Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Расеі ва Ўкраіну зьбіраюцца дэпартаваць дзясяткі «апалчэнцаў» — Gazeta.ru


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейская Gazeta.ru са спасылкай на «Саюз добраахвотнікаў Данбасу» распавяла пра суды над 17 «апалчэнцамі» (11 украінцаў, а таксама грамадзяне Малдовы, Італіі і Казахстана), якія ваююць супраць Украіны на баку непрызнаных «ДНР» і «ЛНР» і патэнцыйныя праблемы для «дзясяткаў, калі ня сотняў».

Грамадзянаў Украіны, якія ваявалі супраць Украіны, але апынуліся на тэрыторыі Расеі, звычайна затрымліваюць на вуліцы падчас праверкі дакумэнтаў. У іх выяўляюць пратэрмінаваныя візы, несапраўдныя рэгістрацыі і міграцыйныя карткі. На наступны дзень па затрыманьні праходзіць суд, які выпісвае штраф і прысуджае дэпартацыю на радзіму — ва Ўкраіну.

Паведамляецца, што «апалчэнцам» выпісваюць штраф у 5 тысяч расейскіх рублёў (каля 80 даляраў ЗША). Але ў Пецярбурзе адзін з затрыманых, «апалчэнец Слава», сядзіць за кратамі ўжо 11 месяцаў.

Іншы «апалчэнец», Уладзімер Векліч з Закарпацьця, распавядае, што прыехаў у Пецярбург на лекаваньне, быў затрыманы, згодна з пастановай суду «злосна ўхіляўся ад выезду з РФ па заканчэньні дазволенага тэрміну знаходжаньня», але «ледзь пазьбег» дэпартацыі праз увагу СМІ і грамадзкіх арганізацыяў.

Таксама ў Расеі затрымліваюць «апалчэнцаў» па запыце ўкраінскай паліцыі і за нелегальнае перасячэньне мяжы. Павелічэньне колькасьці такіх затрыманьняў Gazeta.ru зьвязвае з актывізацыяй баёў на паўднёвым усходзе Ўкраіны: «апалчэнцы» прыбываюць у Расею «на пабыўку» ці лекаваньне. Прычыны, кажуць апытаныя Gazeta.ru, хутчэй бюракратычныя, чым палітычныя.

Калі «апалчэнцаў» дэпартуюць ва Ўкраіну, ім там пагражае 8-15 год турмы за «стварэньне тэрарыстычнай групоўкі» і «вядзеньне агрэсіўнай вайны супраць Украіны». Але турмы могуць пазьбегнуць тыя, хто склаў зброю і супрацоўнічае з украінскімі сілавікамі.

У расейскіх законах жа прапісаныя «міграцыйныя льготы» толькі для жыхароў Данбасу — на людзей зь іншых рэгіёнаў яны ня дзейнічаюць. Дзеля абароны «апалчэнцаў» Грамадзкая палата РФ накіроўвае афіцыйныя запыты ў суды, пракуратуру і іншыя інстанцыі, бо ў расейскіх судах «апалчэнцам» бывае цяжка даказаць, што яны ваявалі супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG