Гэтая «Прамая лінія» ўжо 14-ая.
Крэмль паведамляе, што прэзыдэнту паступіла больш за мільён пытаньняў, і, як падкрэсьлівае прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў, большасьць зь іх датычацца сацыяльна-эканамічнай тэматыкі.
На афіцыйным сайце «Прамой лініі» прыведзены сьпіс папулярных пытаньняў. Там ёсьць пытаньні, якія тычацца як зьнешняй, так і ўнутранай палітыкі. З унутрырасейскіх тэмаў расейцаў цікавіць якасьць дарог, цэны на бэнзін, падтрымка малога бізнэсу і агульная эканамічная сытуацыя ў краіне. Са зьнешнепалітычных тэмаў расейцаў цікавіць сытуацыя ва Ўкраіне, адносіны з ЗША і НАТО.
Сацыёлягі зь «Левада-цэнтру» за два тыдні да «Прамой лініі» прэзыдэнта з расейцамі правялі апытаньне сярод насельніцтва аб тым, што б яны спыталі ва Ўладзімера Пуціна. Па выніках дасьледаваньня таксама вядома, што большасьць расейцаў хвалююць сацыяльна-эканамічныя пытаньні: 28% задалі б пытаньні, якія датычацца ўзроўню даходаў і сацыяльнага забесьпячэньня насельніцтва, 21% — пацікавіўся б у Пуціна эканамічнай сытуацыяй у краіне і пытаньнем росту коштаў. 13% занепакоеныя пэнсійнай рэформай, 12% — карупцыяй і чыноўнікамі. Пытаньні аб міжнароднай палітыцы хацелі б задаць Пуціну 4% расейцаў, пра будучыя выбары — 1%, пра асабістае жыцьцё прэзыдэнта — таксама 1%. У 4% насельніцтва пытаньняў да прэзыдэнта няма — «Бяз толку пытацца».
На першую палову дня 14 красавіка Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтар (БРПЧ) плянаваў прафіляктыку — ад 9 да 15 гадзін. Аднак пляны раптоўна зьмяніліся.
Заплянаваная прафіляктыка пераносіцца на 28 красавіка "ў сувязі з тэхналягічнай неабходнасьцю",— гаворыцца ў паведамленьні БПРЧ.