Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва паведамляе пра яшчэ пяць інцыдэнтаў з расейскімі самалётамі над Балтыкай


Расейскі вайсковы самалёт Су-27
Расейскі вайсковы самалёт Су-27

У пэрыяд з 25 па 30 красавіка зьнішчальнікі НАТО пяць разоў падымаліся ў паветра для перахопу вайсковых расейскіх самалётаў у міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім морам. Пра гэта 2 траўня паведаміла Міністэрства абароны Літвы.

Паводле гэтых дадзеных, 26 красавіка зьнішчальнікі былі паднятыя па трывозе з авіябазы Шаўляй, каб суправадзіць Су-27, які вылецеў з Калінінграда. У абаронным ведамстве Літвы заявілі, што самалёт загадзя ня перадаў плян палёту, не выкарыстоўваў транспондэр і не падтрымліваў сувязь з цэнтрамі кіраваньня паветраным рухам.

27 красавіка зьнішчальнікі НАТО з авіябазы Шаўляй падымаліся для перахопу Іл-28. 28 красавіка зьнішчальнікі паветранай паліцыі НАТО двойчы перахаплялі расейскія Іл-18 і Іл-38. 29 красавіка зьнішчальнікі НАТО падымаліся ў неба для суправаджэньня Іл-20.

Раней Пэнтагон прывёў зьвесткі пра іншыя інцыдэнты з удзелам расейскіх вайсковых самалётаў. Так, 29 красавіка Су-27 у міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім морам выканаў элемэнт вышэйшага пілятажу «бочка» над самалётам ваенна-паветраных сіл ЗША. Падчас іншых красавіцкіх інцыдэнтаў у гэтым раёне расейскі зьнішчальнік праляцеў на адлегласьці каля 15 мэтраў ад амэрыканскага самалёта, а яшчэ два расейскія самалёты знаходзіліся ў небясьпечнай блізкасьці ад амэрыканскага авіяносца.

Пэнтагон назваў інцыдэнты «небясьпечнымі і непрафэсійнымі».

Расейскія афіцыйныя асобы заявілі, што інцыдэнты былі справакаваныя амэрыканскімі самалётамі і караблямі, якія рухаюцца паблізу ад межаў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG