Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя палічыла журналістаў удзельнікамі пікету. Будзе суд


Яўген Глаголеў-Васьковіч
Яўген Глаголеў-Васьковіч

Былога палітвязьня Яўгена Глаголева-Васьковіча і ягоную жонку Александрыну Глаголеву зьбіраюцца судзіць за асьвятленьне прафсаюзнага пікету ў Слоніме, які адбыўся 31 сакавіка.

Абаіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Карэспандэнт інтэрнэт-выданьня «Бабруйскі курʼер» Яўген Глаголеў-Васьковіч заяўляе, што ён і Александрына выконвалі на пікеце журналісцкія абавязкі.

Пратаколы адміністрацыйнага правапарушэньня былі дасланыя са Слоніма. Яўген і Александрына пасьпелі азнаёміцца зь імі ў Бабруйску.

«У пратаколе напісана, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі. Я лічу, што гэты пратакол складзены неправамерна, бо я выконваў свае журналісцкія абавязкі, асьвятляючы падзею, зьвязаную зь пікетам», — зазначае журналіст.

Александрына Глаголева, паводле Яўгена, фатаграфавала, як праходзіў пікет.

«Калі мы знаёміліся з пратаколам на Александрыну, то заўважылі ў матэрыялах справы паперчыну, на якой было напісана: „Сваю віну прызнаю і каюся“. Яе міліцыянт прасіў падпісаць. Александрына адмовілася, і міліцыянт тады пачаў казаць, што як яна не падпіша, то яго пакараюць».

Яўген кажа, што на Александрыну пратакол складаў слонімскі міліцыянт Аляксандар Навасад. Журналісты чакаюць позваў у суд.

Пікет у Слоніме, за які склалі пратакол на журналістаў
Пікет у Слоніме, за які склалі пратакол на журналістаў

Пасьля чатырох з паловай год турмы гэты пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні для Яўгена Глаголева-Васьковіча — першы. У 2011 годзе Яўгена асудзілі на сем гадоў калёніі за спробу падпалу бабруйскага аддзелу КДБ.

Рэдактар інтэрнэт-выданьня Анатоль Санаценка пацьвярджае, што Яўген Глаголеў-Васьковіч і ягоная жонка Александрына Глаголева выконвалі рэдакцыйнае заданьне па асьвятленьні пікету. Адпаведныя дакумэнты далучаныя да матэрыялаў справы.

У Слоніме пікет арганізавалі актывісты прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці на знак салідарнасьці са звольненым калегам Міхаілам Сошкам. Сошка працаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы, і адміністрацыя вырашыла зь ім не падаўжаць працоўнага кантракту. Акцыя прафсаюзьнікаў прайшла без інцыдэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG