Павал Церашкавец, фатограф з Гомеля, трапіў на старонкі брытанскай газэты Daily Mail са сваім праектам «Амэрыканская малітва». Ён паказвае «антыгламурную» Амэрыку — тое, чым жывуць звычайныя амэрыканцы. У інтэрвію Свабодзе фатограф распавёў, чаму ў Сан-Францыска правесьці выставу прасьцей, чым у Менску, і як беларускасьць дапамагае ў працы.
28-гадовы Павал Церашкавец жыве ў Бэрклі — прыгарадзе Сан-Францыска. Зарабляе вясельнымі фотаздымкамі. Штогод праводзіць ня больш за 20 фатасэсіяў. У сярэднім адна фатасэсія ў ягонай уласнай агенцыі YourDreamPhoto каштуе каля 5 тысяч даляраў.
Яшчэ месяц-два на год у яго ідзе на дадатковую працу, каб «прасоўваць» сваю агенцыю. Рэшту часу Павал падарожнічае ды здымае для сябе. Адабраныя за чатыры гады жыцьця ў Амэрыцы фатаздымкі ён сабраў у праект «Амэрыканская малітва». Сэрыю заўважыў спачатку вядомы фотапартал Feature Shot, а потым і брытанскі таблоід Daily Mail.
А пачыналася ўсё ня так проста. Каб зарабіць на жыцьцё, Павел працаваў у піцэрыі, а ў перапынку на ланч пераапранаўся, браў напракат машыну ды езьдзіў на сустрэчу з кліентамі, што замаўлялі фатаздымкі вясельляў.
Яшчэ раней былі шалёныя вясельлі ў Беларусі, здымкі карпаратываў, падпрацоўка ў кавэр-гурце па начах. Але пра ўсё па парадку.
Купіў сабе «цацку» за 1,5 тысячы даляраў і вырашыў, што трэба яе акупіць
Церашкавец нарадзіўся ў 1987 годзе ў Гомелі. Маці — бухгальтар. Бацька — інструктар па альпінізьме. Каб доўга не распавядаць жонцы і сыну пра свае прыгоды ў гарах, ён браў з сабой фотаапарат «Зэніт».
Падарожнічаць змалку стаў і Павал. Па праграмах аздараўленьня дзяцей з забруджаных тэрыторыяў зь сямі год ён езьдзіў штолета ў Італію, а потым у Нямеччыну. У паездкі браў бацькаў «Зэніт».
«Мне проста было цікава, што потым атрымаецца», — кажа Павал.
Але станавіцца прафэсійным фатографам ён ня думаў. Пасьля школы з паглыбленым вывучэньнем нямецкай мовы паступіў у менскі Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Калі быў студэнтам, падпрацоўваў перакладчыкам. А пасьля дыплёма ўладкаваўся ў ІТ-кампанію.
Напрыканцы вучобы Павал набыў люстэркавы фотаапарат. Canon 50D за 1,5 тысячы даляраў яму прывезьлі з Амэрыкі. Ён бачыў, якой якасьці выходзяць фатаздымкі на прафэсійныя камэры, а таму вырашыў паспрабаваць рабіць такія самыя.
«Калі я ўсьвядоміў, што купіў, па сутнасьці, цацку за 1,5 тысячы даляраў, я вырашыў, што трэба акупіць гэтыя грошы», — узгадвае Павал.
Так айцішнік-музыка пачаў праводзіць платныя здымкі: браўся за танныя карпаратывы і шалёныя вясельлі.
«Я сапраўды браўся за ўсё, — кажа Павал. — Я пабачыў самую жэсьць працы, калі фатаграфуеш, як людзі ўпіваюцца ўшчэнт».
У камуністычным Кітаі адчуваў сябе больш свабодным, чым у Беларусі
У 2011 годзе Павал пачаў выйграваць фатаконкурсы адзін за адным. Пачалося ўсё з гомельскага гарадзкога конкурсу, апошнім быў гран-пры ад National Geographic. Паўсюль Павал прадстаўляў мастацкія фатаздымкі.
Але акурат у гэты час, калі ягонае імя стала ўпершыню пазнавальным, ужо ў ролі фатографа ён вырашае зьехаць зь Беларусі. Спачатку рушыў на два месяцы ў Кітай. Пасьля вярнуўся туды яшчэ на паўгода.
«Дзіўна, але ў быццам бы камуністычным Кітаі я адчуваў сябе больш свабодным, чым у Беларусі. Там менш бюракратыі. А часам з чыноўнікам, які ня ведае ангельскай, прасьцей дамовіцца на пальцах, чым зь беларускім чыноўнікам, які цябе цалкам разумее».
Павал пасяліўся ў горадзе Гўанджоў, дзе заняўся фэшн-фатаграфіяй. Ён рабіў партфоліё для дзяўчат, якія прыехалі ў Кітай з постсавецкіх краін працаваць мадэлямі.
Справа ў тым, што кітайцы гатовыя плаціць дзяўчатам славянскай зьнешнасьці проста за тое, каб тыя прыходзілі ў начны клюб. Так гэтае месца становіцца папулярным сярод мясцовых. Прычым дзяўчатам ня трэба нічога рабіць. Нават не абавязкова з кімсьці размаўляць.
У пэўны момант Павал вырашыў, што для камфортнага жыцьця яму не хапае заробку ад фатаздымкаў. А таму выдумаў сабе рэзюмэ і пайшоў уладкоўвацца ў ІТ-кампанію мэнэджэрам. Яго адразу прынялі.
«Кампанія месьцілася ў крутым хмарачосе, там былі клясныя хлопцы, — кажа Павал. — Але я там дзень пабыў і зразумеў, што раблю крок назад. Год таму я сышоў з такой самай працы дзеля фота».
У той жа дзень хлопец атрымаў чарговую замову на фота для партфоліё. Больш на офісную працу ён ужо ніколі не вяртаўся.
Звольніўся зь піцэрыі і спаліў адзежу, у якой там працаваў
Увосень 2012 году Павал вярнуўся з другой кітайскай вандроўкі. І тут жа атрымаў шанец пераехаць у ЗША па грын-карце. Кінуў усё і паляцеў у Сан-Францыска. Выбраў менавіта гэты горад, бо тут ужо быў Паўлаў сябар.
«Мы зь сябрам — фанаты Metallica, а яна акурат тут пачынала. Сябар толькі таму сюды езьдзіў. Кажа: „Там афігенна!“ А аказалася, клімат тут так сабе. Пляжы і цёплае мора — гэта не пра Сан-Францыска. У халаднючую ваду тут можна залезьці толькі ў плавальным строі».
На той час пра Паўлаў праект White Silence ужо пісалі многія эўрапейскія і амэрыканскія блогі. Але ехаў у Штаты ён абсалютна невядомым фатографам.
Адразу давялося ўладкавацца касірам у піцэрыю, каб хоць як выжыць. Адначасова на сайце аб’яў зь некалькіх профіляў Павал штодня публікаваў свае прапановы вясельных здымак. Калі знаходзіўся кліент, зь ім даводзілася сустракацца ў перапынку на працы ў піцэрыі.
«Я ў гэты перапынак бег, пераапранаўся ледзь не ў гарнітур, браў тачку напракат і ехаў на сустрэчу, — кажа Павал. — Трэба было зрабіць уражаньне на кліента, і вось так я выкручваўся».
Праз паўгода на вясельных здымках ён ужо стаў зарабляць столькі, што яму хапала на жыцьцё бяз працы ў піцэрыі.
«У двары свайго дома на Трэжэр-Айлэнд (Treasure Island) я спаліў адзежу, у якой працаваў у піцэрыі. Гэта было зьвязана з дрэннымі ўспамінамі. Такі абрад. Вырашыў, што больш ніколі гэтым ня буду займацца».
У Каліфорніі клясныя вясельлі. Людзі прыходзяць не напіцца, а сустрэцца з маладымі
Марай Паўла было займацца менавіта арт-фатаграфіяй. Разумеючы, што так хутка на гэтым зарабіць ня зможа, ён вырашыў здымаць вясельлі.
Аднак нават на рынку вясельных фатографаў канкурэнцыя ў Амэрыцы вельмі высокая.
«Такое ўражаньне, што кожны трэці ў Каліфорніі — вясельны фатограф. Але я пазыцыянаваў сябе як фатографа, які здымае вясельлі ў стылі fine-art».
Першым сур’ёзным кліентам у яго стаў выкладчык з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі. Упершыню ў жыцьці Павал атрымаў чэк на 600 даляраў за адну здымку.
Акрамя грошай, аднак, яму падабаюцца і самі цырымоніі вясельляў, якія вельмі адрозьніваюцца ад тых, што ён здымаў у Беларусі.
«Яны тут клясныя! Ты прыходзіш на вясельле — і цэлы дзень на пазытыве. Людзі зьбіраюцца, каб сустрэцца з маладымі, а не напіцца».
За чатыры гады Павал выбудаваў сваю кліентуру, здымае звычайна 17–20 вясельляў на год. У сярэднім здымкі каштуюць каля 5 тысяч даляраў.
Яшчэ недзе зь месяц-два ў яго сыходзіць на «прасоўваньне» кампаніі. Астатні час — для падарожжаў і арт-праектаў.
«Такая праца дала мне вялікую свабоду ў пляне творчасьці», — кажа Павал.
Здымае ён толькі на стужку. Па-першае, яна дае лепшы колер. Па-другое, са стужкай выходзіць меншы адсеў.
«Ёсьць тэорыя, што з тысячы кадраў на лічбу ты атрымаеш шэсьць лепшых фота. І тых жа шэсьць лепшых фота выйдзе з 16 кадраў на стужку».
Я беларус, размаўляю з акцэнтам, і гэта крута
Кліенты, якія зьвяртаюцца да Паўла, плацяць немалыя грошы нават па амэрыканскіх мерках. Большасьць іх прынамсі чулі пра Беларусь.
«Адсоткаў 70 зь іх ведаюць Беларусь. А гэта вельмі высокі ўзровень для Штатаў».
Хаця, калі ён толькі пачынаў здымаць, то стараўся згладзіць акцэнт. Нават узяў сабе амэрыканскі псэўданім Paul Terry, бо прозьвішча «Церашкавец» для амэрыканцаў вельмі складанае ў вымаўленьні.
Але гэты падман, зразумеў Павал, не ішоў на карысьць ягонаму аўтарытэту.
«Я цяпер падкрэсьліваю, што я беларус, прыехаў з Усходняй Эўропы, гавару з акцэнтам, і гэта крута, — кажа Павал. — І людзям гэта падабаецца. Яны кажуць: „Які ў цябе клясны акцэнт!“ Тое, што я фатограф з Эўропы, а не чарговы амэрыканец, — гэта пэўны эксклюзіў. Усё гэта стала працаваць на мяне».
Калі я кажу, што еду здымаць дарогі Нэвады, мала хто мяне разумее. Нафіга? Там жа нічога няма
Яшчэ працуючы ў піцэрыі, Павал задумаў правесьці ў Сан-Францыска сваю выставу. Яму, замежніку без аніякіх кантактаў, зрабіць гэта ўдалося прасьцей і хутчэй, чым у Беларусі.
Ён пазнаёміўся з уладальнікам адной галерэі, дзе выстаўляюцца фатографы-пачаткоўцы, і паказаў сваю сэрыю White Silence. Таму спадабалася, і яны дамовіліся наконт выставы.
«Калі ў новым чалавеку бачаць пэўны патэнцыял, яму будуць дапамагаць у арт-супольнасьці, — кажа Павал.
На адкрыцьцё ягонай выставы прыйшло каля ста чалавек. Некалькі прынтаў нават набылі. Па 700 даляраў кожны.
«Мяне гэта неверагодна зьдзівіла, што нехта набыў прынты невядомага ім фатографа», — кажа Павал.
Цяпер хлопец рыхтуе да выставы першую частку з «Амэрыканскай малітвы». Гэтыя здымкі ён адабраў са сваіх падарожжаў па заходніх штатах. Фатаграфаваў месцы, якія яго чаплялі. Асаблівасьць гэтай сэрыі — у нешараговым поглядзе на побытавыя рэчы, якія амэрыканцы ня бачаць як цікавыя.
«Тое самае здараецца, калі амэрыканцы прыяжджаюць у Беларусь: яны пачынаюць фоткаць рэчы, на якія я ніколі не зьвяртаю ўвагі, таму што яны для мяне звычайныя, — кажа Павал. — Тое самае са мной. Калі я кажу, што еду здымаць дарогі Нэвады, мала хто мяне разумее. Нафіга? Там жа нічога няма».
Адных высілкаў для твайго посьпеху ў Беларусі недастаткова
Ці стаў бы Павал Церашкавец такім самым пасьпяховым фатографам, каб застаўся ў Беларусі? Сам ён у гэтым вельмі сумняецца.
«У Амэрыцы ты ўсяго можаш дасягнуць, — кажа Павал. — Тут такія ўмовы, што стараесься выходзіць за зону свайго камфорту, каб дабіцца большага. У любой сфэры. А ў Беларусі — у мяне такое адчуваньне, што ад цябе залежыць недзе 50 адсоткаў. І адных тваіх высілкаў недастаткова».
У Беларусі ён заўжды адчуваў межы для прафэсійнага росту. Менавіта таму, лічыць Павал, шмат хто і зьяжджае з краіны.
«Рэалізаваць сябе на высокім узроўні ў Беларусі цяжка», — кажа фатограф.
Наступная мэта Паўла — зарабляць выключна ад мастацкіх здымкаў. Ужо сёньня прыбытак ад продажу прынтаў складае ці ня большую частку ягонага даходу.
Пры сваёй пасьпяховасьці Павал кажа, што заўжды жыве ў адчуваньні пэўнай незадаволенасьці. Яна і стымулюе яго разьвівацца ў майстэрстве.
«Пакуль ёсьць такое адчуваньне, ты расьцеш, — кажа ён. — Як толькі табе пачынае падабацца твая праца, ты перастаеш разьвівацца. А я заўжды адчуваю, што магу рабіць яшчэ лепей. Гэта мяне штурхае наперад».