Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вася, вы сееце абсалютную ерась», — інтэрнэт адрэагаваў на словы велагоншчыка, які назваў беларускую мову «мёртвай»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Вася, вы сееце абсалютную ерась», «чалавек мог увайсьці ў гісторыю як той, хто заваёўваў для краіны мэдалі, а ўвойдзе вось з „герастратавай“ славай, спаліўшы сваё імя», — беларускі інтэрнэт не стамляецца рэагаваць на словы велагоншчыка Васіля Кірыенкі, які ў сваім інтэрвію Радыё Свабода назваў беларускую мову «мёртвай».

Да абмеркаваньня далучыліся спартовыя аналітыкі Андрэй Вашкевіч і Ўладзімер Хільмановіч, а таксама вядомая прапагандыстка беларускай культуры, гішпанка Анхэля Эсьпіноса Руіс.

Як піша на сайце спартовай газэты «Прессбол» Андрэй Вашкевіч, ён «не зьбіраецца марнаваць час на тлумачэньне неабходнасьці вывучэньня беларускай мовы»: «Калі бацькі ня справіліся, то куды ўжо мне?» — задае журналіст рытарычнае пытаньне і працягвае:

Андрэй Вашкевіч
Андрэй Вашкевіч

«Мне проста няёмка, што вы, чалавек быццам не дурны, сееце сваімі псэўдалінгвістычнымі заявамі абсалютную ерась, дарма блытаючы людзей. Вася, ну вы ж былі ў Краіне Баскаў. Капянулі б глыбей моўнае пытаньне, замест таго каб усе высновы рабіць выключна паводле Мікеля Ланды Міены. Не, калі вам падабаецца басцкая, — вучыце на здароўе замест беларускай. Але толькі памятайце: паводле афіцыйных дадзеных, размаўляе на ёй зусім не 100% насельніцтва, а толькі 27%. Гэта значыць, каля 700 тысяч чалавек. І гэта пры тым, што за апошнія 20 гадоў у сукупнасьць захадаў, накіраваных на яе ажыўленьне, было ўкладзена нямала сілаў і сродкаў. Каб было больш зразумела, назавем іх проста „навязваньнем“. Толькі дзякуючы гэтаму „навязваньню“ працэнт тых, хто размаўляе на басцкай, вырас да 27% — ад 530 тысяч да 715 тысяч».

«У Беларусі, — працягвае Андрэй Вашкевіч, — за выключэньнем пачатку 1990-х, не было ніякай маштабнай дзяржаўнай праграмы разьвіцьця мовы і абсалютна ніякіх у яе ўкладаньняў. І нават пры гэтым, згодна з апошнім перапісам насельніцтва, прыкладна палова жыхароў НАШАЙ з вамі краіны назвала роднай „мёртвую мову“ Беларусі. Канкрэтна — 4 841 319 чалавек, Вася. З вамі і дачкой былі б 4 841 321, але вы высакародна выбралі ў якасьці „карыснай“ басцкую, якая, пэўна, мае ў вас нашмат большую патрэбу».

У мінулым спартовы тэлекамэнтатар, а цяпер аглядальнік Радыё Рацыя Ўладзімер Хільмановіч на словы Васіля Кірыенкі пра немэтазгоднасьць «беларусізацыі» адказаў наступным чынам:

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

«Наўрад ці Васіль Кірыенка ўсьведамляе, што ён абразіў адразу некалькі мільёнаў беларусаў. Недалёкім, мякка кажучы, выказваньнем адразу перакрэсьліў усё, што зрабіў для вядомасьці нашай краіны за мяжой сваімі спартовымі заваёвамі. Шкада, бо чалавек мог увайсьці ў гісторыю як той, хто заваёўваў ня толькі для сябе, але і для краіны мэдалі на трэку ці шашы, а ўвойдзе вось з такой «герастратавай» славай, спаліўшы сваё імя.

Канечне, яго зараз будзе ведаць значна большая колькасьць людзей. Да гэтага Кірыенку ведалі максымум пару тысяч заўзятараў спорту, а зараз будуць ведаць сотні тысяч беларусаў. Аднак цяпер яны пачнуць заўзець супраць гэтага велагоншчыка, хоць гэта і супярэчыць нармальнай прыродзе чалавека, самому прынцыпу перажываньня ў спорце. Аўра антысымпатыяў будзе вельмі моцная.

Наўрад ці ў гэтага велагоншчыка хопіць розуму публічна папрасіць прабачэньня. Таму прабачэньне суайчыньнікаў ён заслужыць толькі тады, калі яго дзеці ці ўнукі некалі скажуць: «Прабачце нашаму бацьку (дзеду) за абразу беларускай мовы і беларусаў!»

Даволі рэзка выказалася беларускамоўная гішпанка Анхэля Эсьпіноса Руіс, якая заявіла, што велагоншчык Кірыенка ня ведае моўнай сытуацыі ў Краіне Баскаў.

Анхэля, якая вывучае беларускую мову толькі ад 2013 году, піша і размаўляе па-беларуску, нават выдала збор вершаў «Раяль ля мора». Васіль Кірыенка нарадзіўся ў Рэчыцы на Гомельшчыне 35 гадоў таму, але родную мову так і ня вывучыў.

У інтэрвію Свабодзе славуты велагоншчык Васіль Кірыенка сказаў наступнае:

Васіль Кірыенка
Васіль Кірыенка

«У мяне супярэчлівае стаўленьне да беларускай мовы... Справа ў тым, што большую частку часу я знаходжуся ў Гішпаніі, акурат на мяжы з Краінай Баскаў. Яна афіцыйна не існуе як адміністрацыйная адзінка, але жыхары лічаць інакш: усяляк адмяжоўваюцца ад гішпанскай апекі, гавораць на сваёй мове. Дык вось мне цікавей было б ведаць іхнюю мову эўскера, чым сваю, беларускую. Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе.

Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку. Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не! Я некалі таксама вывучаў мову, нават пяцёркі меў, але пасьля школы яна мне нідзе не прыдалася! Хіба з палякамі кантактаваў, бо па-беларуску разумеюць, а больш гэтае веданьне ніякай практычнай карысьці не дало. Спрабаваць ажывіць нежывое — лішняе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG