Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму скандалы не абарочваюцца для Пуціна адстаўкай


Навумчык: У СМІ зьявілася інфармацыя Міжнароднага кансорцыюму журналісцкіх дасьледаваньняў пра ў тым ліку і датычнасьць некаторых асобаў з атачэньня Пуціна да карупцыйных схемаў у афшорах, прычым яе зьяўленьне было анансаванае за некалькі дзён, і некаторыя аглядальнікі (у тым ліку і ў сацыяльных сетках) прадракалі ледзь не крыж на кар’еры лідэра Расеі. Прайшло два дні. Ніякіх такіх асаблівых узрушэньняў на палітычным полі Расеі не назіраецца.

Прызнацца, мяне ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш зьдзівілі менавіта прагнозы ўзрушэньняў — з чаго раптам? Што такое за апошнія 10 гадоў не зрабілі людзі з атачэньня Пуціна, ці сам Пуцін, што ў нейкай дэмакратычнай краіне не магло б быць падставай для адстаўкі? Я кажу нават не пра карупцыю, у ЗША ці ў Чэхіі, ці ў Літве немагчыма ўявіць, каб прэзыдэнт хаваў ад грамадзтва сваіх дарослых дзяцей, каб грамадзтва ня ведала, чым яны займаюцца. Чаму расейскае грамадзтва спакойна «праглынула» цяперашнюю інфармацыю? На якім этапе людзі перасталі рэагаваць на падобнае?

Закаханаму чалавеку бессэнсоўна казаць крытычныя заўвагі пра прадмет ягонай закаханасьці

Я прапаную адштурхнуцца ад выпадак канца 1980-ых у адным з расейскіх абласных цэнтраў, пра якія тады шмат пісалі. На перакрыжаваньні «Волга» сакратара гаркаму партыі сутыкнулася з іншым аўто, і з багажніку вываліліся скрыні з дэфіцытным на той час прадуктамі — каўбасой, курацінай, нечым яшчэ. Вакол сабраўся натоўп, пачаўся стыхійны мітынг — і назаўтра сакратар гаркаму сышоў з пасады. Сёньня расейскія палітыкі маюць вілы на Лазурным беразе — і гэта ўспрымаецца нармальна.

Карбалевіч: На этапе, калі перабудова скончылася, створаны сёньняшні палітычны рэжым у Расеі, у якім фактычна шмат што вярнулася да ранейшых часоў. Я думаю, што кампрамат на Пуціна на яго імідж не паўплывае. Тут некалькі прычын. Цяпер адбываецца інфармацыйная вайна паміж Расеяй і Захадам. Таму любы кампрамат на расейскае кіраўніцтва будзе успрымацца ў Расеі як падкопы ворагаў.

У гэтым дакумэнце засьвечаны не адзін Пуцін, а 12 сусьветных лідэраў, у тым ліку, Парашэнка. Дыскрэдытацыя скопам не такая выкрывальная. Маўляў, Расея, Пуцін тут ня надта выдзяляюцца на сусьветным фоне.
Хіба для грамадзян Расеі зьяўляецца навіной, сэнсацыяй, што у іх краіне карупцыя? Гэта ж візытная картка краіны. Таму зьяўленьне новых фактаў наўрад ці нешта дадасьць у агульным малюнку, які ўсім вядомы.

Паводле расейскай традыцыі, расейскага сьветапогляду, калі цар, генсек ці прэзыдэнт грабуць пад сябе, то гэта норма, а не нейкае злоўжываньне. Ён гаспадар краіны, яму ж паложана па статусу, ён што хоча, то і бярэ. Вось калі прэсавы сакратар прэзыдэнта мае гадзіньнік за паўмільёна даляраў, вось тут ужо узьнікаюць пытаньні. Што дазволена цару, тое не дазволена чэлядзі.

Прывяду яшчэ адну папулярную фразу: тэлевізар перамагае лядоўню

Існуе вядомы псыхалягічны фэнамэн. Калі лідэр папулярны, ягоны рэйтынг на пад’ёме, то любы кампрамат супраць яго дае адваротны эфэкт. Узгадаем як Гарбачоў хацеў дыскрэдытаваць набіраючага папулярнасьць Ельцына. Прычым, дзяржаўныя мэдыі прыводзілі рэальныя факты. Ён і з маста ў рэчку падаў п’яны, і падчас візыту ў ЗША рабіў розныя непатрэбствы. Аднак ніхто ня верыў, усе лічылі, што гэта грубыя спробы дыскрэдытаваць народнага любімца. Тое ж самае было і з Лукашэнкам падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994-га году, калі яго абвінавацілі, што ён скраў нешта ў стуардэсы. Гэты кампрамат наадварот падвысіў папулярнасьць Лукашэнкі. Тая ж сытуацыя і тут. Пуцін папулярны цяпер, таму любы кампрамат адскоквае.

Цыганкоў: Прыгадваецца вядомая фраза, што калі б людзям невыгодныя былі б законы матэматыкі ці фізыкі, то яны б не верылі ў іх дзеяньне. Так і тут, калі нейкі лідэр па тых ці іншых прычынах папулярны, то асабліва з улікам таго, што гэта Расея, ніякія такія падкопы не зьменшаць яго папулярнасьць. Тут два аспэкты. Першы — расьсьледаваньне міжнародных арганізацый было накіраванае ня толькі супраць Пуціна. Гэта надае вагу і каштоўнасьць гэтаму дасьледаваньню, то бок гэта не прапагандысцкая вайна, а дасьледаваньне афшорнай карупцыі ў міжнародным маштабе. З іншага боку, гэта для расейскіх спажыўцоў зьяўляецца апраўдальным чыньнікам. У цэлым слабая і ніякая рэакцыя шырокіх масаў на такія рэчы паказвае стан гэтага грамадзтва, яно дастаткова аўтарытарнае, схільнае безумоўна прымаць свайго кіраўніка. Адзінае, што можа на яго паўплываць — гэта эканамічныя чыньнікі ці аслабленьне Расеі ў палітычным і геапалітычным рэчышчы. Але і да гэтага далёка. Прывяду яшчэ адну папулярную фразу: тэлевізар перамагае лядоўню.

Навумчык: Сапраўды, гэта падобна на веру — але я б яшчэ прывёў аналяг з каханьнем. Закаханаму чалавеку бессэнсоўна казаць крытычныя заўвагі пра прадмет ягонай закаханасьці — гэта ні на грам ня зьменшыць гарачыні пачуцьцяў, затое можа істотна пагоршыць стаўленьне да таго, хто выказаў крытыку. Ну і паколькі тут ужо прыводзілі прыклады расейскіх прымавак, прывяду і я — «Любовь зла — полюбишь и ...» - далей ведаеце.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Журналіст Радыё Свабода

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG