Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія турысты разьлічваюць на дэмпінг эгіпэцкіх і турэцкіх апэратараў


Пляж Шарм-эль-Шэйха, ілюстрацыйнае фота
Пляж Шарм-эль-Шэйха, ілюстрацыйнае фота

Расейскае ведамства «Ростуризм» заявіла, што ня мае дакладных зьвестак, калі будуць адноўленыя турыстычныя зносіны паміж Расеяй, Турэччынай і Эгіптам. Пры гэтым кіраўнікі расейскай турыстычнай галіны схіляюцца да таго, што найбольш папулярныя кірункі застануцца пад забаронай як мінімум да канца году. Як гэта адаб’ецца на беларускіх турыстах?

Намесьнік кіраўніка «Ростуризма» Раман Скоры напярэдадні заявіў: мяркуючы па сытуацыі, сёлета расейскія турысты ня вернуцца ні ў Эгіпет, ні ў Турэччыну. Падмацаваў такую выснову нядаўні інцыдэнт з самалётам кампаніі EgyptAir, які зрабіў на Кіпры вымушаную пасадку пасьля таго, як грамадзянін Эгіпту прыгразіў прывесьці ў дзеяньне «пояс сьмяротніка».

Прыпыніць кантакты з гэтымі краінамі пастанавіў прэзыдэнт Уладзімер Пуцін у зьвязку з «высокай тэрарыстычнай пагрозай». Летась у кастрычніку на Сынайскім паўвостраве ад выбуху на борце разьбіўся расейскі самалёт, які ляцеў з Шарм-эль-Шэйху ў Санкт-Пецярбург, загінулі больш за 200 чалавек. Празь месяц супрацьпаветраныя сілы Турэччыны зьбілі расейскі вайсковы зьнішчальнік «Су-24», які парушыў паветраную прастору на мяжы з Сырыяй. Масква абвінаваціла ў інцыдэнце Анкару і сьледам за Эгіптам забараніла чартэрныя авіяперавозкі.

Гатэль "Крэмль" у Анталіі
Гатэль "Крэмль" у Анталіі

Ад радыкальных захадаў пацярпела ня толькі прыморская інфраструктура замежжа, але і расейская туріндустрыя: Турэччына і Эгіпет прымалі больш за 40% аматараў камфортнага і недарагога адпачынку з Расеі. Альтэрнатывы гэтым напрамкам так і не зьявілася: вакацыі ў Сочы выліваюцца ў нашмат большую суму, а спробы пераарыентаваць публіку на анэксаваны Крым чаканых вынікаў не даюць.

Застаўшыся напярэдадні чарговага сэзону без расейскай кліентуры, турэцкія і эгіпецкія апэратары выходзяць з прывабнымі прапановамі раньняга браніраваньня на рынкі іншых дзяржаваў. Так, у рамках турыстычнай выставы «Адпачынак-2016», якая гэтымі днямі праходзіць у Менску, асобныя кампаніі завабліваюць на турэцкія і эгіпецкія курорты 60-працэнтнымі зьніжкамі: гатэлі клясыфікацыяй ад трох да пяці «зорак» стартуюць ад 300 да 500 даляраў адпаведна за 10-дзённы адпачынак з чалавека. Пры гэтым папярэджваюць, што пасьля завяршэньня выставы цэньнік можа вырасьці як мінімум у паўтара раза — тамтэйшыя бізнэсоўцы не сядзяць склаўшы рукі, а шукаюць патэнцыйных кліентаў па ўсім сьвеце.

Увага да беларускага рынку не выпадковая: на фоне абмежаваньня расейскай прысутнасьці на звыклых курортах Міжземнага і Чырвонага мораў Міністэрства спорту і турызму Беларусі канстатавала больш як двухразовае павелічэньне колькасьці беларусаў, якія наведалі Эгіпет у 2015 годзе. Калі дагэтуль такіх было крыху больш за 40 тысяч, то летась — 100 тысяч. Заўважны рост і ў напрамку Турэччыны.

На адным з пляжаў Анталіі, архіўнае фота
На адным з пляжаў Анталіі, архіўнае фота

Беларускія турысты найперш разьлічваюць, што праблемы з запаўняльнасьцю прымусяць гаспадароў гатэляў ісьці на цэнавыя саступкі. Так, жыхары Віцебску Ірына і Валеры кажуць, што зімой надзвычай удала адпачылі ў Хургадзе і ня супраць паўтарыць паездку — калі ўмовы будуць аналягічныя:

«Турфірма прапанавала нам умовы, ад якіх складана было адмовіцца — у эквіваленце менш за 500 даляраў з кожнага за два тыдні. Grand Hotel, дзе мы адпачывалі, — адзін з самых запаўняльных у Хургадзе. Але заселеных нумароў было ў лепшым выпадку працэнтаў 40. І нават гэта гаспадары лічылі адносна добрай запаўняльнасьцю. Праўда, перад нашым ад’ездам адзін рэстаран усё ж вымушаныя былі зачыніць — папросту не было каго карміць. А дзесьці, як расказвалі, увогуле па 20 чалавек жылі ў гатэлях. Таму ім падзецца няма куды, толькі скідаць цэньнікі», — лічаць віцебскія турысты.

Паводле Міністэрства турызму Эгіпту, на першым месцы па колькасьці грамадзянаў, якія наведваюць краіну, усе апошнія гады заставалася Расея — блізу 3 мільёнаў чалавек штогод. Статыстыка, якую падаюць профільныя ведамствы Турэччыны, яшчэ большая — 4,5 мільёна расейцаў на год. У абодвух выпадках на наступных пазыцыях з заўважным адставаньнем ідуць Нямеччына і Вялікая Брытанія. Беларусы ў сьпісе стратэгічных «інвэстараў» галіны калі і значацца, то недзе ў хвасьце.

Пляж паблізу Хургады
Пляж паблізу Хургады

Мянчук Іван Пракапцоў кажа, што пасьля няўдалых экспэрымэнтаў у мінулыя гады з пэсымізмам ставіўся да новага адпачынку на «папсовых» пляжах Міжземнамор’я, дзе, ягонымі словамі, «расейцаў больш, чым абарыгенаў». Але цяпер такую магчымасьць разглядае як рэальную:

«Шчыра кажучы, перастаў глядзець у бок Турэччыны ды Эгіпту толькі з той пазыцыі, што замежным адпачынкам гэта можна назваць хіба што ўмоўна. Тая колькасьць расейскага насельніцтва на пляжах, якая сфармавалася за апошнія 10–15 гадоў, адбіла ўсялякую ахвоту цэлымі днямі выслухоўваць хамства ды мацюкі з боку гэтых таварышаў. Я разумею, што цярпіць ад недафінансаваньня тамтэйшая інфраструктура, але з гледзішча спажыўца гэтыя мясьціны атрымалі чысьціню і спакой. Таму цяпер манітору, дзе лепш адпачыць у прыстойнай кампаніі выхаваных эўрапейцаў», — падсумоўвае суразмоўца.

Каб вярнуцца на ўлюбёныя пляжы, некаторыя расейцы спрабуюць скарыстацца беларускім транзытам — турыстаў з чырвонымі пашпартамі з двухгаловым арлом на вокладцы на чартэрных рэйсах «Белавія» ня так і мала. Але пры гэтым наракаюць на дарагоўлю: адпачынак празь беларускія турфірмы і з манапалістам-авіяперавозчыкам выходзіць удвая даражэйшы, чым дагэтуль прапаноўвалі кампаніі ў Расеі.

Мармарыс, Турэччына, ілюстрацыйнае фота
Мармарыс, Турэччына, ілюстрацыйнае фота

Не ў захапленьні ад цэнавых прапановаў і мясцовыя турысты: абвал заробкаў не дазваляе марыць пра тое, каб адпачыць на шырокую нагу. На перакананьне экспэрта турыстычнага рынку Андрэя Барашкі, сёлета галоўным матыватарам стане ня прага экзотыкі, а жаданьне адпачыць найбольш бюджэтна. Таму найперш у пераліку патэнцыйных адрасоў такія варыянты, як Баўгарыя, Румынія, Украіна:

«Вядома, захоўваецца цікавасьць і да стандартных кірункаў наступнай цэнавай катэгорыі — Эгіпет, Турэччына, Грэцыя, Гішпанія, Кіпр. Але нейкіх новых напрамкаў наўрад ці трэба чакаць, бо цалкам зразумела: у гэтым годзе на першы плян выйдзе цана пытаньня, дакладней — кошт пуцёўкі. Але збольшага гэта ўжо падстава да роздуму для турапэратараў, якія, уласна кажучы, і фармуюць пакет прапановаў», — канстатуе Андрэй Барашка.

Пры гэтым суразмоўца кажа, што пэўная частка беларусаў выправіцца і ў папулярны некалі Крым, аднак няпростая лягістыка і сьціплы сэрвіс за неадэкватныя грошы наўрад ці будзе спрыяць масаваму прытоку турыстаў на паўвостраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG