Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовыя прыярытэты ўлады: хакей – футбол


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Паглядзеў вось Чэмпіянат сьвету па хакеі, дзе наша зборная паказала найгоршы вынік за апошнія гады, а думкі думаю пра футбол беларускі і задаю сам сабе пытаньнечка: чаму футбол, спорт нумар 1 ва ўсім сьвеце, на мілай Бацькаўшчыне зусім ня нумар 1? Чаму прыярытэт аддадзены хакею?

Хакейныя палацы паўстаюць нават ня ў самых вялікіх раённых гарадах, кшталту Шклова, а ў сталіцы няма ніводнага прыстойнага стадыёна для гульняў фармату Лігі Чэмпіёнаў ці Нацыянальнай зборнай.

Шматпакутны стадыён «Дынама» пасьля заяваў пра рэканструкцыю зьведаў скандалы са зьменамі як інвэстараў, так і саміх праектаў рэканструкцыі. Шырокаабвешчаная пабудова Нацыянальнага стадыёну на месцы «Трактара» буксуе ў глыбокай каляіне. Тым часам хакейная «Мінск-Арэна» была ўзьведзеная ў рэкордныя тэрміны.

На праект хакейнага «Дынама» і пацешныя Калядныя турніры выдаткоўваюцца велізарныя дзяржаўныя грошы, тым часам самы пасьпяховы апошняе дзесяцігодзьдзе футбольны праект БАТЭ збольшага зарабляе сам.

Увага ўлады да хакейнай нацыянальнай каманды нашмат больш пільная, чым да футбольнай зборнай Беларусі.

Ясна, што прыярытэты вызначае самы галоўны аматар спорту – прэзыдэнт Лукашэнка. Дык чаму ўсё ж хакей, але не футбол.

Усё расьце зь дзяцінства. Неяк рэжысэр Віктар Асьлюк прызнаўся мне, што хлопцы зь ягонай вясковай школы ды ён сам проста трымцелі пры трансьляцыі матчаў хакейнай зборнай СССР, уяўляючы сябе Харламавым, Фірсавым, Рагуліным. Ды я й сам памятаю, выразаў фота хакеістаў з газэт і наклейваў у сшытак. Хакеісты былі нацыянальнымі героямі. «В хоккей грают настоящие мужчины…», сьпявалася ў вядомай песьні.

Такі быў час. Хакей любіў тагачасны Генэральны сакратар КПСС Леанід Брэжнеў. Хакей на роўні з балетам ды атамнай бомбай зьяўляўся аргумэнтам ў палітычным супрацьстаяньні сыстэмаў. Думаю, што ўвага і захапленьне Лукашэнкі хакеем – такога самага кшталту: мары цяжкога калгаснага дзяцінства, якія яму пашчасьціла неяк рэалізаваць, будучы ўжо далёка ня хлопчыкам. Футбол мог дазволіць сабе любы вясковы хлапец, а вось хаця б наведаць хакейны матч была для гэтага хлапца нязбытная мара.

Гэта першы, так сказаць, ірацыянальны матыў Лукашэнкі на карысьць хакея, але не футбола.

Іншыя больш рацыянальныя. Цесныя адносіны з Расеяй прымушаюць таксама трымацца расейскіх стандартаў, дзе хакей – чыньнік нацыянальнага ладу жыцьця. Як той казаў, суворыя ўральскія мужыкі гарэлку закусваюць лёдам…

У нас гарэлку закусваюць ня лёдам, але й мы стараемся, «Мінск-Арэна» – адна зь лепшых паводле наведнасьці ў Эўропе.

Калі браць спартовы міжнародны аспэкт, то ў хакеі значна меншая канкурэнцыя, чым у футболе, ня варта нават параўноўваць колькасьць краінаў, што разьвіваюць гэты від спорту з колькасьцю краін, што складаюць ФІФА, а гэта значыць, ёсьць магчымасьць быць у элітным хакейным пуле і такім чынам рэклямаваць уласную палітычную мадэль.

Яшчэ адзін матыў – гэта тое, што хакей даволі дарагі від спорту і ў нашых умовах цалкам падкантрольны дзяржаве, якая грошы на разьвіцьцё гэтага спорту выдае зь бюджэту і адпаведна, патрабуе абсалютнай падпарадкаванасьці. Зьяўленьне ў хакеі новага клюбу – выключная прэрагатыва цэнтральнай альбо мясцовай улады. У хакеі немагчымыя такія сюрпрызы, як зьяўленьне практычна ніадкуль ФК «Крумкачы», а сюрпрызаў і некантраляваных грошай наша ўлада ня любіць ні ў якой галіне.

Футбол як спорт, у адрозьненьне ад хакея, абсалютна дэмакратычны й свабодны. На яго ня трэба браць дазвол. Ёсьць мяч, ёсьць пляцоўка і людзі самаарганізуюцца для гульні. Футбол, як бы не хацела ўлада, спорт нумар 1 паводле папулярнасьці ня толькі ў сьвеце, але і ў Беларусі. Такая ўжо ягоная прырода. Колькасьць гледачоў на трыбунах нашых футбольных стадыёнаў, нават пры ня самым якасным чэмпіянаце, усё роўна большая за ўсе астатнія віды спорту. Лукашэнка ня любіць чужой папулярнасьці, нават калі гэта не асоба, але від спорту.

Думаю, ёсьць яшчэ асабістая крыўда Лукашэнкі на футбол. Пад час наведаньня ім футбольнага адборачнага матчу паміж Беларусьсю й Нідэрляндамі 7 чэрвеня 1995 году (дарэчы, нашы выйгралі 1-0) цалкам запоўнены стадыён «Дынама» квітнеў нацыянальнымі, але не чырвона-зялёнымі сьцягамі, і пад час дыктарскай аб'явы, што на матчы прысутнічае прэзыдэнт Лукашэнка, падняўся такі сьвіст-стогн, што заглушыў узьнёслы дыктарскі голас. Думаю, ён гэты факт не забыў.

І апошняе: страхі ўлады. Вядома, што футбольныя заўзятары, у адрозьненьне ад хакейных ці якіх іншых, найбольш арганізаваныя, дынамічныя і радыкальныя ў сваіх акцыях. Як бы ні працавалі зь імі спэцслужбы, татальны кантроль за футбольнымі фанамі немагчымы, таму што там зьбіраюцца людзі, гатовыя думаць і дзейнічаць. Лідэры фанацкіх груповак нараджаюцца самастойна, але не прысылаюцца з БРСМ. Адпаведна, ідэалягічныя схемы, што прапаноўваюць фанам спэцслужбы апошнімі часам, выкідаюцца ў сьметніцу. Падзеі ва Ўкраіне гэта яскрава засьведчылі, як ні стараліся ўлады зьнізіць градус яднаньня беларускіх і ўкраінскіх фанаў, нічога не атрымалася. Тыя пэрфомансы, што мелі месца ў Барысаве й Львове на матчах нацыянальных каманд, паказалі маштаб і шчыльнасьць гэтай фанацкай салідарнасьці й супрацы, што зусім напалохала беларускі рэжым.

Вядомыя факты, калі людзі зь беларускіх фан-груповак бяруць удзел у вайсковых дзеяньнях у Данбасе на баку Ўкраіны, а гэта зусім іншы парадак, зброя й ваенны досьвед мяняюць кантэкст. Гэта значыць, што ўвогуле футбольныя фанаты, як зьява, тояць у сабе небясьпеку для беларускага рэжыму, бо зь іхнага асяродку, цалкам верагодна, выйдуць пасіянарыі, якія будуць у стане ўзначаліць рэвалюцыйны супраціў у час ікс. Гэта значыць, што гэтыя людзі могуць стаць моцным крэатыўным рэвалюцыйным цэнтрам з падрыхтаванымі схемамі паводзінаў у трывожны час, як гэта адбылося ва Ўкраіне на Майдане й пасьля яго. А гэта страшны сон асабіста для Лукашэнкі.

Спаць бяз страшных сноў – «дорогого стоит», таму пакуль асноўную падтрымку ўлады будзе мець хакей. А футбол – гульня народная, яна, як і мае быць, належыць народу. Як наша надзея на лепшае й вольнае жыцьцё. Гуляйце ў футбол, спадарове.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG