Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец: Ніл Гілевіч цьвёрда стаяў на пазыцыях умацаваньня роднай мовы


Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец

Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец паведаміў Радыё Свабода, што заняты напісаньнем нэкралёгу і паведамленьня на сайт пра сьмерць народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча:

«Многія зь сябраў нашага саюзу ведалі Ніла Гілевіча асабіста. Ён як народны паэт і як цудоўны творца заслугоўвае самых добрых слоў. Абавязкова пабываем на пахаваньні, ужо выказалі спачуваньні ягоным родным і блізкім.

Я нават, знаходзячыся пад уражаньнем, дастаў свой архіў і знайшоў ягоны даўні ліст да мяне, калі ён з жонкай Нінай Іванаўнай прачытаў кнігу „Мае сыны“ ў 1988 годзе. Ніл Сымонавіч піша, што яны ня спалі ўсю ноч, плакалі. Такі добры ліст. А вось ягоная віншавальная тэлеграма мне: „Сардэчна віншуем вас, вядомага пісьменьніка, мужнага воіна, афіцэра, душэўнага чалавека ў дзень вашага 50-годзьдзя. Моцнага вам здароўя, творчага натхненьня, новых посьпехаў на ўсіх дзялянках вашай дзейнасьці. Ніл і Ніна Гілевічы“. Гэта 1987 год...

Не магу сказаць, што мы былі сябрамі, але часта кантактавалі. Ён быў вельмі кампанейскім, шчырым чалавекам. Ніл Гілевіч цьвёрда стаяў на пазыцыях умацаваньня роднай беларускай мовы. Ніл Сымонавіч — выдатны выкладчык, хто вучыўся ў яго, памятае яго пранікнёныя лекцыі. Ён быў адным з ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах».

На пытаньне Свабоды, чаму тады ў беларускіх кнігарнях няма твораў Ніла Гілевіча, чаму выдавецтвы яго практычна не выдаюць (паэма «Родныя дзеці» перавыдавалася апошні раз у 2011 годзе, а свой поўны збор твораў у 23 тамах Ніл Сымонавіч выдаў за ўласны кошт мізэрным накладам), старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адказаў так:

«Што тычыцца кніг Ніла Гілевіча, я лічу, што яны будуць выдавацца. У яго ж шмат цудоўных вершаў, якія павінны людзі чытаць, у якіх клопат і пра родны край, і пра чалавека. У яго шмат мэлядычна-музычных вершаў, якіх цяпер вельмі не хапае. Таму, я думаю, гэты недахоп кніг Гілевіча ўдасца паправіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG