Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін скардзіўся Лукашэнку, што мала сьпіць


Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, што мала сьпіць.

Падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка пацікавіўся, як справы ў расейскага лідэра. «Нармальна ўсё?» — спытаў ён.

«Нармальна. Сплю мала. Пазаўчора спаў чатыры гадзіны, а ў гэтую ноч — пяць гадзін», — адказаў Пуцін.

«Дрэнна», — сказаў яму Лукашэнка, перадае тэкеканал «Звезда».

Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Пуціным, што неабходна зьняць абмежаваньні ва ўзаемным гандлі з Расеяй.

«Павышэньню стабільнасьці нашых эканомік, росту дабрабыту беларусаў і расейцаў спрыяла б зьняцьце яшчэ існуючых некаторых абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі», — цытуе БелТА Лукашэнку.

Ён падкрэсьліў, што эканамічны крызіс павінен згуртаваць удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прымусіць іх разьвіваць супрацоўніцтва, ўнутраныя вытворчыя ланцужкі, не канкураваць, а ўзаемадзейнічаць на зьнешніх рынках:

«Рашэньне гэтых задач у беларуска-расейскай „двойцы“ дапаможа разьвіцьцю іншых фарматаў інтэграцыйнага абʼяднаньня».

Таксама Лукашэнка паведаміў, што таваразварот з Расеяй ў 2016 годзе працягвае зьніжацца.

«Мы ня ўтойваем, ні Расея, ні Беларусь, што пераламаць нэгатыўную дынаміку ва ўзаемным таваразвароце дагэтуль не ўдалося, хоць намецілася станоўчая тэндэнцыя. Спадзяюся, што падчас сумеснай працы мы зможам адшукаць рэзэрвы для замацаваньня станоўчай дынамікі», — цытуюць Лукашэнку РИА Новости.

За чатыры месяцы гэтага года таваразварот паміж краінамі зьнізіўся на 12%, параўнальна з аналягічным пэрыядам мінулага года да 7,6 мільярда даляраў, пры гэтым беларускі экспарт зьнізіўся на 6%, а імпарт з Расеі на 15%.

Уладзімер Пуцін лічыць добрым сыгналам павелічэньне фізычных абʼёмаў таваразвароту Расеі і Беларусі:

«Фізычныя абʼёмы павялічыліся. Вартасныя крыху скарачаюцца. А вось фізычныя абʼёмы павялічваюцца. Гэта вельмі добры сыгнал».

Паводле Пуціна, у мінулым годзе фіксавалася падзеньне таваразвароту дзьвюх краін. Аднак ў 2016 годзе ён пачаў аднаўляцца.

Падчас сустрэчы кіраўнікі Беларусі і Расеі абмяркуюць пытаньне пра цану на расейскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь, паведаміў прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG