Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі судзілі за рэпост матэрыялу аб удзеле СССР у акупацыі Польшчы ў 1939 годзе


У Пермі вынесены першы ў рэгіянальнай практыцы прысуд па крымінальнай справе аб рэабілітацыі нацызму: мясцовы жыхар Уладзімір Лузгін прысуджаны да штрафу ў 200 тыс. руб. за рэпост на старонцы «Вконтакте» артыкулу «15 фактаў пра бандэраўцаў, або Пра што маўчыць Крэмль». Суд палічыў, што ў артыкуле ўтрымліваюцца загадзя ілжывыя факты аб сумесным нападзе СССР і Германіі на Польшчу 1 верасьня 1939 году і аб разьвязваньні гэтымі дзяржавамі Другой сусьветнай вайны. Гэтыя сьцьвярджэньні, як вырашыў суд, супярэчаць фактам, выкладзеным у прыгаворы Нюрнбэргскага трыбуналу.

У рамках расьсьледаваньня быў дапытаны і бацька Ўладзіміра Лузгіна, які паказаў, што яго сын крытыкаваў палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны

У якасьці сьведкі абвінавачаньня па справе быў дапытаны дэкан гістарычнага факультэта Пермскага дзяржаўнага гуманітарна-пэдагагічнага універсітэту Аляксандр Вярцінскі. Вярцінскі зрабіў выснову, што ў матэрыяле ўтрымліваюцца загадзя ілжывыя зьвесткі аб дзейнасьці СССР падчас Другой сусьветнай вайны, а выказваньні, якія зьмяшчаюцца ў ім, «не адпавядаюць пазыцыі, прызнанай на міжнародным узроўні». У рамках расьсьледаваньня быў дапытаны і бацька Ўладзіміра Лузгіна, які, сярод іншага, паказаў, што яго сын крытыкаваў палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны.

Суд прыйшоў да высновы, што ўзроўню ведаў Уладзіміра Лузгіна па гісторыі павінна было хапіць для ўсьведамленьня памылковасьці зьвестак, якія зьмяшчаюцца ў артыкуле: пра гэта, з пункту гледжаньня судзьдзяў, сьведчыць і ягоны школьны атэстат, дзе яго веды па гісторыі ацэнены на «добра». Таксама ў прысудзе згадваецца выснова комплекснай псыхоляга-лінгвістычнай экспэртызы пра тое, што мэтавай аўдыторыяй матэрыялу выступаюць «асобы, нэгатыўна настроеныя да афіцыйнай улады, прыхільнікі нацыяналістычных ідэяў», а аўтары «рэалізуюць мэту пераканаць» іх у супрацоўніцтве СССР з фашысцкай Германіяй.

Псыхоляга-лінгвістычная экспэртыза: «Мэтавай аўдыторыяй матэрыялу выступаюць асобы, нэгатыўна настроеныя да афіцыйнай улады, прыхільнікі нацыяналістычных ідэяў».


Суд указаў, што Ўладзімір Лузгін прадбачыў магчымасьць небясьпечных наступстваў у выглядзе ўзьдзеяньня на сьветапогляд неабмежаванага кола асоб, у тым ліку непаўналетніх, і фарміраваньня ў іх «устойлівага перакананьня аб нэгатыўнай дзейнасьці СССР» у Другой сусьветнай вайне.

У выніку Уладзімір Лузгін быў прысуджаны да штрафу ў памеры 200 тыс. руб., паведамляе «Коммерсант».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG