Вуліца імя Тадэвуша Касьцюшкі, дом 49 — такая шыльда вісіць на франтоне хаты Фёдара Міхеева ў вёсцы Малое Запрудзьдзе. Гаспадар дому, які стаіць на вуліцы з афіцыйнай назвай «Савецкая», стала жыве ў Менску, але пры першай жа магчымасьці выбіраецца ў сядзібу «Шляхецкая Брама» — так ён называе сваё «гняздо» ў Валожынскім раёне.
Бабулькі кажуць: і ня ведалі, як правільна называецца наша вуліца
У Малым Запрудзьдзі ды яго ваколіцах спадар Міхееў — самая калярытная асоба. Вялікі, моцны; голас хрыплаваты, па-заліхвацку закручаныя вусы, неўтаймоўны характар, які патрабуе пастаяннага руху. Жытло і падворак стылізаваныя пад антураж Заходняй Беларусі «пры Польшчы» — адноўленыя мэбля, вопратка, музычныя прайгравальнікі і інструмэнты, трафэйныя матацыкл і аўтамабіль, нават бюсьцік Пілсудскага. Да 1939 году недалёка адсюль праходзіла польска-савецкая мяжа, таму антураж гэтага заходнебеларускага дому, лічыць гаспадар, цалкам лягічны. Дарэчы, у аналягічным стылі аздобленая і пуня, прыстасаваная пад клюб.
У бліжэйшых плянах — абсталяваць на пустцы экспазыцыю сярэднявечнай зброі, балазе, калекцыя ўнікальных інструмэнтаў ваеннага прызначэньня ў спадара Міхеева — ці ня самая вялікая ў краіне.
Фёдар Міхееў — ня толькі майстар на ўсе рукі што да ўласнай гаспадаркі і ня толькі знаўца гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён заснавальнік вядомага клюбу «Княжы Гуф» ды шэрагу ваенна-гістарычных аб’яднаньняў, якія займаюцца вывучэньнем і рэканструкцыяй дасьпехаў, строяў і прадметаў побыту ВКЛ XIV–XVI стагодзьдзяў. Апошнім часам акцэнтаваны на дзейнасьці клюбу «18-ты пяхотны полк ВКЛ».
Зьяўленьне калярытнай асобы ў шараговай вёсцы выклікала непрыхаваную цікавасьць з боку мясцовых жыхароў, для якіх Фёдар Міхееў стаў першаадкрывальнікам шмат якіх рэчаў:
«Некаторыя бабулі, пачытаўшы надпіс на маім доме, казалі: вось жа, а мы нават і ня ведалі, як правільна называецца наша вуліца. Аказваецца, вось так, — сьмяецца спадар Міхееў. — Па шчырасьці, магу сказаць: я тут прапісаны, і ў пашпарце назва вуліцы ўвогуле не пазначана. Хоць і гавораць, што нібыта Савецкая. Проста вёска Малое Запрудзьдзе, дом 49. І ўсё. То бок — толькі нумар будынка. Таму я ня думаю, што нешта моцна парушыў, „прысвоіўшы“ кавалку сваёй зямлі імя Тадэвуша Касьцюшкі».
Тутэйшыя шэпчуць, што з-за шыльды ў спадара Міхеева ўжо як быццам былі непаразуменьні зь мясцовай вэртыкальлю. Сам ён гэта адмаўляе, кажучы, што ў асобе старшыні Гародзькаўскага сельсавету Ганны Садоўскай мае аднадумцу:
«Вельмі прыемная жанчына, і ўвогуле пашанцавала, што яна ў нас такая ёсьць. Летась, праўда, меркавала, што ўжо будзе зьбірацца на заслужаны адпачынак, але так абставіны павярнуліся, што засталася. Чым мы, уласна кажучы, толькі задаволеныя».
Калі Касьцюшкі няма ў Менску, няхай будзе ў Малым Запрудзьдзі
Цікаўлюся ў гаспадара: чаму менавіта Касьцюшка? Фёдар Міхееў ляканічны — каб хоць такім чынам выправіць гістарычную несправядлівасьць:
«Чаму? Ды хоць бы таму, што ў Менску дагэтуль няма вуліцы Тадэвуша Касьцюшкі. Ганьба, інакш ня скажаш. Нават імя Кастуся Каліноўскага ёсьць, а Касьцюшка зусім забыты, выкрасьлены. Таму рашэньне доўга нават не абмяркоўвалася, паўстала само сабой».
Зрэшты, як жартуе суразмоўца, някепска было б увогуле зрабіць гэткую «касэтную» шыльду, у якую можна было б «зарадзіць» усіх беларускіх герояў, незаслужана забытых сучасьнікамі, і на прывязаныя да жыцьця даты зьмяняць назвы ў іх гонар.
Дом спадар Фёдара кідаецца ў вочы ня толькі выгоднай дысьлякацыяй на ўзвышшы і заўважнай шыльдай з Касьцюшкам, але і масіўнай брамай. За ёй і пачынаецца «іншы сьвет», створаны рукамі апантанага «рэканструктара часу»:
«Ніякай брамы адпачатку тут не было. Паставілі драўляную, але пралёт, ведаеце, амаль што 5 мэтраў шырынёй, таму праз колькі гадоў нешта ў канструкцыі лопнула, трэснула — добра, што яшчэ нікога не прываліла. Урэшце вырашылі зрабіць браму троху сур’ёзьней. І калі ўжо збудавалі, то адпаведна назвалі і ўсю сядзібу — «Шляхецкая Брама».
Сваю «крэпасьць» Фёдар Міхееў марыць ператварыць у наглядны ўзор жыцьця беларусаў на розных гістарычных этапах. Каб атрымаць статус экскурсійнай пляцоўкі, трэба з галавой акунуцца ў папяровую валакіту, на што шкада найперш часу. Але варыянтаў няма: толькі пасьля вызначаных працэдураў можна думаць над тым, як прыцягнуць увагу ня толькі аматараў даўніны, але і патэнцыйных фундатараў. Суразмоўца наракае: працуючы на палову стаўкі ў цэнтры дзіцячай творчасьці, самастойна цягнуць спадарожныя выдаткі праблематычна. А задумы ў спадара Міхеева глябальныя — праўда, упіраюцца ў незгаворлівасьць суседзяў:
«Ужо гадоў восем угаворваю адну бабульку — хачу купіць разваленую хату і надзел вакол. Нейкі час яна выкарыстоўвалася як хлеў, але ад колішняй гаспадаркі ўжо нічога не засталося — ні каня, ні каровы, ні сьвіней, ні козаў, нічога няма. Стаяць толькі руіны. У прынцыпе, ёй тая хата сто гадоў не патрэбная. Баіцца, што страціць гарод. Супакойваю, што на яе грады ня кваплюся, але не дапамагае. Тым ня меней старшыня сельсавету Ганна Францаўна кажа, што ня можа нічога зрабіць, пакуль гаспадыня ня дасьць згоды на продаж. Такія вось паддыванныя «цёркі».
Вясковая экзотыка часоў ВКЛ: трэбушэт, палінтон, катапульта
Тэхнічныя рознагалосьсі перашкаджаюць рэалізацыі задумы ні многа ні мала — нацыянальнага маштабу. Спадар Фёдар выношвае ідэю раскінуць тут самы вялікі ў краіне музэй сярэднявечнай зброі пад адкрытым небам. Чарцяжы крэсьліць проста ў паветры:
«Ідэя якая: вось гэты пагорак зрэзаць пад корань, два тыльныя ўчасткі з выступам запоўніць зямлёй і зраўняць узроўнем з дарогай. Паставіць вежу ў стылі канца XV — пачатку XVI стагодзьдзя, замкнуць куты, і на гэтай адасобленай тэрыторыі выставіць парк вайсковай тэхнікі эпохі сярэднявечча».
Суразмоўца запэўнівае: такой калекцыяй дасьпехаў, амуніцыі, зброі паводле ВКЛ-аўскіх узораў, якую ягоныя аднадумцы сабралі за дзясяткі гадоў, ня можа пахваліцца ніхто ў суседніх краінах — прынамсі на ўсход і поўдзень ад Беларусі:
«Якія экспанаты найперш? Трэбушэт, палінтон, катапульта з „лыжкай“ — ужо забытыя ў бальшыні назвы. Нешта ёсьць яшчэ, штосьці можна зрабіць. Думаю, было б цікава і карысна, бо нічога падобнага ў краіне так і ня зроблена. Магу адказна заявіць: на сёньняшні момант у нас самая вялікая калекцыя, якая ёсьць у Беларусі. Мала таго, у ніводным клюбе на тэрыторыі СНД няма такога збору, як у нас. Таму хацелася б, каб і людзі маглі пабачыць, і, калі атрымаецца, каб яно магло на старасьці прынесьці нейкую капейчыну. Для ўсяго неабходныя грошы — найперш як інструмэнт, каб нешта рэалізоўваць. Трохі падтрымліваць і сябе, але найперш — каб увасабляць „навязьлівыя ідэі“. Калі атрымаецца, будзе ня толькі прыемна, але і пойдзе на разьвіцьцё агульнай справы».
Свой першы ваенна-гістарычны клюб «Княжы Гуф» Фёдар Міхееў заснаваў у траўні 1999 году. Энтузіясты вывучаюць гісторыю часоў росквіту Вялікага Княства Літоўскага, вырабляюць дасьпехі, прадметы побыту і строі той эпохі. Сябры клюбу маюць багаты досьвед удзелу ў фэстывалях сярэднявечнай культуры ў Польшчы, Літве, Чэхіі і ў Беларусі, летась бралі ўдзел у рэканструкцыі бітвы пры Ватэрлоо ў Бэльгіі. Арганізатары фэсту «Заслаўскі набат», «Замак Гедыміна» ў Лідзе, сябры аргкамітэту фэстывалю «Наваградзкі Замак».
Удзельнікамі «Княжага Гуфа» вырабленыя першыя кідальныя машыны ў Беларусі, іх высілкамі арганізаваныя выставы дасьпехаў і зброі «Рыцары Вялікага Княства» ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, а таксама ў музэях Заслаўя, Маладэчна, Міру.
У 2000 годзе «Княжы Гуф» выступіў ініцыятарам стварэньня Канфэдэрацыі рыцарскіх клюбаў «Рыцары Вялікага Княства», якая аб’яднала шэраг суполак з усёй Беларусі. А неўзабаве на базе Канфэдэрацыі было зарэгістравана Рэспубліканскае моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Рыцары Вялікага Княства».