Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці чуваць у Беларусі рэха вайны ў Сырыі?


Ільяш: На мінулым тыдні ў Горадні быў пахаваны расейскі вайсковец, ураджэнец Беларусі Ўладзімер Бекіш, які загінуў у Сырыі. Бекіша хавалі пад расейскім сьцягам — ён, відаць, даўно меў расейскае грамадзянства, служыў у расейскай арміі. Як стала вядома СМІ ўжо на гэтым тыдні, Бекіш быў камандзірам роты выведкі 5 асобнай танкавай брыгады з Буратыі і, магчыма, удзельнічаў ня толькі ў вайне ў Сырыі, але і на Данбасе. На яго пахаваньні прысутнічаў вайсковы аташэ расейскай амбасады ў Менску.

Гісторыя з ураджэнцам Беларусі, які загінуў у Сырыі і быў пахаваны ў Беларусі, усе ж незвычайная для нас. Мы ведаем як беларусы гінулі на Данбасе, мы памятаем як Алеся Чаркашына, які ваяваў на баку Ўкраіны, хавалі ў Беларусі. Мы ведаем, дарэчы, што лік беларусаў, якія прымаюць удзел у вайне на Данбасе, ідзе на сотні, і ведаем пра крымінальны перасьлед некаторых беларускіх дабраахвотнікаў.

А вось удзел беларусаў у вайне ў Сырыі — гэта нешта выключнае. Хаця насамрэч там можа ісьці гаворка пра дзесяткі ўдзельнікаў вайны зь Беларусі. Нагадаю, што ў сьнежні 2015 году міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч казаў аб прыкладна дзесятку беларусаў, якія ваююць у Сырыі на баку «Ісламскай дзяржавы» (ІД). Улічваючы, што сілавікі звычайна такія лічбы заніжаюць, я рызыкну выказаць здагадку, што насамрэч іх больш. У тым жа сьнежні, дарэчы, паведамлялася пра тое, што на Ірацка-сырыйскай мяжы загінуў баявік ІД з Горадні Дзяніс Васільеў.

Акрамя таго, ёсьць так званая «Прыватная ваенная кампанія Вагнэра» — дэ-факта падразьдзяленьне наймітаў на службе расейскага ўраду, якія вясной штурмавалі Пальміру. Ёсьць інфармацыя, што ў гэтай кампаніі таксама ваююць беларусы.

Чамусьці ўсе аўтаматычна вырашылі, што гаворка ідзе выключна пра Данбас, але мне вось здаецца, што калі гэтыя 158 спраў сапраўды існуюць, то гэта тычыцца ня толькі вайны ва Ўкраіне, але і ў Сырыі

Я таксама хацеў бы зьвярнуць увагу на нядаўнюю заяву кіраўніцтва КДБ аб тым, што распачата 158 крымінальных спраў супраць грамадзян Беларусі за найміцтва. У заяве не ўдакладнялася, дзе гэтыя найміты ваявалі. Чамусьці ўсе аўтаматычна вырашылі, што гаворка ідзе выключна пра Данбас, але мне вось здаецца, што калі гэтыя 158 спраў сапраўды існуюць, то гэта тычыцца ня толькі вайны ва Ўкраіне, але і ў Сырыі.

Але ў дадзеным выпадку я не хацеў бы засяроджвацца на асобных удзельніках Сырыйскага канфлікту зь беларускімі пашпартамі ці з беларускім паходжаньнем. Я хацеў бы засяродзіцца на агульным кантэксьце. Усё ж сырыйскі канфлікт — гэта ня проста грамадзянская вайна ў адной з арабскіх краін. Гэта канфлікт, да якога ў той ці іншай ступені маюць дачыненьне ўсе дзяржавы гэтага рэгіёну, краіны Захаду (у тым ліку ЗША, Вялікабрытанія і Францыя), а таксама Расея — наш саюзьнік па АДКБ. Нагадаю тут, што з расейскага боку ў мінулым годзе нават агучвалася (абсалютна папулісцкая, канешне) прапанова аб далучэньні Сырыі да Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Мы ведаем, што Майдан, анэксія Крыму і вайна на Данбасе моцна паўплывалі на Беларусь. І гаворка ідзе ня толькі пра ўдзел сотняў беларусаў у ваенным канфлікце з абодвух бакоў, але і пра грамадзка-палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя наступства.

А што з вайной у Сырыі? Зразумела, я не прапаную параўноўваць значнасьць для нас гэтых двух канфліктаў. Але як вы лічыце, калегі, ці чутна ў Беларусі рэха вайны ў Сырыі? Нас нешта зьвязвае з гэтым канфліктам ці для нас гэта, так бы мовіць, зусім іншая плянэта?

Дракахруст: Вы маеце рацыю, што рэха ёсьць, і яно навідавоку хаця б у тым сэнсе, што хай сабе дзясяткі ці некалькі дзясяткаў беларусаў там ваююць. А калі хоць дзясятак ваюе на баку ІД, то гэта вельмі сур’ёзны чыньнік. Аднак мне здаецца, што вастрыня новых законаў, якія былі прынятыя ў траўні, якія фактычна крыміналізуюць любы ўдзел беларуса ў баявых дзеяньнях за мяжой без дазволу дзяржавы, скіраваная менавіта на Данбас.

Бо для тых, хто ваюе ў Сырыі, насамрэч хапала і дзейных законаў. Бо тыя, хто ваюе на баку ІД — гэта ўвогуле тэрарысты. А законы супраць тэрарызму былі ў Беларусі і раней. Аднак з тымі, хто ваюе на ўрадавым, а фактычна на расейскім баку — там сытуацыя адрозная ад Данбасу. Бо ў Данбасе Расея фармальна ні ў чым ня ўдзельнічае. У Сырыі яна ваюе афіцыйна. І таму тыя, хто ваюе на расейскім баку, альбо клясычныя найміты, як тыя ж байцы кампаніі Вагнэра, альбо зьяўляюцца салдатамі расейскай рэгулярнай арміі.

Адносна Данбасу гэты закон утрымлівае выразны палітычны пасыл — нежаданьне крыўдзіць ні Маскву, ні Кіеў. Таму і прапанаваная ўнівэрсальная формула — на якім бы баку не ваяваў, усё роўна злачынца. Наколькі яна ўнівэрсальна дзейнічае — мы ведаем, што не зусім. Але прынамсі юрыдычная формула ёсьць.

калі людзі ваююць нават у статусе наймітаў, але фактычна пад расейскім сьцягам, а тым больш у пагонах расейскай арміі, то беларуская дзяржава сто разоў падумае, ці прыцягваць да адказнасьці такіх людзей

Наконт вайны ў Сырыі — у такой сымэтрыі няма патрэбы. Падабацца «Ісламскай дзяржаве» беларуская дзяржава не зьбіраецца. З другога боку, калі людзі ваююць нават у статусе наймітаў, але фактычна пад расейскім сьцягам, а тым больш у пагонах расейскай арміі, то беларуская дзяржава сто разоў падумае, ці прыцягваць да адказнасьці такіх людзей. І хутчэй за ўсё гэтага ня будзе — закон будзе інтэрпрэтаваны такім чынам, што гэта ня той выпадак.

Значнасьць, асабліва ідэалягічная, гэтай вайны на парадак ніжэй для Беларусі, чым вайны ў Данбасе. Справа ў тым, што беларусы ў прынцыпе шмат дзе ваявалі, і з дазволу дзяржавы, і без асобага дазволу. Памятаеце, была інфармацыя, як беларускія лётчыкі-найміты ў Кот д’Івуары ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях. У Лібіі пасьля скіданьня Кадафі таксама былі затрыманыя беларусы, якія прынамсі падазраваліся ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях. Так што беларусы ў розных месцах фігуруюць, і гэта ніколі не стварала сур’ёзных палітычных праблемаў. Усё ж такі Данбас перакрывае сырыйскае рэха, але, магчыма, данбаская сытуацыя, яе матывацыя кагосьці цягне і ў Сырыю паваяваць на тым ці іншым баку.

Глод: Згодны і зь Ігарам, і зь Юрыем, што рэха сырыйскай вайны ў Беларусі значна цішэйшае за вайну ўкраінскую. Канечне, дакладную лічбу беларусаў-удзельнікаў канфлікту ў Сырыі, мабыць, не назавуць і ў КДБ Беларусі. Бо тыя найміты, якія адважваюцца на такія ўчынкі, зразумела, не аб’яўляюць пра свае намеры. Наадварот, яны хаваюць гэта. Таму і рэакцыя на Сырыйскія падзеі ў беларускім грамадзтве такая слабенькая. Дзесьці даволі далёка ад нас ваююць, што яны там не падзялілі — не зусім зразумела. Ды і наагул Лукашэнка гэтай тэмы не закранае, менскай групы па Сырыі, у адрозьненьне ад групы па Ўкраіне, няма.

І гэта пры тым, што Менск і Дамаск падтрымліваюць прыязныя стасункі на дзяржаўным роўні. Амбасада Беларусі ў Сырыі лічыцца адной з самых актыўных у гэтым рэгіёне. Паміж краінамі існуе супрацоўніцтва, у тым ліку і ў вайсковай галіне. Амбасада Сырыі ў Беларусі таксама працуе, хоць цікава, што папярэдні кіраўнік дыпмісіі на самым пачатку падзеяў перайшоў на бок памяркоўнай апазыцыі.

Аднак гэта дэталі. А цяпер пра агульны кантэкст Сырыйскага канфлікту і магчымыя ягоныя наступствы для Беларусі. Мне падаецца, найперш рэха Сырыйскага канфлікту можа праявіцца ў Беларусі праз уцекачоў. Усім вядома, што з Сырыі ў іншыя краіны сьвету імкнуцца ўцекачы. Але ахвотных спыніцца ў Беларусі пакуль зусім няшмат.

Урад Беларусі вядзе інтэнсіўныя перамовы з Упраўленьнем вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у кірунку павелічэньня патоку перамяшчэньня асобаў сырыйскага паходжаньня, якім прадстаўляецца жыхарства ў Беларусі

Праўда, партыя БНФ 19 сакавіка заклікала ўрад прадухіліць прыток мігрантаў з Сырыі. У партыйнай заяве адзначаецца, што за час вайны ў Беларусь прыбыло больш за 300 уцекачоў адтуль. Але прэцэдэнт створаны. Урад Беларусі вядзе інтэнсіўныя перамовы з Упраўленьнем вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у кірунку павелічэньня патоку перамяшчэньня асобаў сырыйскага паходжаньня, якім прадстаўляецца жыхарства ў Беларусі. Адначасова прымаюцца заканадаўчыя захады ў кірунку спрашчэньня атрыманьня статусу ўцекача і прытулку ў Беларусі. А гэта стварае рэальную базу для перасоўваньня ў Беларусь вялікіх груп насельніцтва Сырыі.

Магчымасьць для гэтага цяпер ёсьць. Але, я ня думаю, для значнай часткі сырыйцаў Беларусь стане такой жа жаданай краінай, як Нямеччына альбо Швэцыя.

Другі сырыйскі аспэкт — гэта вайсковыя дзеяньні. Фармальна Беларусь ня ўдзельнічае ў канфлікце, а па сутнасьці ў грамадзянскай вайне, якая разгарнулася ў Сырыі. Але Беларусь падтрымлівае дзеяньні Расеі ў Сырыі па барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. Пра гэта заявіў напрыканцы кастрычніка мінулага году міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Ён падкрэсьліў, што міжнародны тэрарызм — гэта выклік усяму чалавецтву. А для Беларусі барацьба з тэрарызмам зьяўляецца адной з прыярытэтных задачаў.

Беларусь, як і Расея, уваходзіць у АДКБ. І ня выключана, што Масква будзе прымушаць сваіх хаўрусьнікаў падтрымаць яе. Пры гэтым, зразумела, Крэмль ня будзе называць сапраўднай мэты эскаляцыі — падтрымка рэжыму Асада, а будзе спасылацца на неабходнасьць разгрому ІД. Што, паводле спадара Макея, і ёсьць адной з прыярытэтных задачаў Беларусі.

Калі такое адбудзецца, то тады рэха сырыйскай вайны значна мацней адгукнецца і ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG