Лінкі ўнівэрсальнага доступу

56 заяваў за дзень, каб вучыцца па-беларуску


Ноч у чарзе, каб патрапіць у беларускамоўную гімназію
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:16 0:00

У менскай беларускамоўнай гімназіі № 23 прайшоў першы дзень прыёму заяў ад бацькоў, чые дзеці сёлета пойдуць у першы кляс.

Прымаць пачалі ў 15:00, але, каб трапіць у сьпіс прэтэндэнтаў, бацькі станавіліся ў чаргу амаль за суткі — а дзявятай вечара напярэдадні. У першы ж дзень на пяцьдзясят месцаў у двух паралельных клясах гімназіі запісалася 56 чалавек.

Падача заявы на прыём у першую клясу — гэта і кароткая гутарка з самім будучым першаклясьнікам. Таму бацькі ідуць разам зь дзецьмі. Пасьля першага «ўступнага іспыту» віншаваньні прэтэндэнту пад нумарам адзін дастаюцца Францішку і ягонай матулі Натальлі Сьвяткінай. Натальля — колішняя гарадзенка. Кажа, што іхняя сямʼя стала ў чаргу першай — а дзявятай вечара:

Натальля і Францішак Сьвяткіны падалі заяву першыя, стаялі ў чарзе амаль суткі
Натальля і Францішак Сьвяткіны падалі заяву першыя, стаялі ў чарзе амаль суткі

«Ад дзявятай вечара муж стаяў, пасьля мяняліся, пасьля іншыя людзі сталі падыходзіць. Гэтак першыя падалі дакумэнты, бо мы вельмі хацелі. Мы беларуская сямʼя, я займалася адкрыцьцём беларускай клясы ў Горадні, але так атрымалася, што пераехалі сюды, і не пайсьці ў беларускую школу было б нельга. Для нас перадусім гэта асяродзьдзе, гэта дзеці і іх бацькі, і, безумоўна, беларуская мова. Калі ведаеш родную мову, то і іншыя добра пойдуць. Але мы тут крыху „не па прапісцы“, таму хваляваліся вельмі».

Менская гімназія № 23 — адна са старэйшых навучальных устаноў сталіцы, месьціцца ў цэнтры гораду — на праспэкце Незалежнасьці, побач з плошчай Якуба Коласа. Сярод гімназіяў, і ня толькі беларускамоўных, лічыцца адной з самых прэстыжных. Таму, разам зь усімі іншымі, вучацца тут дзеці многіх вядомых літаратараў, навукоўцаў, дыпляматаў, чыноўнікаў.

Нібыта пацьвярджаючы такую рэпутацыю, у гімназіі зьяўляецца вядомы гісторык і журналіст з сынам, каб напісаць заяву ў пятую клясу. Просіць на гэтую тэму пакуль не размаўляць — каб не сурочыць.

А неўзабаве з пакоя, дзе прымаюць дакумэнты, выходзіць Мілана Міхалевіч з будучай першаклясьніцай, малодшай дачкой Аленай:

Мілана і Алена Міхалевічы. Вучыцца ў беларускай гімназіі — сямейная традыцыя
Мілана і Алена Міхалевічы. Вучыцца ў беларускай гімназіі — сямейная традыцыя

«Для нас гэтае пытаньне нават не стаяла, у якую школу ісьці — мы размаўляем па-беларуску, наша старэйшая дачка сёлета скончыла дзявятую клясу гэтай жа гімназіі. Будзем спадзявацца, што і малодшую прымуць. І дарэмна кажуць, што па-беларуску цяжка вывучаць фізыку, да прыкладу, альбо хімію. Фізыка — яна на любой мове фізыка. Цяжка, калі не вучыцца, а гэта ад мовы не залежыць».

На разьвітаньне малодшая зь Міхалевічаў ахвотна дэклямуе верш пра маму па-беларуску. А на прыступкі гімназіі падымаецца новы прэтэндэнт на званьне першаклясьніка: Арцём Рабушка прыйшоў разам з матуляй, татам і малодшай сястрычкай. Мама Ганна прызнаецца, што ў сямʼі размаўляюць па-расейску, а тата Сяргей дадае, што родную мову будзе ўспамінаць — і цяпер вучыцца ў сына.

У першую клясу — усёй сямʼёй Рабушкаў
У першую клясу — усёй сямʼёй Рабушкаў

«З кожным днём беларуская мова ўсё больш уваходзіць у нашае жыцьцё, і беларускамоўная гімназічная падрыхтоўка для дзіцяці будзе толькі на карысьць, і нават ня толькі яму, але яшчэ і нам», — кажа спадарыня Ганна. А спадар Сяргей дадае, што проста перакананы ў пэрспэктыўнай будучыні беларускай мовы.

Сямʼя Рабушкаў таксама будзе «дастаўляць» свайго першаклясьніка на вучобу зь іншага раёну гораду. У гімназію даяжджаюць дзеці з розных, самых аддаленых ад цэнтру мікрараёнаў Менску — Каменная горка, Уручча, Малінаўка, Лошыца і нават з бліжэйшых прыгарадаў, такіх, як Ратамка. Прыходзяць дзеці ня толькі ў першыя і пятыя — гімназычныя клясы, але і ва ўсе іншыя, кажа дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч:

Дырэктар гімназіі Ірына Пасюкевіч
Дырэктар гімназіі Ірына Пасюкевіч

«Я працую два гады і магу сказаць, што цікавасьць да гімназіі ўзрастае — з боку бацькоў і першых, і пятых клясаў. І ўвогуле на вольныя месцы прыходзяць дзеці ва ўсе клясы. Літаральна сёньня тэлефанавалі бацькі, каб атрымаць месца для дзіцяці ў адзінаццатай клясе, хоць месцаў у старэйшых клясах і не было сёлета. Мне як кіраўніку заўсёды прыемна, калі прыходзяць бацькі і дзеці, зацікаўленыя ў разьвіцьці і дзіцяці, і ўстановы адукацыі. Таму мы будзем старацца задаволіць усе заявы, якія да нас паступаюць. Летась гэта было на 98%, а сёлета спадзяемся, што задаволім, магчыма, і на ўсе сто. І на сёньня маё сэрца сагрэтае тым, як складаюцца адносіны паміж дзецьмі, настаўнікамі і бацькамі, як адбываецца адукацыйны і навучальны працэс у нашай гімназіі. Я лічу, што беларуская мова ў грамадзтве будзе разьвівацца і надалей, бо ў гэтым зацікаўленыя многія людзі».

У першы дзень заявы ад бацькоў у першыя клясы беларускамоўнай гімназіі № 23 прымалі да позьняга вечара. І будуць прымаць усё лета, аж да 31 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG