Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтная зброя беларусаў


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Водгук на кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе», ад пісьменьніка Ўладзімера Арлова.

Як вядома з гісторыі, дый з сучаснасьці, мова абараняе межы дзяржавы мацней за любую армію. Гэта заўсёды цудоўна разумеюць тыя, для каго згаданыя межы — ня больш чым нейкі палітычны казус, які трэба раней ці пазьней выправіць.

У мяне ў руках выдадзеная летась у Маскве (а найверагодней, дзе-небудзь у нашым завугольлі) кніжэнцыя нейкіх господ К.Авяр’янава-Мінскага і У.Мальцава «Белорусский национализм против русского мира». Адзін з разьдзелаў мае, трэба меркаваць, застрашлівую для замоўцаў і спажыўцоў такой чытаніны назву — «Популяризация белорусского языка». Сярод рассаднікаў «заразы» некалькі разоў фігуруе галерэя «Ў», дзе — страшна падумаць! — праводзяцца курсы «Мова нанова».

Мыю з мылам рукі пасьля гэтае кніжэнцыі, каб узяць у рукі сапраўдную і даўно чаканую мной кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», складзеную з тых дакладных, дасьціпных, бліскуча аргумэнтаваных і вельмі часта проста бліскучых наагул тэкстаў, якія я два гады раздрукоўваў зь сеціва, завёўшы для іх адмысловую тэчку...

Даведаўшыся, што рыхтуецца кніга, мы зь сябрам наважыліся прапанаваць сваю назву — «Сакрэтная зброя беларусаў». Аўтар абраў іншую, але гэта ані не зьмяншае эфэктыўнасьці самой «зброі» — пагатоў, калі яна ў руках у аднаго з найлепшых, на маю думку, яе знаўцаў у цэлым сьвеце.

Прэзэнтацыя Вячоркавай кнігі (у маёй бібліятэцы яна ўжо заняла сваё ганаровае месца побач з «Жывой мовай» Юрася Бушлякова) адбудзецца ў той самай, небясьпечнай для «русского мира» галерэі «Ў». Калі не збаіцеся, прыходзьце і вы, господа Авяр’янаў-Мінскі і Мальцаў. Ёсьць у мяне для вас цікавыя закладкі. Напрыклад, на старонцы 139.

19 траўня ў менскай галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя ўнікальнае кнігі — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Яе склалі выбраныя праграмы з аднайменнага цыклю, якія аўтар цягам апошніх двух гадоў рыхтаваў для Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG