У Магілёве суполка Таварыства беларускай мовы зладзіла талаку на мясцовых Петрапаўлаўскіх могілках. Традыцыйна актывісты зьбіраюцца на Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцін і прыбіраюць адметныя для гораду месцы.
Сёньня на старыя клады ў Магілёўскім Задняпроўі прыйшло два дзясяткі рупліўцаў беларускай мовы і гісторыі. На працягу дзьвюх гадзін талакоўцы прыбіралі ад сьмецьця забытыя магілы гарадзкой знаці.
«На Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцін мы звычайна прыбіраем занядбаныя ў горадзе помнікі архітэктуры, альбо старадаўнія месцы, — апавядае кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў. — На Петрапаўлаўскіх могілках нямала старых пахаваньняў, за якімі амаль ніхто не прыглядае. Ды й ня кожны магілёвец ведае, дзе яны знаходзяцца. Перакананы, што сёньня мы прыбіраем магілы, якія акрамя нас ніхто не прыбярэ».
Паводле магілёўскага гісторыка Міхаіла Шымукенуса, які таксама прыбіраў могілкі разам з тбмаўцамі, Петрапаўлаўскія клады вядомыя ад XVIII стагодзьдзя.
«Тут пахаваныя прадстаўнікі вядомага магілёўскага роду Бако, напрыклад. Гэты род згадваецца ў кнігах магілёўскага магістрату 17-18 стагодзьдзяў. Пахаваныя таксама прадстаўнікі роду Шкеляў. З гэтага роду паходзяць фундатары. Пра іх згадваюцца, што яны былі старастамі Петрапаўлаўскай царквы. На гэтых могілках была цэркаўка сьвятой Ганны. Хавалі тут праваслаўных з Лупалава і Траечча. Гэтыя могілкі не дасьледаваныя як сьлед на прадмет таго, хто тут зь вядомых магілёўцаў пахаваны яшчэ. І наўрад ці выпадае казаць пра магчымасьць гэтых досьледаў, бо многае зруйнавалася», — зазначае гісторык Міхаіл Шымукенус.
Надгроб’е на магіле аднаго з прадстаўнікоў роду Бако талакоўцам удалося адкапаць і ўстанавіць на пастамэнт. Нямала мармуровых надгоб’яў, аднак застаюцца заваленымі, бо сіламі некалькіх чалавек падняць іх немагчыма. Актывісты абмежаваліся высечкай кустоўя на магілах ды зборам бытавога сьмецьця і лістоты.
Да сёньня Петрапаўлаўская царква, якая была непадалёк ад могілак, не ацалела. На яе месцы ўзьведзена гасьцініца «Турыст». Няма і цэркаўкі сьвятой Ганны. Казаць пра яе месца на могілках можна прыблізна.