Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае Курапаты


Калі я паказала свайму бацьку фота старой маладэчанскай турмы ў кнізе Міхася Чарняўскага пра Расьціслава Лапіцкага, ягонай першай рэакцыяй было: “Пасьля вайны мы з маці сюды прыносілі перадачы бацьку”...

Восеньню будзе 23 гады, як майго дзеда Васіля Соўся няма ў гэтым сьвеце. І мне дагэтуль чамусьці падрабязна не расказалі, за што і колькі ён сядзеў у маладэчанскай турме за сталінскім часам.

Зь дзіцячых успамінаў застаецца толькі, як дзядуля Васіль расказваў, як да саветаў ён і бабуля зараблялі за дзень працы на ўласным млыне столькі, што за гэта можна было купіць карову. Мая бабуля Люба любіла гаварыць: “Каб не бальшавікі, мае дзеці вучыліся б Вільні, альбо ў Варшаве”… Усе трое яе дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю ў Менску, але яна ўсё роўна згадвала Вільню і Варшаву.

Яна ніколі не расказвала ўнукам пра тое, колькі і чаму пасьля вайны сядзеў мой дзед Васіль. У той маладэчанскай турме, дзе катавалі Расьціслава Лапіцкага, пра падпольную антысавецкую арганізацыю якога напісаў дасьледчык паваеннага антыбальшавіцкага супраціву гісторык Міхась Чарняўскі. А, можа, яны сядзелі ў адной камэры? А, можа, перакінуліся позіркам ў турэмным калідоры...

У Маладэчне ў будынку, дзе раней месьцілася турма, цяпер знаходзіцца архіў. Ня так далёка ад яго – музычная вучэльня, дзе выкладала музыку мая стрыечная цёця Сьвятлана Соўсь. Восем гадоў таму, калі на “Свабодзе” пачынаўся цыкль “Палітычная геаграфія”, я захацела быць першай і паехала ў Маладэчна. Спынілася ў цёці і, разглядаючы старыя фотаальбомы, доўга ўглядалася ў твары сваіх прадзедаў па бацьку. Мяне ўразілі шляхетныя паўусьмешкі, прыгожая вайсковая форма, стыльныя жаночыя сукенкі і глыбокія позіркі. За гэта дакладна маглі пасадзіць… Засынаючы ў чыстай і вялікай хаце ў ложку з накрухмаленымі белымі прасьцінамі, я адчула моцную настальгію па сям’і, якой насамрэч ня ведала, але заўсёды інтуітыўна адчувала.

У дзень сьмерці Сталіна мая бабуля Людміла Няхай (Акуліч) разам са сваім сынам (зводным братам маёй маці) спалілі партрэт вусатага правадыра. За сталінскім часам быў расстраляны яе бацька Максім Акуліч – настаўнік з Бабруйску. Я любіла няродную мне па крыві бабулю Люсю, але яна мне так ніколі так і не расказала пра расстрэл яе бацькі. Баялася, як баялася мая родная бабуля Люба, расказаць, чаму ў маладэчанскай турме сядзеў мой дзед Васіль Соўсь.

Напэўна, ня толькі пра гэтыя, але і пра шэраг іншых не расказаных мне лёсаў я думала, калі ў верасьні 2001-га пачала амаль штодня прыходзіць у Курапаты. І ня толькі таму, каб рабіць чарговы рэпартаж пра абарону ўрочышча падчас будаўніцтва кальцавой дарогі. А таму, што адчула, што гэта мае Курапаты.

Як і многія беларусы, я дагэтуль ня ведаю ўсёй праўды пра маіх рэпрэсаваных продкаў.

Урочышча пад Менскам – гэта мая расплата за маўчаньне маіх дзядоў і маіх бацькоў.

Гэта мае Курапаты…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG