Карбалевіч: 15-16 траўня Беларусь наведаў з двухдзённым афіцыйным візытам міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. У праграме знаходжаньня расейскага міністра былі сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем, з палітолягамі, прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый, а таксама студэнтамі і выкладчыкамі факультэта міжнародных адносін БДУ.
Паколькі візыт афіцыйны, то цалкам магчыма, што ён быў заплянаваны даўно, нічога надзвычайнага ў ім не варта бачыць. Па словах Макея, кіраўнікі МЗС дзьвюх краін сустракаюцца на рэгулярнай аснове, два разы на год, для таго каб абмеркаваць пытаньні двухбаковых адносінаў і ўзаемадзеяньне на міжнароднай арэне.
Лаўроў выказаў прэтэнзіі беларускаму боку за занадта самастойную замежную палітыку
З тых выказваньняў падчас афіцыйных сустрэч цяжка скласьці ўражаньне пра рэальныя праблемы, якія абмяркоўваліся падчас візыту. Але некаторыя падказкі былі зробленыя. Па-першае, Лаўрова цікавіла, у якой ступені Беларусь гатовая падключыцца да канфлікту Расеі з Захадам, НАТА у ваеннай сфэры, якія расейскія базы ці ўзбраеньні Беларусь гатовая разьмясьціць у сябе. Пакуль, думаю, гаворка ішла пра зандзіраваньне глебы ў гэтым кірунку.
Думаю, Лаўроў выказаў прэтэнзіі беларускаму боку за занадта самастойную замежную палітыку. Магчыма, расейскі міністар прыгадаў Лукашэнку ягоны візыт у Стамбул, сустрэчу за намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША.
Таксама, можна меркаваць, што абмяркоўваўся парадак дня саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу, які адбудзецца ў Астане 31 траўня, і візыту Пуціна ў Менск на Трэці форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі, які адбудзецца ў чэрвені. Масква зацікаўленая ўва ўзмацненьні свайго ідэалягічнага ўплыву, інстытуцыйнага пашырэньня «рускага сьвету». Лаўроў падчас сустрэчы ў БДУ паведаміў аб плянаваным адкрыцьці новага Расейскага цэнтру навукі і культуры ў Гомелі. Сёньня такія цэнтры працуюць у Менску і Берасьці. Верагодна, абмяркоўваўся канфлікт вакол цаны на газ — самы востры на цяперашні момант.
Дракахруст: Зьвярну ўвагу на тролінг з боку Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Лаўрова, хоць на першы погляд гэта выглядала самапрыніжэньнем. Калі Лукашэнка сустрэўся з расейскім міністрам, ён сказаў: мы спадзяемся, вы распавядзеце нам, што і як у сьвеце робіцца, мы ж тут сядзім у сваім куце, нічога не ведаем. Мне тут пачулася даволі зьедлівая іронія, што сьведчыць пра тое, што ідылічная карцінка, якую мы бачылі на мінулым тыдні, калі быў «саюзны саўмін», калі Лукашэнка сустракаўся зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым, вазіў яго на сваю малую радзіму, паіў бярозавікам, хавае жорсткае супрацьстаяньне, сутыкненьне інтарэсаў.
гэты візыт быў даўно заплянаваны, але яго скарысталі магчыма для незаплянаваных мэтаў
Многія экспэрты гаварылі, што падчас гэтых перамоваў даволі прадметна ішла размова наконт таго, чым Беларусь можа падтрымаць Расею ў яе супрацьстаяньні апошняй амэрыканскай ініцыятыве — стварэньню супрацьракетнага шчыта ў Румыніі і Польшчы. Экспэрты кажуць пра магчымы ўдзел Беларусі ў адказе Расеі — гэта, хутчэй за ўсё авіябаза і разьмяшчэньне ўстановак «Іскандэр», якія «прабіваюць» амаль усю Польшчу.
Так, гэты візыт быў даўно заплянаваны, але яго скарысталі магчыма для незаплянаваных мэтаў. Я б зьвярнуў увагу на адзін антуражны момант, які супаў з візытам расейскага госьця: гэта заява па БТ намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігара Бузоўскага, былога БРСМаўца. Даўно так канцэптуальна чыноўнікі не казалі пра тое, што ёсьць у Беларусі засільле расейскіх СМІ і гэта нядобра.
Мы бачылі апошнія падзеі, заявы — адкрыцьцё ў Менску бюро «Спутніка», калі Дзьмітры Кісялёў прыяжджаў, заявы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч пра тое, што мы павінны працягваць інтэгравацца з Расеяй у інфармацыйнай сфэры. І тут заява Бузоўскага, усё ж больш высокага чыноўніка, якая гучыць насуперак гэтым крокам і заявам.
Цікава, што менавіта Бузоўскі, летась, калі прыяжджалі «Начныя ваўкі», іх сустракаў на Кургане Славы, рукі ім паціскаў. З чаго я раблю выснову, што заяву пра засільле расейскіх СМІ ён зрабіў не таму, што ў яго так душа баліць на гэты конт. Ён проста агучыў лінію, якая была вызначаная на ўзроўні, значна вышэйшым за ягоны. Так што кантэкст візыту расейскага госьця быў даволі востры.
Цыганкоў: Афіцыйныя справаздачы пра сустрэчу Лукашэнкі і міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з Лаўровым былі вельмі расьцягнутыя, можна нават сказаць цьмяныя, насычаныя стандартнымі шаблённымі фармулёўкамі. Можна сказаць, што гэта дыпляматыя, гэта палітыка, што так заўсёды бывае — але не зусім так.
ЗША зрабілі гэтыя крокі, якія вельмі раздражняюць Маскву, і Масква яўна рыхтуе рэакцыю
Сапраўды, падчас сустрэчаў прарываюцца даволі шчырыя выказваньні ўдзельнікаў, асабліва ў Аляксандра Лукашэнкі. Яго не трэба за язык цягнуць, калі хоча, дык можа выказацца пра тое, што было па выніках перамоваў. На гэты раз нічога істотнага не тычылася, на пытаньні Лаўроў не адказваў, і магчыма, што даволі сур’ёзныя пытаньні абмяркоўваліся, якія не захацелі прадставіць публіцы.
Перш за ўсё выглядае, што гэта разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай авіябазы, цяпер яно, магчыма, зьмяняецца, як імаверны адказ на разьмяшчэньне супрацьракетных установак у Польшчы і Румыніі. Натуральна, што гэтая тэма не магла не абмяркоўвацца. ЗША зрабілі гэтыя крокі, якія вельмі раздражняюць Маскву, і Масква яўна рыхтуе рэакцыю і прамацвае глебу, ці магчыма нейкім чынам свой адказ зьвязаць з Беларусьсю.
У пытаньні з ваеннай авіябазай Масква апяклася, калі гучна заявіла пра такія намеры і нават рашэньні, а потым беларускія чыноўнікі заяўлялі, што гэтай тэмы ўвогуле не існуе. На гэты раз Масква, безумоўна, не хоча трапляць у такую сытуацыю.