Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Быкава ў стане стрэсу, у яе пералом правай рукі і трох рэбраў


Валянціна Быкава
Валянціна Быкава

89-гадовая сястра пісьменьніка знаходзіцца ў рэанімацыйным адзьдзяленьні Вушацкага раённага шпіталю. Да яе не пускаюць пабочных асобаў, а бліжэйшыя сваякі — сыны Васіля Быкава — жывуць адзін у Менску, другі ў Гародні.

Апякуецца Валянцінай Уладзімераўнай яе суседка, спадарыня Тацяна. Яна мэдык, і ёй удалося трапіць да Валянціны Быкавай у рэанімацыю.

«Цёця Валя мяне пазнала, але яна ў стане моцнага стрэсу. Натуральна, яна дужа напалохалася і ператрывала вялікі боль! У яе зламаная правая рука і тры рабрыны зь левага боку, вельмі шмат гематомаў, усё сіняе. У шпіталь прыходзілі работнікі Вушацкага райвыканкаму. Усе лекары адчуваюць адказнасьць, стараюцца. Кажуць, што ўсе неабходныя мэдыкамэнты ў іх ёсьць, і яны імкнуцца падтрымаць Валянціну Ўладзімераўну — зьбіралі ўчора лекарскую нараду, ёй увесь час ставяць кропельніцы... Пакуль яна ў рэанімацыі, ніякія асабістыя рэчы ёй не патрэбныя. Есьць яна вельмі мала — крыху ёгурту, крыху кашы. Адчуваецца, што стрэс у яе быў дужа вялікі, яна вельмі перажывае, нэрвуецца», — апавяла Свабодзе спадарыня Тацяна.

Суседка гаворыць, што пасьля нападу раніцай 27 траўня Валянціна Быкава яшчэ здолела сама выклікаць хуткую дапамогу. Нападніка яна ня бачыла: пачуўшы нейкі шоргат у бакоўцы хаты, дзе ў яе захоўваецца бульба, яна выйшла паглядзець зь ліхтарыкам... Нападнік накінуўся ззаду, заціснуў ёй рот, каб не крычала, заламаў руку, некалькі разоў ударыў.

Забраўшы кабету ў шпіталь, хуткая дапамога перадала зьвесткі пра напад у міліцыю. Паводле суседкі, у хаце ўсё засталося некранутым: відавочна, нападнік уцёк, і да рабаўніцтва не дайшло.

Як праводзіцца сьледзтва па гэтым факце, даведацца не ўдалося: тэлефон мясцовага ўчастковага інспэктара Вушацкага РАУС Аляксея Барадулькі не адказвае. А ў афіцыйную міліцэйскую зводку па Віцебскай вобласьці гэтае здарэньне ня трапіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG