Бацькі Джамалы (сцэнічнае імя Сусанны Джамаладзінавай) фізычна не пасьпяваюць прымаць усе віншаваньні і адказваць на ўсе запыты журналістаў. З такой увагай ўкраінскай, расейскай і замежнай прэсы Галіна Тумасава і Алім Джамаладзінаў сутыкнуліся ўпершыню.
Пасьля перамогі Джамалы на песенным конкурсе «Эўрабачаньне-2016» 14 траўня ў Стакгольме, расейскія СМІ спрабуюць дыскрэдытаваць бацькоў сьпявачкі і даказаць «несумленнасьць» вынікаў конкурсу.
«Бацькі Джамалы шчасьліва і заможна жывуць ў Крыме»; «Джамаладзінавы галасавалі за ўзьяднаньне Крыму з Расеяй і цяпер карыстаюцца шырокімі льготамі»; «Крымскія ўлады рэкамэндуюць Джамале зьмяніць грамадзянства і вярнуцца ў Крым» — расейская мэдыя-прастора мільгаціць загалоўкамі такога кшталту.
Бацькі Джамалы ў інтэрвію сайту «Крым. Реалии» распавялі, як яны ставяцца да такіх заяваў.
«Я толькі хачу пажадаць усім расейцам і ўсім, хто кажа такое, — ня трэба зайздросьціць. Трэба навучыцца радавацца. І тады мы будзем жыць дружна, мірна і добра. Трэба парадавацца. Дарэчы, ніхто з уладаў да нас не прыяжджаў, не віншаваў. У адрозьненьне ад „Новай хвалі“. Тады, калі наша дачка выйграла ў гэтым конкурсе, былі і тэлеграмы ад ураду Крыму. А пакуль нас ніхто не віншаваў», — кажа маці Джамалы.
Пераможца «Эўрабачаньня-2016» на прэс-канфэрэнцыі распавяла пра тое, што каля дому яе бацькоў у Крыме дзяжураць расейскія журналісты.
«Каля нашага дому сьпяць журналісты каналаў „Расея“, „Москва24“, LifeNews. Яны там чакаюць. Гэта сапраўды нязручна, бацькі закрываюць дом і едуць да сваякоў, хаваюцца там. Гэта непрыемна. Яны адмаўляюцца даваць камэнтары», — распавяла сьпявачка.
Бацькі Джамалы не сумняваліся ў перамозе дачкі. Яны адзначылі, што вынікі «Эўрабачаньня-2016» парадавалі ў Крыме ня толькі крымскіх татараў.
«Былі дэлегацыі з Алушты, Сымфэропалю, Старога Крыму, усе віншавалі. Тэлефанавалі з Сымфэропалю, казалі, што там быў салют пасьля таго, як абвясьцілі вынікі конкурсу. Крымскія татары выдатна адсьвяткавалі гэтую перамогу. Але ня толькі, расейскамоўныя таксама былі, сяброўкі прыходзілі, усе віншавалі», — кажуць бацькі Джамалы.
Галіна Тумасава распавяла журналістам «Крым. Реалии», пра што яны размаўлялі з дачкой да і пасьля фіналу конкурсу.
«Яна казала мне: „Матуля, хто будзе прыходзіць — перадай усім вялікі дзякуй. Таму што, калі я выходзіла на сцэну, я адчувала, што за мной народ і я чула стук сэрцаў кожнага зь іх. І я перадавала іх голас“. Я думаю, што яе перамога згуртавала крымскіх татараў яшчэ больш. Нам нават тэлефанавалі людзі, зь якімі мы ня бачыліся 45 гадоў», — распавяла маці сьпявачкі.
«І многія людзі, зь якімі я сустракаўся, казалі мне, што чыталі малітвы. Бабулі гаварылі, што сядзелі на каленях і чыталі малітвы, каб перамагла Джамала, яны ўсе ёю ганарыліся», — адзначыў Алім Джамаладзінаў.
Апошні раз Джамала была ў Крыме ў 2014 годзе. Сьпявачка кажа, што «ня хоча выпрабоўваць лёс» і пакуль з бацькамі і сваякамі сустракаецца на мацерыковай частцы Ўкраіны.
Нацыянальны лідэр крымскіх татараў Мустафа Джамілеў, адказваючы на пытаньне журналіста «Крым. Реалии» пра тое, ці бясьпечна для Джамалы вяртацца ў Крым, параіў ёй ўстрымацца ад паездак да бацькоў.
«Я ня думаю, што яе там арыштуюць, але нельга гарантаваць, што ня будуць арганізаваныя нейкія правакацыі. Ад іх можна чакаць усяго што заўгодна. Я б ёй не рэкамэндаваў туды ехаць», — сказаў Джамілеў.
14 траўня ўкраінская сьпявачка крымскататарскага паходжаньня перамагла ў фінале міжнароднага песеннага конкурсу «Эўрабачаньне-2016». Перамогу сьпявачцы прынесла песьня «1944», якая распавядае аб масавай дэпартацыі крымскататарскага народу ў Сярэднюю Азію ў 1944 годзе.
Усяго па выніках галасаваньня нацыянальных журы краін-удзельніц «Эўрабачаньня-2016» і смс-галасаваньня гледачоў Джамала набрала 534 балы. На другім месцы — Аўстралія, на трэцім — Расея.
У 61-м песенным конкурсе «Эўрабачаньне» прымалі ўдзел 42 краіны, у фінал выйшлі прадстаўнікі 26 краін. Паводле правілаў Эўрапейскага вяшчальнага саюзу, краіна, прызнаная пераможцам, атрымлівае права ў наступным годзе прымаць конкурс у сябе, але можа адмовіцца ад гэтага.
Украіна ўжо прымала «Эўрабачаньне» — у 2005 годзе, пасьля таго, як у конкурсе «Эўрабачаньне-2004» перамагла ўкраінская сьпявачка Руслана.