Апазыцыя зноў зьбіраецца разам — пакуль што для кансультацыяў. Чакаецца, што ў сустрэчах будуць зьбірацца прадстаўнікі 12–15 арганізацыяў.
Пра гэта паведаміў Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
«Мы кажам, што прыхільнікі пераменаў зрабілі крок да аб’яднаньня. Гэта палітычная воля вялікай колькасьці арганізацыяў практычнай скіраванасьці. Я думаю, што ўдзел у нарадзе прымуць недзе 12–15 арганізацыяў. Сёньня было прынята прынцыповае рашэньне аб стварэньні такой пляцоўкі. Пакуль мы разглядаем яе больш як кансультатыўную, але будуць і наступныя крокі, мажліва, будзем каардынаваць сваю дзейнасьць. Для мяне асабіста вельмі важна, што ўсе кансэнсусна пагадзіліся, што на наступным паседжаньні мы прымем рэглямэнт працы і прысьвецім сваю размову таму, як больш эфэктыўна падрыхтавацца да выбарчай кампаніі і выкарыстаць яе дзеля пераменаў у Беларусі», — адзначыў палітык.
У нараду ўвайшлі партыі і аргкамітэты, палітычныя рухі і прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў. Кампаніі «Гавары праўду» сярод іх няма.
Старшыня АГП кажа, што ў новы орган увайшлі нават больш арганізацыяў, чым ён разьлічваў.
«Мы спачатку думалі абмежавацца толькі палітычнымі партыямі і рухамі зь ярка выяўленай палітычнай скіраванасьцю. Але так атрымалася, што пашырылася кола ўдзельнікаў. Яно яшчэ крыху пашырыцца, але асноўныя палітычныя суб’екты ўжо там — і АГП, і БНФ, і сацыял-дэмакраты Вештард і Статкевіча, там таксама Шушкевіч, Калякін, правацэнтрысцкая кааліцыя. Я лічу, што практычна ўсе асноўныя палітычныя сілы, якія маюць нейкую пазытыўную крэдытную гісторыю і якія маюць пэўныя мажлівасьці, каб быць карыснымі, — яны там», — падкрэсьліў Лябедзька.