Карэспандэнт Свабоды наведаў Валянціну Быкаву ў рэанімацыі нэўрахірургічнага аддзяленьня Віцебскага абласнога шпіталя.
Лекары з нэўрахірургічнага аддзяленьня ацэньваюць стан пабітай невядомым сястры Васіля Быкава як цяжкі.
У сястры пісьменьніка дыягнаставаная посттраўматычная пнэўманія, выкліканая наступствамі пераломаў рэбраў. Пакуль трэба адпампоўваць вадкасьць зь лёгкіх, яе будуць лекаваць ва ўмовах рэанімацыйнага аддзяленьня. Потым, ёсьць верагоднасьць, яе перавядуць зноў у Вушацкі шпіталь.
Апрача рэбраў зь левага боку, у Валянціны Ўладзімераўны зламаныя плечавая костка зьлева і запясьце правай рукі. Засталося шмат гематомаў, на адной руцэ гіпс.
Яна пры памяці, але не да канца выйшла са стрэсавага стану. Пазнае людзей, размаўляе зь лекарамі, распавядае, што зь ёю здарылася.
З жахам згадвае напад, які ўчыніў невядомы рабаўнік 27 траўня:
— Я пачула шоргат у бакоўцы, убачыла нейкі цень. Пайшла паглядзець. На мяне нехта накінуўся ззаду, схапіў за галаву, потым за горла, калі я закрычала. А потым шпурнуў мяне, я ўпала, ударылася, пабілася аб парог. Нягоднік уцёк, я яго не разгледзела і не пазнала.
За пару дзён да здарэньня Валянціна Быкава атрымала пэнсію. Можа, на гэтыя два зь нечым мільёны і паквапіўся зламысьнік.
Аднавяскоўцы зь вёскі Ваўчо Ушацкага раёну кажуць, што цяпер таксама баяцца нападаў. Раней нічога падобнага тут не здаралася.