Дабрачынная імпрэза для дзяцей у адной з магілёўскіх кавярняў завяршылася зьяўленьнем міліцыянтаў і зьняволеньнем на паўтары гадзіны арганізатараў. Відэаролік з інцыдэнтам, выкладзены ў інтэрнэт, праглядзелі некалькі тысяч чалавек. Адзін з удзельнікаў канфлікту Максім Кандраценка заяўляе, што зробленае відэа — гарантыя ягонай бясьпекі.
Нагодай для інцыдэнту, як вынікае з аповеду 31-гадовага магілёўца, стала нежаданьне міліцыянтаў называць сябе і прад’яўляць пасьведчаньні. Міліцыянты, кажа ён, паводзілі сябе з выклікам. Сваё зьяўленьне яны патлумачылі паведамленьнем пра парушэньне грамадзкага парадку.
Па словах Максіма, у кавярні «Рэспубліка» творчыя асобы пэрыядычна ладзяць дабрачынныя імпрэзы. На адну зь іх 22 чэрвеня і «завіталі» чацьвёра міліцыянтаў. На ёй зьбіраліся рэчы для дзіцячага дому, а ў дзяцей, якія прагульваліся па пешаходнай вуліцы Ленінскай, была магчымасьць атрымаць кубак гарачай какавы за малюнак на асфальце.
«Атмасфэра была сьвяточная. Мы былі задаволеныя, што зьбіраем рэчы для дзіцячага дому, а людзям падабалася назіраць за тым, што адбывалася ля нашай кавярні. Усё было як у Эўропе — усё для чалавека. Гэтым разам мы запрасілі гітарыста. Усё было спакойна. Мы ведалі, што ёсьць патрабаваньне, каб пасьля 20 гадзінаў не шумець. Наша ж імпрэза праходзіла каля шостай вечара», — згадвае Максім.
Міліцыянты выпытвалі, ці ўзгодненая імпрэза з уладай
«Чаму раптам зьявілася міліцыя, для нас было загадкай. Як нам патлумачылі, паступіў званок на пульт, што нехта, нібыта, парушае грамадзкі парадак. Зразумела, нам не сказалі, хто скардзіўся. Я крыху ведаю людзей, якія жывуць у доме, дзе месьціцца кавярня, — ніхто раней не пратэставаў супраць нашых акцыяў і ня скардзіўся на шум. Я сёньня выпытваў у іх, ці перашкаджалі мы ім. Тыя, з кім я гаварыў, заявілі, што міліцыю яны не выклікалі».
«Было пытаньне ад міліцыянтаў, ці ўзгодненая акцыя з уладай, — працягваў аповед Максім. — Я паспрабаваў патлумачыць: мы ж не праводзім мерапрыемства на тысячу чалавек. У нас, даводзіў я, удзельнікі — мінакі, якія пастаялі ля кавярні, паслухалі музыку і разышліся».
Як зазначае суразмоўца, першы міліцыянт, які задаваў пытаньне пра нашу імпрэзу, паказаў пасьведчаньне. Паспрабаваў давесьці, што акцыя праводзіцца незаконна і парушаецца грамадзкі парадак.
«Хаця нам не было зразумела, чым канкрэтна мы парушаем закон, — выказаў сумнеў наконт правамернасьці дзеяньняў міліцыі Максім. — Але паколькі прагучалі прэтэнзіі, мы вырашылі згарнуць нашу акцыю, каб не ўскладняць сытуацыю».
Калі імпрэзу ўжо згарнулі, у гутарку ўмяшаўся яшчэ адзін міліцыянт, які, паводле Максіма, паводзіў сябе з выклікам. Ён адмаўляўся прад’яўляць пасьведчаньне, але пры гэтым дзёрзка патрабаваў, каб Максім прад’явіў яму свой пашпарт.
Відэа зь міліцыяй — гарантыя маёй бясьпекі
«Я крыху ведаю, што міліцыянты могуць запатрабаваць пашпарт, калі чалавек у нечым абвінавачваецца, а мне ніякіх абвінавачваньняў не выстаўлялі. Мая адмова прад’явіць пашпарт міліцыянтам не спадабалася. Я зразумеў, што складваецца няпростая сытуацыя і пачаў здымаць на відэа, што адбывалася. Падумалася, што мяне могуць забраць, і я нікому не дакажу сваёй невінаватасьці. Я рабіў відэа не дзеля сваёй папулярнасьці, але дзеля сваёй бясьпекі. Калі б справа дайшла да суду, я сваё відэа паказаў бы як доказ сваёй невінаватасьці», — тлумачыць Максім.
«Міліцыянты пратэставалі. Даводзілі, што я ня маю права іх здымаць, і службовыя будынкі здымаць таксама забаронена, — апавядае суразмоўца. — Зь іх слоў вынікала, што ў мяне наагул няма правоў. Я прасіў, каб яны спаслаліся хаця б на адзін нарматыўны дакумэнт, які мне забараняе іх здымаць. А яны гэтага не маглі зрабіць. На маё патрабаваньне выклікаць старшага прыехаў прапаршчык».
Далейшае разьвіцьцё інцыдэнту, кажа Максім, паказала, што міліцыянтаў ужо не цікавіла сама імпрэза, якая, нібыта, парушала грамадзкі парадак.
«Пытаньне было ўва мне. Хаця, калі была імпрэза, я знаходзіўся на сваім працоўным месцы і зусім быў ні прычым. Прапаршчык прад’явіў мне пасьведчаньне, але прыкрыў сваё прозьвішча. Я папрасіў яшчэ раз паказаць пасьведчаньне. Але ад мяне запатрабавалі пашпарт, а потым зьвінавацілі ў тым, што я не выконваю законных патрабаваньняў супрацоўнікаў міліцыі і зацягнулі ў службовую машыну мяне і чалавека, які здымаў, што адбывалася».
Міліцыянты казалі, што ім не падабаюцца «дужа разумныя»
У міліцыі, па словах Максіма, іх пратрымалі паўтары гадзіны. Ніякіх дакумэнтаў не складалі.
«Яны ня ведалі, што мне выставіць у якасьці абвінавачваньня. Я ня быў нападпітку, не мацюкаўся. Дзякуючы відэа я магу даказаць, што я не мацюкаўся. Я дужа рады, што існуе гэты ролік. Міліцыянты хацелі яго выдаліць і выдалілі, але мы яго аднавілі.
«Праз паўтары гадзіны нас выпусьцілі без выбачэньняў. Я не зразумеў з-за чаго я паўтары гадзіны свайго жыцьця правёў у міліцыі. Потым міліцыянты падыходзілі і апраўдваліся. Казалі, што яны ня дужа любяць разумных, маўляў, самі вы вінаватыя. „Трэба было жыць спакойна. Папрасілі вас нешта зрабіць, дык зрабіце“. Мне такая схема паводзінаў не падабаецца», — зазначае Максім.
Уразіла, што шмат людзей чакалі мяне ля пастарунка
Нямала людзей былі сьведкамі інцыдэнту зь міліцыяй, кажа ён. «Народ у нас маўклівы, але некаторыя спрабавалі давесьці міліцыянтам, што тыя ня маюць рацыі. Многія людзі чакалі мяне ля пастарунка. Мяне гэта ўразіла. Мы разам грамадой, як ішлі, дык абмяркоўвалі інцыдэнт».
«Відэа з паводзінамі міліцыянтаў я зьбіраюся выкласьці і на сайт Упраўленьня ўнутраных спраў, каб кіраўніцтва паглядзела, што ў нас творыцца, — дадае Максім. — Няхай яны навучаць сваіх падначаленых кантактаваць з простымі законапаслухмянымі людзьмі. Яны ж нас абараняюць, але чамусьці мы іх баімся. Ды й відэа я здымаў, бо непакоюся за сваю бясьпеку».
«Я выклаў ролік у інтэрнэт, каб максымальная колькасьць людзей пабачыла, як паводзіць сябе міліцыя. Каб людзі выказаліся на гэты конт. Я ўпэўнены, што ролік глядзелі і прадстаўнікі ўлады. Яны, відаць, апраўдвалі ў камэнтарах дзеяньні міліцыі. Хаця звычайныя людзі, не зусім падкаваныя юрыдычна, зразумелі, што адбываецца нешта ня тое. І потым, калі гэта відэа ў інтэрнэце, то яго ніхто ня зможа забраць. Я дапускаю розныя правакацыі, таму ролік — гарантыя маёй бясьпекі».
Няхай міліцэйскае начальства разьбярэцца са сваімі падначаленымі
«Хацелася б, каб міліцэйскае начальства разабралася ў сытуацыі, і калі іх падначаленыя парушылі закон, то ім ня месца ў міліцыі, — настойвае Максім. — У мяне не да ўсіх міліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце, прэтэнзіі. Некаторыя паказвалі свае пасьведчаньні і спрабавалі тлумачыць, у чым мая віна. А некаторыя паводзілі сябе дужа груба. Мы не заслужылі такога абыходжаньня».
Суразмоўцу ўразілі паводзіны міліцыянтаў. Максім пагаджаецца, што сваімі паводзінамі міліцыянты дэманстравалі ўладу над людзьмі. «Безумоўна міліцыянт надзелены ўладай, але ён мусіць заставацца чалавекам. Не абавязкова за нейкае парушэньне адразу „вязаць“ і везьці ў турму. Я так і не зразумеў, навошта міліцыянты так сябе паводзілі», — заключае суразмоўца.
У кавярні Максім — барыста. Як ён зазначае, творчыя магілёўцы самі прыходзяць у кавярню і прапануюць арганізаваць імпрэзы. Кліентам, заўважае Максім, гэта падабаецца. Многія, кажа ён, адзначаюць па-эўрапейску разьняволеную атмасфэру.
«Мы і назвалі кавярню „Рэспублікай“, каб падкрэсьліць сваю індывідуальнасьць ды адметнасьць. Калі наша „Рэспубліка“ можа некаму дапамагчы, то яна дапамагае», — зазначае пацярпелы ад міліцыянтаў Максім.
Міліцыя: барысту адпусьцілі, бо парушэньняў не было
Па афіцыйную вэрсію канфлікту Свабода зьвярнулася ў аддзяленьне ўнутраных спраў Ленінскага раёна Магілёва. У аддзяленьні інфармацыі і грамадзкіх сувязяў прадставілі афіцыйны камэнтар за подпісам палкоўніка міліцыі Паўла Сьмірнова.
У прэс-рэлізе адзначаецца, увечары 22 чэрвеня на гучную музыку ў міліцыю паскардзіўся мясцовы жыхар, які жыве на вуліцы Ленінскай. Музыка замінала яму, жонцы і ягонаму 10-месячнаму дзіцяці. Калі на месца прыйшлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы, іх скіравалі ў кавярню, якая праводзіла ўдзень арт-пляцоўку.
«Аднак, замест таго, каб дапамагчы разабрацца ў сытуацыі, ён (дырэктар кавярні — Р.С.) адмаўляўся назваць свае дадзеныя або прад’явіць супрацоўнікам дакумэнты, якія пацьвярджаюць ягоную асобу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Аўтапатруль палка ППСМ УУС, які прыбыў на месца, суправадзіў маладога чалавека ў пункт аховы правапарадку для высьвятленьня асобы і «далейшага разбору па сутнасьці сытуацыі».
«Пасьля высьвятленьня асобы, а таксама з-за адсутнасьці іншых падстаў (у тым ліку адміністрацыйнага правапарушэньня) ён быў адпушчаны», — сказана ў прэс-рэлізе.