Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Зьміцер Саўка


Мовазнаўца Зьміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Менску. Любоў да беларускай мовы прывіла бабуля па мацярынскай лініі — з чацьвёртай клясы ён прыяжджаў да яе на вёску Сенькавічы Івацэвіцкага раёну, дзе гаварылі па-беларуску.

Вучыўся ў сталічнай сярэдняй школе №61. Адразу пасьля школы спрабаваў паступіць на філялягічны факультэт БДУ. Але не паступіў. Год правучыўся ў школе-краме трэсту «Менскхлебгандаль». З другой спробы, у 1983 годзе ўсё ж паступіў на філфак. На факультэце быў ініцыятарам стварэньня суполкі Фонду культуры. Суполка даглядала магілы славутых беларусаў на Вайсковых могілках у Менску.

Чытай таксама: Гісторыя аднаго цуду: Клінаў і Саўка

Удзельнічаў у моладзевым грамадзкім абʼяднаньні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984).

«Майстроўня, калі я скажу, што гэта была кузьня беларушчыны, можа гэта будзе нават замала сказаць. Для мяне само знаёмства з Майстроўняй было сьведчаньнем таго, што так, як я адчуваю, як думаю, вось гэтае пачуцьцё гістарычнай справядлівасьці, што яно ўласьцівае ня толькі мне. Дзясяткі талковых яркіх маладых людзей мысьляць так, як я. Я пачынаў праз Майстроўню бачыць, што ўся Беларусь абуджаецца, што мы сіла, мы заўтрашні дзень Беларусі», — так узгадваў пра Майстроўню спадар Саўка ў праграме Радыё Свабода «Вострая брама».

У чэрвені 1984 году Зьміцер Саўка, Вінцук Вячорка, Артур Клінаў ды іншыя былі ўдзельнікамі першага пікету, які майстроўцы ладзілі на знак пратэсту супраць руйнаваньня будынка старога менскага тэатру. Яны паўсталі на прыступках, якія вядуць да плошчы Свабоды ад скрыжаваньня Інтэрнацыянальнай і Леніна і пачалі скандаваць «Руйнуецца помнік гісторыі». Хлопцаў затрымалі, павезьлі ў пастарунак.

Артур Клінаў
Артур Клінаў

Узгадвае сябар дзяцінства, аднаклясьнік Зьмітра Саўкі, мастак, літаратар, галоўны рэдактар часопіса «pARTisan» Артур Клінаў:

«У чалавека ў жыцьці ня так шмат бывае блізкіх сяброў. Саўка для мяне быў вельмі блізкім сябрам, родным чалавекам. Мы ў 61-й школе сядзелі зь ім за адной партай, разам уваходзілі ў дарослае жыцьцё, разам прыходзілі да беларусшчыны, разам хадзілі на першыя мітынгі, разам езьдзілі на першае „Гуканьне вясны“. Саўка быў чалавекам, да якога ў самыя цяжкія моманты я мог зьвярнуцца, і ён ніколі не адмовіць.

Жартаўліва я называў яго „акадэмікам філялёгіі“, бо ён па сваіх ведах, па прафэсіяналізму сапраўды быў акадэмікам, толькі што без званьня.

Гэта вельмі вялікая страта для навукі, для філялёгіі. А я згубіў найлепшага сябра».

Зьміцер Саўка выкладаў у Менскім дзяржаўным інстытуце замежных моў. Працаваў стыль-рэдактарам на Радыё Рацыя, на тэлеканале «Белсат».

Генадзь Кесьнер
Генадзь Кесьнер

Журналіст Генадзь Кесьнер працаваў разам з Саўкам і ў Інстытуце замежных моў, і на Радыё Рацыя:

«Ягоная скрупулёзнасьць, дакладнасьць, дасьціпнасьць, талент сапраўднага філёляга ўражвалі. Гэта быў найвыбітнейшы адмыслоўца, паліглёт. Ён быў надзвычай апантаны, унікальны ў навуковым сьвеце лінгвіст, такі ж самы, як і Юрась Бушлякоў, сьветлая ім абодвум памяць... Канечне, пры працы ў нас былі нейкія дробныя канфлікты, спрэчкі, але чыста тэхнічнага пляну. Ён умеў пераканаць, так далікатна выправіць памылкі журналістаў, калі працаваў на Рацыі стыль-рэдактарам, што на яго немагчыма было пакрыўдзіцца.

Зьміцер быў чалавекам, які заўсёды гатовы дапамагчы. Узгадваю цяжкія моманты, калі ў мяне быў пэрыяд безграшоўя, калі зачыняліся газэты, радыёстанцыі, не было іншай працы. А Зьміцер тады працаваў тады вельмі шмат, у некалькіх месцах. І абсалютна без праблем было пазычыць у яго грошы. І сам Зьміцер, надзвычай інтэлігентны, тактоўны чалавек, ніколі не нагадваў тым, каму пазычаў, што грошы трэба вяртаць.

Зьміцер быў чалавекам вясёлым, дасьціпным, гумарным, без комплексаў. Некалі ён быў даволі мажным, фактурным чалавекам. А потым за даволі кароткі час скінуў палову сваёй вагі і вельмі ганарыўся гэтым, казаў: бярыце зь мяне прыклад. Цяпер я не выключаю, што, магчыма, гэта ўжо былі праявы падступнай хваробы, якая зараз павальна косіць людзей. Летась яму споўнілася толькі 50 гадоў, здаецца, самы прыгожы ўзрост. Шчырыя спачуваньні яго цудоўным дзеткам».

Зьміцер Саўка быў суаўтарам выданьня «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве зь Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк — Менск, 2002) і кнігі «Беларускі клясычны правапіс» (у суаўтарстве зь Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Зьмітром Санько; Вільня — Менск, 2005).


Зьміцер таксама быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале Белсат.

Кацярына Ткачэнка
Кацярына Ткачэнка

Журналістка тэлеканалу Белсат Кацярына Ткачэнка ўзгадвае:

«Зьміцер Саўка... Лагодны, інтэлігентны чалавек, які, падавалася, браў пад апеку ўсіх, хто трапляў у ягоную прастору.

Апошні раз прыходзіў да нас планёрку ў студзені бягучага году. Абяцаў, што будзе заходзіць рэгулярна. І ніхто ня ведаў, што ён хварэе на анкалёгію...

Засталося столькі моўных пытаньняў, якія б хацелася абмеркаваць зь ім, паспрачацца (хоць гэта і бяз сэнсу, бо ягонае меркаваньне ў моўных пытаньнях заўжды заставалася непахісным).... Жыцьцё такое імгненнае, і як часта потым шкадуеш, што не пасьпеў запытаць таго, хто побач (а Зьміцер Саўка заўжды быў побач, прынамсі — у скайпе, быў, па сутнасьці, „хуткай моўнай дапамогай“) — пра нешта больш значнае... Сьветлая памяць»

У Зьмітра Саўкі засталося чацьвёра дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG