Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой была б Беларусь без Чарнобылю 


Фота: Дзьмітры Важнік
Фота: Дзьмітры Важнік

Ці была б яна заможнай дэмакратычнай краінай? Ці прыйшоў бы да ўлады Лукашэнка? Ці разваліўся б СССР, калі б не Чарнобыль?

Абмярокўваюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Уладзімер Глод.


Карбалевіч: Аляксандар Лукашэнка 25 сакавіка падчас сустрэчы з намесьнікам Генэральнага сакратара ААН, Хэленай Кларк адзначыў, што «чарнобыльская катастрофа легла на нашы плечы пасьля распаду СССР», «на аднаўленьне пацярпелых тэрыторый выдаткаваная сума, роўная дзесяткам гадавых бюджэтаў Беларусі». Сапраўды, на пераадоленьне наступстваў аварыі Беларусь за гэтыя 30 гадоў марнавала вялізныя рэсурсы, якія яна магла выдаткаваць на іншыя мэты.

А якой магла б быць краіна без Чарнобылю? Пытаньне гіпатэтычнае, на якое ня можа быць дакладнага адказу. Думаю, узровень дабрабыту беларусаў у 1990-я гады, калі выдаткі на пераадоленьне наступстваў аварыі былі вялікія, мог бы быць больш высокім. Але ня думаю, што чарнобыльскі чыньнік неяк паўплываў бы на сацыяльна-палітычную мадэль Беларусі. Тут дзейнічалі іншыя, больш моцныя фактары.

Іншая справа, што палітыкі актыўна выкарыстоўвалі чарнобыльскую тэму ў сваіх мэтах. Вось Лукашэнка ў 1998 годзе так абгрунтоўваў стварэньне ўласнага аўтарытарнага рэжыму: «У мяне чвэрць тэрыторыі сёньня ў брудзе чарнобыльскім — я буду зь нейкай дэмакратыяй гуляцца?»

Палітыкі актыўна выкарыстоўвалі чарнобыльскую тэму. Лукашэнка ў 1998 годзе так абгрунтоўваў стварэньне аўтарытарнага рэжыму: «У мяне чвэрць тэрыторыі сёньня ў брудзе чарнобыльскім — я буду зь нейкай дэмакратыяй гуляцца?»


Трэба адзначыць, што тэму Чарнобыльскай катастрофы актыўна выкарыстоўвала апазыцыя. Можна сказаць, што БНФ падняўся на мяжы 1980-1990-х гадоў менавіта на чарнобыльскай тэме. Самымі масавымі вулічнымі акцыямі апазыцыі ў 1990-1996 гады былі «Чарнобыльскія шляхі». І, дарэчы, на мой погляд, падзеньне ўплыву апазыцыі ўвогуле, і БНФ, у прыватнасьці, было зьвязанае з тым, што яна страціла чарнобыльскую тэму як ударную зброю. Па-першае, таму, што сама тэма перастала быць найбольш важнай для масавай сьвядомасьці. Па-другое, таму, што яе ўдала перахапіў Лукашэнка, харызма якога была на пад’ёме ў 1990-я гады. І сёньняшняя малалікасьць «Чарнобыльскіх шляхоў» апазыцыі толькі пацьвярджае гэтую гіпотэзу.

Памерлы ўжо Генадзь Грушавы, кіраўнік самага вядомага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобылю», любіў апавядаць, што чарнобыльскія ініцыятывы — гэта аснова фармаваньня грамадзянскай супольнасьці у Беларусі. Сапраўды, падобных фондаў, ініцыятываў было ў 1990-я гады шмат. Думаю, Лукашэнка таксама зразумеў небясьпеку такіх ініцыятываў для ягонага рэжыму, таму іх ліквідацыя была важным кірункам такой палітыкі. Не выпадкова фонд «Дзецям Чарнобылю» быў ліквідавана адначасова з Фондам Сораса.

Дракахруст: Сапраўды, вельмі складана выбудоўваць альтэрнатыўную гісторыю «што было б, калі б». Магчыма, калі б не Чарнобыль, не распаўся б і Савецкі Саюз. Бо ўсё ж Чарнобыль паказаў усяму сьвету, у тым ліку і народам СССР, падступнасьць улады, хлусьлівасьць, слабасьць эканамічнага, тэхнічнага стану краіны. Днямі на канфэрэнцыі ў Менску вядомы расейскі навуковец акадэмік Яблакаў сказаў, што калі б не Чарнобыль, то Беларусь была б заможнай эўрапейскай краінай. Заможнай — так, эўрапейскай — ня ведаю.

Можна прыгадаць такую аналёгію: у 45-м годзе Нямеччына пацярпела катастрафічны ваенны разгром. Яна згубіла 6 мільёнаў насельніцтва, палову сваёй тэрыторыі, атрымала мільёны ўцекачоў, і тым ня менш, празь некалькі гадоў яна паднялася і стала эканамічным лідэрам Эўропы. Так што нават такая катастрофа не перашкодзіла ёй дасягнуць велізарных посьпехаў у эканамічнай сфэры.

Беларусь была б больш заможнай краінай, калі б Чарнобылю не было, але яна была б плюс-мінус у той жа лізе, у якой апынулася ў рэшце рэшт.


Я мяркую, што ёсьць пэўная наканаванасьць, зададзенасьць каляіны. Безумоўна, Беларусь была б больш заможнай краінай, калі б Чарнобылю не было, але наўрад ці яна б трапіла ў іншую катэгорыю, стала б такой заможнай, як Польшча ці Літва — яна была б плюс-мінус у той жа лізе, у якой апынулася ў рэшце рэшт.

Але, зь іншага боку, магчыма, наканаванасьць — гэта пэўная ілюзія. Вы, Валер, учора цытавалі Юрыя Шаўцова, які пісаў пра тое, што чарнобыльскія патрэбы падштурхоўвалі разьвіцьцё Беларусі ў бок патэрналісцкай дзяржавы. Можна прыгадаць, што ў 90-я гады гэта выклікала палітычныя спрэчкі, канфлікты, і магчыма, калі б не было гэтага фактару, пры ўсёй схільнасьці беларусаў да патэрналізму гэты чыньнік (адсутнасьць Чарнобылю) мог б пераламаць сытуацыю, павесьці Беларусь іншым шляхам. Наўрад ці Беларусь у гэтай альтэрнатыўнай гісторыі у 2016 годзе была б чальцом ЭЗ і НАТО, але парадкі ў ёй маглі б крыху адрозьнівацца ад таго аўтарытарнага бэтону, які мы назіраем ужо колькі гадоў.

Глод: Самае галоўнае — калі б не Чарнобыль, Беларусь сёньня была б краінай здаровых людзей. А здаровы чалавек можа задумацца над усім — над памерамі заробкаў і пэнсіяў, якасьцю харчоў, свабодамі ў рэшце рэшт. Хворым жа, зразумела, не да гэтага. Хворыя людзі ў грамадзкім жыцьці пасіўныя. Яны думаюць толькі пра адно — як выжыць, як пражыць яшчэ нейкі час. Ня будзь чарнобыльскай навалы, нас, беларусаў, сёньня было б значна болей, дадаліся б і тыя, хто не дажыў да сёньняшняга дня, і тыя, хто не нарадзіўся, і тыя, хто, ратуючы дзяцей і сябе, вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі.

Без Чарнобыльскай катастрофы не было б і ўзбуджэньня грамадзкай думкі, не было б і дэмакратычных працэсаў.


Многія, той жа маскоўскі акадэмік Яблакаў, дарэчы, былы народны дэпутат СССР, кажуць: калі б не Чарнобыль, Беларусь была б іншай краінай — разьвітай, эўрапейскай, цывілізаванай. Я з гэтым не пагаджаюся. На мой погляд, Беларусь без Чарнобылю была б проста больш заможнай дзяржавай. Цяжка сказаць, колькі дакладна грошай «зьеў» Чарнобыль. Хтосьці кажа, што 5, хтосьці 6, а хтосьці нават 7 гадавых бюджэтаў, а Лукашэнка кажа і пра дзясяткі. Канешне, гэтыя грошы не пашкодзілі б краіне. За іх можна было б болей будаваць, рабіць больш таннымі паслугі і г.д.. То бок, жыцьцё беларусаў было б больш заможным.

Але ці стала б Беларусь без Чарнобылю эўрапейскай і цывілізаванай? Я сумняваюся. Усё ж менавіта ўтойваньне чарнобыльскіх наступстваў стала адным з каталізатараў разбурэньня Савецкага Саюзу, велізарных зьменаў на постсавецкай прасторы. Як гэта ні горка і трагічна, але без Чарнобыльскай катастрофы, мне думаецца, не было б і ўзбуджэньня грамадзкай думкі, не было б і дэмакратычных працэсаў. І можа, нават і сёньня мы жылі б у «адзіным і магутным» Савецкім Саюзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG