Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы камандуючы НАТО ў Эўропе паабяцаў стрымліваць Расею і падтрымліваць Украіну


Керціс Скапароці
Керціс Скапароці

Сілы НАТО павінны быць «гатовыя біцца, калі стрымліваньне не спрацуе» — новы галоўнакамандуючы сіл альянсу ў Эўропе Керціс Скапароці.

У Эўропе — новы галоўнакамандуючы сіл НАТО. Філіпа Брыдлава на гэтай пасадзе зьмяніў Керціс Скапароці. Амэрыканскі генэрал, яшчэ будучы кандыдатам на гэтую пасаду выступаў за прадстаўленьне Ўкраіне сьмяротнай зброі. Чаго ж варта чакаць ад новага камандуючага Ўкраіне і Эўропе ў цэлым?

Новы камандуючы, якога папярэдні кіраўнік сіл НАТО ў Эўропе Філіп Брыдлаў у Твітэры называе сябрам, абяцае працягваць лінію свайго папярэдніка: «НАТО зрэагавала на агрэсіўныя дзеяньні на ўсходняй мяжы. Генэрал Брыдлаў укараніў, я думаю, вельмі важныя абарончыя канцэпцыі і зьмены ў баявой падрыхтоўцы. Я маю намер іх прадоўжыць», — заявіў Керціс Скапароці.

Раней генэрал казаў, што лічыць Расею самай вялікай пагрозай для Злучаных Штатаў і падтрымлівае пляны разьмясьціць у Эўропе дадатковую групу амэрыканскіх вайскоўцаў. А яшчэ на слуханьнях у Кангрэсе ў красавіку прапаноўваў адправіць амэрыканскі авіяносец у Міжземнае мора — пасылаючы такім чынам стратэгічны сыгнал.

Што да расейцаў, важна быць вельмі пасьлядоўным і выразным, удакладняе новы камандуючы: «Мы павінны камунікаваць. Гэта тое, як мы можам пазьбегнуць няшчасных выпадкаў або пралікаў. Але мы чакаем, што яны будуць прытрымлівацца міжнародных нормаў і міжнародных законаў. Пакуль гэтага ня будзе, нашы камунікацыі будуць абмежаванымі».

Скапароці пра Ўкраіну

Яшчэ да свайго прызначэньня Скапароці ацэньваў і падзеі ва Ўкраіне. ЗША павінны пастаўляць Кіеву сьмяротную зброю, у тым ліку супрацьтанкавыя ракетныя комплексы, заяўляў Скапароці. Падчас сваёй першай прэс-канфэрэнцыі на новай пасадзе, генэрал пацьвярджае — Украіну трэба падтрымліваць. Генэрал абяцае высьветліць, якое менавіта ўзбраеньне найбольш неабходнае ўкраінскай арміі для абароны сувэрэнітэту краіны.

Задача новага камандуючага — умацоўваць абарону ў Эўропе, пасьля многіх гадоў зьмяншэньня ваеннай прысутнасьці ЗША на кантынэнце. Цяпер у Эўропе 65 000 амэрыканскіх салдат, а ў часы «халоднай вайны» было 300 000.

Генэрал выступае за разьмяшчэньне трэцяй сталай брыгады амэрыканскіх войскаў у Эўропе, у дадатак да кантынгенту, які цяпер разьмешчаны ў Нямеччыне і Італіі. Да гэтага часу афіцыйны Вашынгтон памяншаў сваю прысутнасьць у Эўропе — і празь бюджэтныя праблемы, і праз новыя пагрозы на Блізкім Усходзе і ў Азіі. Але з-за дзеяньняў Расеі ў НАТО пачалі біць трывогу, найперш дзяржавы Балтыі і Польшча. Сілы альянсу павінны быць «гатовыя біцца, калі стрымліваньне не спрацуе», лічыць Скапароці.

На намеры ўмацаваць сілы НАТО ў Эўропе ўжо адрэагавалі ў Маскве. Расея абяцае ўзмацніць абарону на сваіх заходніх і паўднёвых межах.

Керціс Скапароці стаў васемнаццатым галоўнакамандуючым аб’яднаных сілаў НАТО ў Эўропе. Гэтая пасада зьявілася ў 1951 годзе, паводле традыцыі яе займае амэрыканец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG