Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Шарамет. Вянок памяці


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Раніцай 20 ліпеня ад выбуху аўтамабіля ў Кіеве загінуў вядомы беларускі, расейскі, а ў апошнія гады і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет.

Кіраўніцтва паліцыі Ўкраіны ужо заявіла, што возьме расьсьледаваньне прычын трагедыі пад асаблівы кантроль, урад вырашыў стварыць адмысловую камісію для расьсьледаваньня забойства.

Павал Шарамет быў адной з самых яскравых зорак беларускай журналістыкі апошніх 20 гадоў. Ягоная заблішчэла ў сярэдзіне 90-ых, калі выпускнік наргасу Павал Шарамет стаў вядучым аналітычнай праграмы «Праспэкт» першага каналу беларускага тэлебачаньня і падчас гэтай працы выявіў якасьці, якія вылучалі яго сярод калегаў заўсёды: здольнасьць да палітычнага мысьленьня, журналісцкая сьмеласьць і знаходлівасьць, выразная грамадзянская пазыцыя.

Ельцын — Лукашэнку: «А Шарамета — вярні»

З БТ Павал Шарамет сышоў у недзяржаўныя мэдыі і пасьля працы ў «Беларускай дзелавой газэце» узначаліў карпункт расейскага ОРТ у Менску. Менавіта пасьля рэпартажу зь беларуска-літоўскай мяжы для ОРТ у ліпені 1997 году беларускі КДБ арыштаваў Паўла Шарамета і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзскага. Потым журналістаў судзілі за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы, прысудзілі ўмоўнае пазбаўленьне волі, але да суду Павал Шарамет пасьпеў адбыць за кратамі два з паловай месяцы. Да вызваленьня Паўла Шарамета тады прычыніўся прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын, які публічна сказаў Аляксандру Лукашэнку: «А Шарамета — вярні».

Аднак зь менскага бюро ОРТ Паўлу Шарамету ўсё ж давялося сысьці, дзеля працы ён перабраўся ў Маскву.

«Дзікае паляваньне»

Гэта адбылося праз 3 гады, 7 ліпеня 2000 году. Павал Шарамет прыляцеў у Менск, дзе ў аэрапорце яго меўся сустрэць апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. На стаянцы Павал знайшоў аўтамабіль калегі, але не яго самога. З таго часу ніхто ня ведае дакладна, што адбылося са Зьмітром Завадзкім, а Павал Шарамет да канца жыцьця будзе змагацца за высьвятленьне праўды пра лёс свайго апэратара. Менавіта з таго часу, паводле Шарамета, ён канчаткова пераканаўся ў датычнасьці найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі да зьнішчэньня некаторых палітычных апанэнтаў. У выніку Шарамет напісаў кнігу «Выпадковы прэзыдэнт», зьняў дакумэнтальны фільм «Дзікае паляваньне», які прысьвяціў тэме палітычных зьнікненьняў у краіне.

Маці зьніклага Зьмітра Завадзкага Вольга Завадзкая сёньня сказала «Свабодзе»:

«Павал быў вельмі рэзкі ў выказваньнях, вельмі крытычны, натуральна, камусьці, напэўна, перашкаджаў. І той факт, што і ў Беларусі, і ў Расеі, і нарэшце ва Ўкраіне ён не баяўся выказвацца наконт рэжымаў той або іншай дзяржавы, адносна вышэйшых кіраўнікоў і прыватных асобаў, падштурхоўвае да пэўных высноваў. Тым ня меней, я лічу, што Паша меў на гэта права, бо ў яго заўсёды была актыўная жыцьцёвая пазыцыя.

Спадзяюся, што рухала ім пачуцьцё патрыятызму, трывогі за сваю краіну. Вельмі шкада. Таму што чалавек неардынарны, варты ўвагі. Спачуваю. Проста разгубленая».

У 2010 годзе Паўла Шарамета пазбавілі беларускага грамадзянства

«Грамадзянства выдаецца на загад прэзыдэнта. Я так разумею, што толькі прэзыдэнт можна і пазбавіць чалавека грамадзянства», — заявіў журналіст Павал Шарамет «Свабодзе».

Пра тое, што ён пазбаўлены грамадзянства, Шарамет даведаўся зь ліста амбасады Беларусі ў Маскве. У лісьце не напісана, які дзяржаўны орган прыняў такое рашэньне.

«Пазначана, што я пазбаўлены грамадзянства, бо я маю расейскае грамадзянства. Але беларускія ўлады ведалі пра гэта яшчэ 10 год таму. Ніякая іншая прычына пазбаўленьня грамадзянства не была пазначаная», — падкрэсьлівае журналіст.

Заснавальнік і аўтар «Беларускага партызану»

Зьехаўшы працаваць у Расею, Павал Шарамет не забыўся пра Беларусь. Ён прыяжджаў сюды да бацькоў, але працягваў і журналісцкія праекты, зьвязаныя зь Беларусьсю. Заснаваны ім сайт «Беларускі партызан» стаў адным з самых папулярных і ўплывовых апазыцыйных інтэрнэт-рэсурсаў, пра што сьведчаць і шматлікія спробы беларускіх уладаў заблякаваць сайт падчас чарговага абвастрэньня палітычнага становішча ў Менску. І ўсё ж журналістка Сьвятлана Калінкіна спадзяецца, што «Беларускі партызан» Паўла Шарамета будзе жыць:

«З Паўлам мы ня бачыліся досыць даўно, але апошнім часам, літаральна ў апошнія месяцы, стаў часта дасылаць праз Фэйсбук, праз Скайп асабістыя паведамленьні. Сярод іншага вельмі турбаваўся за лёс „Беларускага партызану“. І апошнія такія нашы зь ім завочныя размовы былі менавіта пра „Беларускі партызан“, пра тое, што зь ім рабіць, што сайту патрэбны галоўны рэдактар і г. д. Цяпер я ня ведаю, што будзе з гэтымі беларускімі праектамі „Беларускім партызанам“, „Гістарычнай праўдай“. Проста ня ведаю, як яно цяпер усё існуе, але мне падаецца, што ў кожным разе гэта былі праекты не асабіста Паўла, а праекты, скіраваныя на нашу краіну. Таму гэты клопат нашай мэдыя-супольнасьці, напэўна, трэба будзе браць на сябе», — сказала Свабодзе Сьвятлана Калінкіна, калі даведалася пра сьмерць свайго сябра і калегі.

Адно з апошніх інтэрвію для «Ўкраінскай праўды» — са Сьвятланай Алексіевіч

Можна зьдзіўляцца, як шмат Павал Шарамет рабіў як журналіст і ва Ўкраіне. Гэтак, апошнім часам ён вёў аўтарскую праграму «Раніца Паўла Шарамета» на радыё «Вести». На сайце «Ўкраінская праўда», адным з кіраўнікоў якога ён зьяўляўся, рабіў вялікія інтэрвію са знакавымі асобамі. Сярод апошніх тэкстаў Паўла Шарамета — інтэрвію зь вядомым амэрыканскім гісторыкам Тымаці Снайдэрам наконт Brexit, інтэрвію з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, інтэрвію з новым старшынёй Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хаціёй Дэканаідзэ. Таксама ён вёў аўтарскую калёнку на сайце «Ўкраінскай праўды», дзе выказваўся па найбольш актуальных пытаньнях сучаснай украінскай палітыкі, пасьпяваў весьці і асабісты блог.

«Сорамна за былое стаўленьне да беларускамоўных»

Адзін з апошніх тэкстаў Паўла Шарамета зьявіўся ў інтэрнэце 17 ліпеня і шырока разышоўся праз посты ў Фэйсбуку. Гэта быў тэкст пра тое, як зьмянілася яго стаўленьне да беларускай мовы пасьля таго, як ён пажыў ва Ўкраіне.

«Зь дзяцінства я быў аддзелены ад беларускай мовы правіламі нашага грамадзтва. Я вырас у добрай сямʼі адукаваных людзей, навукоўцаў і чыноўнікаў. Але мы ніколі не размаўлялі на беларускай мове. Ніхто вакол нас не размаўляў на беларускай.

Потым, пазьней, я сам быў адэптам ідэі, што ня трэба навязваць людзям мову і пасьмейваўся з упартасьці тых, хто працягваў размаўляць на беларускай. Я падазраваў іх у няшчырасьці і нават кан’юнктурнасьці. Я і цяпер сьцьвярджаю, што сапраўднымі патрыётамі Беларусі могуць быць і людзі, якія не якія гавораць па-беларуску, як абараняюць Украіну рускамоўныя салдаты. Аднак сёньня мне сорамна за тыя думкі», — пісаў Шарамет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG