Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Беларусь стаць міратворцам у армяна-азэрбайджанскім канфлікце


Карбалевіч: Спачатку некалькі словаў пра сам канфлікт вакол Нагорнага Карабаху. Сытуацыя ў зоне карабахскага канфлікту абвастрылася ў ноч на суботу, 2 красавіка. Баі вяліся з прымяненьнем артылерыі, авіяцыі і цяжкай тэхнікі. Азэрбайджанскі бок не хавае, што менавіта ён пачаў актыўныя баявыя дзеяньні. Афіцыйныя асобы ў Баку кажуць, што хочуць вызваліць «акупаваныя азэрбайджанскія землі». За чвэрць стагодзьдзя пасьля баявых дзеяньняў суадносіны сілаў памяняліся на карысьць Азэрбайджана. Ён за гады высокіх цэнаў на нафту атрымаў значныя фінансавыя рэсурсы і за кошт гэтага змог пераўзброіць сваё войска. Таму ў Баку лічаць, што маюць ваенную перавагу перад армянамі і могуць узяць рэванш за мінулыя паразы.

З пачаткам баявых дзеяньняў вакол Нагорнага Карабаху Лукашэнка распачаў ліхаманкавыя высілкі, каб апынуцца ў ролі міратворцы. Ён сам патэлефанаваў прэзыдэнтам Азэрбайджана і Армэніі і даручыў міністру замежных спраў і міністар абароны патэлефанаваць сваім азэрбайджанскім і армянскім калегам. Ён відавочна хоча апынуцца ў ролі міратворцы. Досьвед па урэгуляваньню ўкраінскага крызысу, два саміты ў Менску па гэтаму пытаньню апынуліся вельмі эфэктыўнымі для Лукашэнкі ў пляне атрыманьня палітычных дывідэндаў. І жаданьне працягнуць міратворчую місію зьяўляецца цалкам натуральным. Восеньню ён прапаноўваў сябе ў якасьці пасярэдніка для ўрэгуляваньня расейска-турэцкага канфлікту. І вось цяпер зноў.

Лукашэнка лічыць свае шанцы на ролю пасярэдніка і міратворцы ва ўрэгуляваньні армяна-азэрбайджанскага канфлікту даволі вялікімі ў зьвязку з тым, што фармальна дасюль існуе Мінская група АБСЭ па гэтаму пытаньню, створаная ў 1992 годзе. Яна існуе хутчэй фармальна, чым рэальна, і яе паседжаньні праходзілі не ў Менску. Тым ня менш, Лукашэнка палічыў, што існуе добрая падстава, каб Менск зноў апынуўся ў ролі міратворцы.

паводле міжнароднага права Нагорны Карабах павінен быць ў складзе Азэрбайджана

Але ўсю маліну сапсавала неўклюдная беларуская дыпляматыя. МЗС Беларусі выступіў з заявай, якую Армэнія палічыла непрымальнай. Амбасадар Беларусі ў Армэніі Назарук быў выкліканы ў армянскі МЗС, дзе яму была выказана непаразуменьне Ерэвана пазыцыяй Менску. Сапраўды акцэнт ў заяве беларускага МЗС на тэрытарыяльнай цэласнасьці і непарушнасьці межаў дзяржаў выглядае як пазыцыя на карысьць Азэрбайджана. Бо паводле міжнароднага права Нагорны Карабах павінен быць ў складзе Азэрбайджана.

А Армэнія зь Беларусьсью фармальна зьяўляюцца саюзьнікамі. Яны уваходзяць у АДКБ, ЭАЭС. Дык, па лёгіцы Армэніі, калі яшчэ патрэбная падтрымка саюзьніка, калі не ў такія крызысныя моманты. Ня трэба быць дыпляматам, каб зразумець, што такая заява не зьяўляецца нэўтральнай. Яна не павінна была зьявіцца, калі Беларусь прэтэндуе на ролю арбітра. Элемэнтарная непісьменнасьць супрацоўнікаў МЗС сапсавала пляны Лукашэнкі

Цыганкоў: Беларуская заява, мне здаецца, была хутчэй не памылкай, а проста сьледаваньнем нейкаму стандарту. Паводле стандарту трэба гаварыць пра тое, што мы выступаем за мірнае вырашэньне канфлікту ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права, на аснове тэрытарыяльнай цэласнасьці і непарушнасьці межаў і так далей. Такое ўражаньне, што гэта прадстаўнікі МЗС узялі са старых сваіх заяў, якія выдаюцца з нагоды любога канфлікту і апублікавалі. Аказалася такая недарэчнасьць. Не толькі Нагорны Карабах фармальна прыналежыць Азэрбайджану, але і Армэнія захапіла некалькі азэрбайджанскіх раёнаў і па-ранейшаму іх утрымлівае. Гэтыя раёны зьвязваюць Нагорны Карабах з Армэніяй, там такі калідор. Увогуле размова ідзе не пра нагорнакарабахскі рэгіён, а пра канкрэтныя гэтыя азэрбайджанскія раёны, якая знаходзяцца пад акупацыяй Армэніі.

Многія дзеяньні Армэніі ў апошнія гады былі зьвязаныя з Расеяй, калі яна была вымушаная адмовіцца ад эўрапейскай інтэграцыі

Хачу нагадаць заблытаны і небясьпечны геапалітычны аспэкт. Беларусь і Армэнія зьяўляюцца саюзьнікамі па АДКБ, у якую ўваходзіць і Расея, і фактычна Армэнія для Расеі зьяўляецца адзіным саюзьнікам у рэгіёне. Многія дзеяньні Армэніі ў апошнія гады былі зьвязаныя з Расеяй, калі яна была вымушаная адмовіцца ад эўрапейскай інтэграцыі і перайсьці ў структуры, якія кіруюцца Расеяй, эканамічныя і палітычныя. У гэты канфлікт трымае Армэнію ў саюзе з Расеяй, і гістарычна, і геапалітычна гэтай краіне больш няма чаго рабіць. Са сьляпых пазыцый міжнароднага права праўда на баку Азэрбайджана.

Наконт Менску прагноз тут вельмі нэгатыўны, паколькі пасьля доўгіх гадоў прыпыненьня гэтага канфлікту відавочна ён разгараецца. Азэрбайджан адчувае ўсё большыя сілы. Ён адчувае, што адносіны Турцыі і Расеі на такім нізкім узроўні, што Турцыя будзе актыўна падтрымліваць азэрбайджанскую пазыцыю.

Навумчык: Той, хто прапануе выйсьце з карабахскага канфлікту, якое задаволіць усіх — будзе варты Нобэлеўскай прэміі міру. Але сытуацыя нагэтулькі заблытаная ў дзесяцігодзьдзях, што такой палітычнай панацэі, такога варыянту, які б задаволіў усіх — па-просту няма. Сталін сапраўды (як і Ціта ў былой Югаславіі) зрабіў такія вузлы міжнацыянальных праблемаў, якія разьвязваць пакаленьням. У гэтым сэнсе я сказаў бы, што менавіта кіраўнік МЗС Уладзімер Макей, шчыра яму спачуваю, які сутыкнуўся з такімі праблемамі ў кантэксьце міжнароднай палітыкі, мусіў бы быць у першых шэрагах змагароў за сьціраньне імя Сталіна з палітычнай мапы Беларусі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Журналіст Радыё Свабода

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG