Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сацсетках Эрдагана падазраюць у інсцэніроўцы вайсковага перавароту


Turkey - ‪Cartoon shared in twitter by #‎DarbeDegilTiyatro‬ - not a coup, theatre
Turkey - ‪Cartoon shared in twitter by #‎DarbeDegilTiyatro‬ - not a coup, theatre

«Спроба вайсковага перавароту ў Турэччыне можа быць пастаноўкай». Брытанская The Independent паведамляе пра вэрсіі, якія пашыраюцца ў турэцкіх сацыяльных сетках.

Газэта адзначае, што карыстальнікі сацыяльных сетак параўноўваюць няўдалую спробу вайсковага перавароту з падпалам Райхстагу Гітлерам у 1933 годзе, ужытым пасьля для расправы з палітычнымі апанэнтамі.

«Некаторыя назіральнікі пачалі выказваць меркаваньні, што гэты пераварот быў зрэжысіраваны, каб даць магчымасьць Эрдагану ачысьціць войска ад апанэнтаў і ўзмацніць свой кантроль над Турцыяй», — піша газэта.

«Магчыма, мы ўбачым датэрміновыя выбары, на якіх ён (Эрдаган — РС) пастараецца гарантаваць сабе неверагодную большасьць галасоў. Магчыма, мы ўбачым зьмену канстытуцыі да горшага, з яе сыдзе сьвецкасьць і прыйдуць ісламісцкія матывы», — піша ў сваю чаргу карэспандэнт эўрапейскага выданьня інтэрнэт-газэты «Politico» Раян Гіт, цытуючы словы сваёй крыніцы ў Турцыі, якая таксама назвала спробу перавароту ў Турцыі пастановачнай.

Прыхільнікі гэтай вэрсіі, працягвае The Independent, цытуюць словы прэзыдэнта Турэччыны аб спробе перавароту, якія ён прамовіў перад сваімі прыхільнікамі ў аэрапорце Стамбулу. «Гэта падарунак Алаха», — цытуе газэта Эрдагана.

Паводле дадзеных, якія падаў турэцкі тэлеканал NTV, пасьля няўдалай спробы вайсковага перавароту ў Турэччыне зьнятыя з пасадаў больш за 2,7 тысячы супрацоўнікаў судовых установаў.

Кіраўнік ураду Турцыі Біналі Iлдырым у сваю чаргу паведаміў, што ва ўзброеных сілах краіны пасадаў пазбавіліся пяць турэцкіх генэралаў і 28 палкоўнікаў.

Акрамя таго, паводле яго, ня менш за 2,8 тыс. прадстаўнікоў вышэйшага і сярэдняга зьвяна турэцкіх узброеных сіл затрыманыя пасьля правалу спробы вайсковага перавароту ў Турцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG