Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча цалкам нармальных адносін з Эўразьвязам


На нарадзе па пытаньнях беларуска-эўрапейскіх адносін ён сказаў, што заходнія партнэры не павінны ставіць Беларусь перад выбарам: Захад ці Расея.

Пра гэта перадае БЕЛТА.

«Важна працягнуць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленьне супрацоўніцтва з ЭЗ у кантэксьце нашых нацыянальных інтарэсаў. Гаворка ідзе пра ўмацаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці, бясьпекі і стабільнасьці Беларусі», — заявіў Аляксандар Лукашэнка і дадаў, што апошнім часам назіраецца пазытыўная дынаміка ў разьвіцьці адносін паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю.

«Прынятае ў лютым 2016 году рашэньне Эўразьвязу пра адмену большасьці санкцыяў у дачыненьні да Беларусі адкрывае новыя магчымасьці для разьвіцьця нашага ўзаемадзеяньня з Эўразьвязам. Гэты крок ясна сьведчыць пра гатоўнасьць ЭЗ і яго краін-чальцоў да актывізацыі прагматычнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Гэта нас абсалютна задавальняе. Я ўжо казаў, сустракаючыся з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў, што палітызаванасьць (тым больш залішняя) тых працэсаў, якія не павінны быць палітызаваныя, нам абсалютна не патрэбная. Нам патрэбная прагматычнасьць адносін», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка асабліва падкрэсьліў, што для Беларусі непрымальна, каб партнэры ў ЭЗ або ЗША ставілі яе перад выбарам — разьвіваць адносіны з Захадам ці Расеяй.

«Нам такі перамоўны крытэр не пасуе. Гэта самае горшае, што можа быць пастаўлена перад намі», — заявіў прэзыдэнт.

«Думаю, у Эўропе сёньня выдатна разумеюць гэта, і, прынамсі, на перамовах са мной ніводзін з прадстаўнікоў ЗША ці Заходняй Эўропы не паставіў такім чынам пытаньне. Нарэшце ўсе зразумелі, што Беларусь з той шматвэктарнай палітыкай, якую яна праводзіла ў апошнія гады, якраз і патрэбная Эўрапейскаму Зьвязу. Лёс наш такі: мы апынуліся паміж двума цэнтрамі сілы, і ад гэтага нікуды не падзецца. Ігнараваць мы ня можам ні адзін, ні другі Але расейцы — нашы браты, падабаецца гэта каму ці не. Таму нашы адносіны павінны быць зь імі адпаведнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG