Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніца падрабляла грошы на прынтэры — з-за крэдытаў трапіла ў даўгавую яму


Рэчыцкі раёны суд пакараў 47-гадовую настаўніцу малодшых клясаў з аграгарадку Зарэчча пяцьцю з паловай гадамі турэмнага зьняволеньня — за падробку беларускіх грошай.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба Гомельскага абласнога суду.

Яшчэ зімою настаўніца ў адной з крамаў аграгарадку разьлічылася за прадукты самаробнай стотысячнай купюраю. Падазроную банкноту выявіла ўважлівая прадавачка. Паведамілі міліцыі. Падчас ператрусу дома ў пэдагога сканфіскавалі кампутар і каляровы прынтэр, а таксама падробкі банкнотаў наміналам 50 тысяч, 100 тысяч і 200 тысяч беларускіх рублёў. Надрукаваны былі і 100 даляраў. Выявы сурагатных грошай у каляровым і чорна-белым варыянтах былі і на аркушах паперы.

Падробкі былі невысокай якасьці, паколькі друкаваліся на звычайным каляровым прынтэры кроплева-струйным спосабам.

Як высьветлілася, настаўніца ўзяла некалькі крэдытаў і трапіла ў цяжкае фінансавае становішча. Праз даўгі яна і арганізавала хатнюю друкарню.

Самаробнымі грашыма настаўніца разьлічвалася ў крамах і на пошце. Апрача таго, фальшыўкі яна падкладвала састарэламу бацьку, забіраючы ў яго сапраўдныя грошы — гэта кваліфікавана сьледзтвам і судом як крадзеж.

У выніку суд прызнаў настаўніцу вінаватай у крадзяжы, вырабе, захоўваньні і збыце фальшывых грошай. Адсюль і пакараньне — пяць з паловай гадоў калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Вырак раённага суду яшчэ не займеў юрыдычнай моцы — настаўніца мае права на яго перагляд у вышэйшай судовай інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG