Што вядома аб сытуацыі са зьбітым расейскім самалётам на гэты час:
Зьбіты бамбавік Су-24.
Абодва пілёты катапультаваліся і прызямліліся на тэрыторыі, кантраляванай паўстанцамі (сырыйскімі туркмэнамі). Адзін загінуў, пра лёс другога пакуль нічога не вядома. Па адной з вэрсій, загінулы пілёт — Сяргей Аляксандравіч Румянцаў. Турэччына не пацьвярджае паведамленьняў пра гібель двух пілётаў
Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што самалёт не пакідаў паветранай прасторы Сырыі і быў зьбіты з зямлі.
Мінабароны Турэччыны кажа, што самалёт быў зьбіты турэцкімі ВПС — двума зьнішчальнікамі-16S, больш за тое, самалётаў, якія парушалі паветраную прастору краіны, было два.
Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін абвінаваціў у тым, што здарылася Турэччыну, назваўшы інцыдэнт "ударам у сьпіну Расеі".
Пазьней начальнік Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў РФ генэрал-лейтэнант Сяргей Рудской пацьвердзіў гібель верталёта Мі-8, накіраванага на выратаваньне экіпажу Су-24. Паводле яго, адзін марскі пяхотнік-кантрактнік загінуў.
Увечары адбылося экстранае пасяджэньне НАТО на просьбу Турэччыны. Амбасадары краін НАТО заклікалі Турэччыну да стрыманасьці.
Расейскі генштаб пацьвердзіў гібель верталёта Мі-8 і марскога пяхотніка
Начальнік Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў РФ генэрал-лейтэнант Сяргей Рудской пацьвердзіў гібель верталёта Мі-8, накіраванага на выратаваньне экіпажу Су-24.
Амбасадары краін НАТО заклікаюць Турэччыну да стрыманасьці
У аўторак у Брусэлі на просьбу Анкары прайшла экстраная нарада краін-удзельніц НАТО.
Турэччына не пацьвярджае паведамленьняў пра гібель двух расейскіх пілётаў
Турэччына не пацьвярджае паведамленьняў пра гібель двух пілётаў расейскага бамбавіка Су-24, зьбітага ў аўторак раніцай турэцкім зьнішчальнікам F-16.
Пэнтагон: турэцкія лётчыкі дзесяць разоў папярэдзілі экіпаж Су-24
Амэрыканскія вайскоўцы пацьвердзілі заявы Турэччыны наконт таго, што пілёты турэцкіх ВПС 10 разоў без адказу папярэдзілі расейскі вайсковы самалёт Су-24 перш, чым нанесьці ўдар у раёне сырыйскай мяжы.
Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў рэкамэндаваў адмовіцца ад паездак у Турцыю
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што «ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў Турэчыыне ня меншы, чым у Эгіпце», і рэкамэндаваў расейцам адмовіцца ад паездак у гэтую краіну.
17.00 Прэзыдэнт Расеі сказаў, што сёньняшняе зьбіцьцё расейскага самалёта Турэччынай — «удар у сьпіну», нанесены «памагатымі тэрарыстаў».
«Наш самалёт быў зьбіты над тэрыторыяй Сырыі ракетай паветра-паветра з турэцкага самалёта Ф16,» — заявіў Пуцін падчас сустрэчы з каралём Ярданіі Абдулом у Сочы.
«Сёньняшняе трагічнае здарэньне будзе мець сур’ёзныя наступствы і для расейска-турэцкіх адносін,» — дадаў кіраўнік Расеі.
Тым часам прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмэт Давутоглу заявіў, што Турэччына мае права абараняцца ў выпадку, калі парушаецца яе паветраная прастора, нягледзячы на неаднаразовыя папярэджаньні. Давутоглу дадаў, што Турэччына зробіць усё неабходнае, каб гарантаваць бясьпеку краіны.
16.00 Агенцтва Reuters піша пра зьбіты расейскі верталёт.
15.10 НАТО правядзе сёньня тэрміновае пасяджэньне ў сувязі са зьбітым паблізу турэцкай мяжы расейскім бамбавіком. Пра гэта паведамляе ваенны аглядальнік газэты The Times Дэбра Хайнс.
Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла, што зьбіты сёньня ў Сырыі каля турэцкай мяжы самалёт зьяўляецца расейскім бамбавіком Су-24. Пры гэтым у ведамстве заяўляюць, што самалёт не парушаў паветранай прасторы Турэччыны і быў зьбіты, як мяркуецца, у выніку абстрэлу з зямлі.
Паводле зьвестак турэцкай газэты Hurriyet, самалёт упаў на палаткі ў раёне паселішча Ямадлы ў Латакіі, дзе жывуць сырыйскія туркманы, якія змагаюцца з рэжымам Башара Асада. Два пілёты Су-24 катапультаваліся, адзін зь іх быў забіты, а другога ўзялі ў палон туркманы, адзначае выданьне. Расейскія верталёты вядуць пошук пілётаў і абломкаў самалёта.
Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што да поўнага высьвятленьня сытуацыі з крушэньнем расейскага вайсковага самалёта ў Сырыі казаць пра пагаршэньне адносін паміж Расеяй і Турэччынай заўчасна. Віцэ-спікер Дзярждумы Мікалай Левічаў прапанаваў эвакуяваць з Турэччыны расейскіх грамадзянаў, адклікаць амбасадара, і спыніць авіязносіны з гэтай краінай.
Паводле інфармацыі турэцкіх СМІ, расейскі Су-24 быў зьбіты ВПС Турцыі пасьля таго, як парушыў паветраную прастору краіны. Паводле зьвестак міністэрства абароны Турэччыны, перад тым, як адкрыць агонь, расейскіх пілётаў папярэдзілі аб парушэньні мяжы, аднак яны праігнаравалі патрабаваньне зьмяніць свой курс. Прэм’ер-міністар Турэччыны даручыў МЗС краіны пачаць тэрміновыя кансультацыі з саюзьнікамі ў НАТО. Раней паведамлялася, што расейскія вайсковыя самалёты, якія базуюцца ў Сырыі, неаднаразова парушалі паветраную прастору Турэччыны.
14 00 Поўная вэрсія відэа, зьнятага, як мяркуецца, на месцы гібелі аднаго з расейскіх пілётаў.
Міністэрства абароны Турэччыны публікуе трэк зьбітага расейскага бамбавіка - на ім выразна відаць месца, у якім самалёт перасякаў сырыйска-турэцкую мяжу.
13 30. Радыё «Гаворыць Масква» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі паведамляе, што Ўладзімер Пуцін «рыхтуе заяву ў сувязі з крушэньнем расейскага Су-24 у Сырыі».
Эліёт Хігінс з групы Bellingcat параўноўвае кадры на відэа і фатаграфіі расейскіх пілётаў на базе Хмеймім пад Латакія - відавочна, што на кадрах расейскі пілёт.
13 10. Прэм’ер-міністар Турэччыны Рэджэп Эрдаган афіцыйна пацьвердзіў, што турэцкія вайскоўцы зьбілі ў сваёй паветранай прасторы расейскі самалёт. Турэцкі бок сьцьвярджае, што два зьнішчальнікі F-16S на працягу пяці хвілін дзесяць разоў папярэдзілі пілёта Су-24 аб парушэньні мяжы, пасьля чаго адкрылі агонь. Раней расейскія баявыя самалёты, паводле турэцкіх уладаў, ужо парушалі паветраную прастору краіны, аднак тады Анкара абмежавалася толькі папярэджаньнямі.
У інтэрнэце зьявіліся фотаздымкі, як мяркуецца, моманту катапультаваньня расейскіх вайсковых пілётаў і расейскіх верталётаў з выратавальнымі камандамі.
«Сёньня на тэрыторыі Сырыі, як мяркуецца, у выніку абстрэлу зь зямлі, пацярпеў крушэньне самалёт расейскай авіягрупы ў Сырыйскай Арабскай Рэспубліцы „Су-24“», — заявілі ў вайсковым ведамстве РФ.
Самалёт знаходзіўся на вышыні 6000 мэтраў. Лёс лётчыкаў удакладняецца, але, згодна з папярэднімі дадзенымі, пілётам удалося катапультавацца.
У Мінабароны падкрэсьліваюць, што ўвесь час палёту самалёт знаходзіўся выключна над тэрыторыяй Сырыі.
Між тым, паводле дадзеных турэцкіх СМІ, самалёт зьбілі ВПС Турэччыны, пасьля таго як ён парушыў паветраную прастору краіны і не рэагаваў на папярэджаньні. Афіцыйна пра дзяржаўную прыналежнасьць зьбітага самалёта турэцкі бок не паведамляў.