэтай газэтай. Машына Прытулы была падарваная раніцай у сераду ў Кіеве. Шарамет сядзеў за рулём, больш нікога ў салёне не было.
Паміж гэтымі падзеямі — 16 гадоў. Гібель Георгія Гангадзэ ўвайшла ў гісторыю Ўкраіны. Ці ўвойдзе ў гэтую, не такую ўжо багатую, гісторыю гібель Паўла Шарамета, сказаць цяжка. «Украінская праўда», да якой ён меў наўпроставае дачыненьне, сёньня адрозьніваецца тым, што стараецца даваць кожнай сястрыцы па завушніцы. Яна ўпэўнена, часам з выклікам, засмучае як уладу, так і апазыцыю. Нават у звычайным палітычным жыцьці адзін з бакоў у падобных выпадках непазьбежна пакутуе менш, чым іншыя. Ва Ўкраіне ж, дзе спрачаюцца, калі абвясьціць стан вайны з Расеяй, сёньня да вечара ці заўтра раніцай, перакос кідаецца ў вочы. Адважымся назваць яго перакосам дэмакратычнай нормы. У такіх умовах улада ня можа не жадаць хоць бы таго, каб яе не адцягвалі ад асноўнай працы штохвілінна.
Да Крамля і зьвязаных зь ім верхаводаў ва Ўкраіне, здаецца, толькі цяпер дайшло, што з гэтага пляцдарму Захад не саступіць. Пядзяй на гэтым пляцдарме можа стаць расьсьледаваньне гібелі Шарамета.
Становішча цяжкае, заблытанае і адначасова яснае. Толькі што праведзеныя парлямэнцкія давыбары не далі відавочных перавагаў ніводнай з палітычных сілаў, а лепш сказаць — групаў і груповак. Шмат што кажа пра тое, што насельніцтва ня схільнае ўдзельнічаць у іхных звадах. Агульны настрой — абы не было горш. У гэтым сэнсе выкарыстоўваюць слова «стабілізацыя». Яна, стабілізацыя, вельмі не падабаецца тым наверсе, хто можа разьлічваць нешта злавіць толькі ў вельмі каламутнай вадзе. Некаторым нават ня так важна, на чый млын яна будзе ліцца, абы толькі каламутная. Чым спакайнейшыя ўкраінскія нізы, тым больш нэрвуюцца зладзейскія вярхі. Яны ўсё больш асьцерагаюцца, што Вашынгтон і Брусэль ўсё ж не пакінуць клапаціцца пра Ўкраіну. Гэта, бадай, галоўнае.
Да Крамля і зьвязаных зь ім верхаводаў ва Ўкраіне, здаецца, толькі цяпер дайшло, што з гэтага пляцдарму Захад не саступіць. Пядзяй на гэтым пляцдарме можа стаць расьсьледаваньне гібелі Шарамета. Тут думаецца ўжо ня толькі пра Гангадзэ, але і пра Нямцова, пра яго — у першую чаргу. Можна будзе параўнаць, як расьсьледавалася і чым завяршаецца расьсьледаваньне забойства Нямцова і як усё пойдзе ў выпадку Шарамета. Ясна, што заходнія сябры Ўкраіны ўжо падключыліся да гэтай справы, а вось ці так, як яны ўмеюць, калі хочуць — нам яшчэ трэба будзе ўбачыць. Сваёй раптоўнай, вымушанай, пасьмяротнай вядомасьцю гэты журналіст пакажа, як далёка зайшлі дэмакратычныя перамены ва Ўкраіне і наколькі сур’ёзна настроеныя заходнія ўрады. Пакуль што думаецца, што яны не захочуць ўпусьціць нагоду лішні раз прадэманстраваць свае намеры і магчымасьці.
Анатоль Стрэляны