Праграмны дырэктар па Беларусі Фонду Конрада Адэнаўэра Вольфганг Зэндер лічыць, што Беларусь не павінна прымаць чый-небудзь бок у канфрантацыі Захаду і Расеі.
«Беларусь рана ці позна можа сутыкнуцца з сытуацыяй, калі прыйдзецца выбіраць. А сутнасьць шматвэктарнай палітыкі якраз у тым, каб не прымаць нейкага боку. Таму ў інтарэсах Беларусі, каб і Захад, і Расея трымалі Беларусь удалечыні ад канфрантацыі. Таму трэба захаваць статус-кво зь незалежнай і сувэрэннай Беларусьсю», — заявіў ён у Менску на канфэрэнцыі па бясьпецы ў рамках ініцыятывы «Менскі дыялёг».
Паводле слоў Зэндэра, разьмяшчэньне расейскага ваеннага кантынгенту ў Беларусі прывядзе да больш інтэнсіўнай рэакцыі з боку НАТО.
«Гэта ня толькі павысіць узровень недаверу, але і павялічыць пагрозу выпадковай вайны. Разьмяшчэньне расейскіх войскаў будзе несьці пагрозу бясьпецы ў рэгіёне. Прычым значэньне тут будзе мець не непасрэдная пагроза ад войскаў (дастаткова памятаць пра Калінінград), гэта будзе мець вялікае сымбалічнае значэньне», — падкрэсьліў ён.