Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Панцюк-Жукоўскі: Нам пакінулі краіну без аблічча


Мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі. Фота з майстэрні творцы
Мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі. Фота з майстэрні творцы

Мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі пасьля публікацыі артыкула на Свабодзе пра трыптых з выявамі Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў атрымаў ліст з прэзыдэнцкай адміністрацыі з запэўніваньнем, што сфэра ўжытку беларускай мовы будзе пашырацца. Нягледзячы на ўхваленьне лукашэнкаўскай палітыкі «жорсткай рукі», творца — заўзяты прыхільнік беларусізацыі, за адсутнасьць якой востра крытыкуе цяперашняе кіраўніцтва краіны.

Пісьмовы адказ з адміністрацыі прэзыдэнта падпісаны начальнікам упраўленьня Уладзімерам Пеніным. Паведамляецца, што зварот аб выкарыстаньні беларускай мовы дзяржаўнымі органамі разгледжаны, прыняты да ведама і будзе ўлічаны ў далейшай дзейнасьці.

Мастак кажа, што згодна з нормамі Асноўнага закону кожны беларус мае права чуць сваё кіраўніцтва на дзяржаўнай беларускай мове. Іншая справа, што народ гэтага папросту не патрабуе. Як вынік — родная мова ўжываецца ўсё менш, яе цалкам выцясьняе мова іншай дзяржавы. Пры гэтым мастак згадвае, што нават за савецкім часам сытуацыя выглядала лепш:

«Я нарадзіўся ў 1953 годзе, адпаведна, у 1960-м пайшоў у школу. Пасьля заканчэньня беларускамоўнай школкі ў 1969 годзе прыехаў у Менск паступаць у вучэльню, здаў іспыты. Ну і што ўрэшце? Далей навучаньне пайшло па-расейску. Хоць у той час яшчэ можна было хадзіць па цэнтральным менскім праспэкце і на вуліцы, у крамах чуць беларускую гаворку. То бок у сталіцы яшчэ гучала беларускае слова!

Прыкладам, я жыў у габрэйскай сям’і Каганаў, і гэтыя людзі вольна са мной размаўлялі па-беларуску. І беларускіх паэтаў цытавалі, і ўвогуле ведалі нашу культуру. Яны і павінны былі ведаць, таму што жылі сярод гэтага народа. Тое, што ў іх захавалася габрэйскага — яны таксама захавалі. Вечарамі хадзілі сямейнымі парамі па сваім Камароўскім завулку, абмяркоўвалі на ідышы надзённыя праблемы, дзе-нідзе ўстаўляючы то беларускае, то расейскае слоўца. Але ж мы жылі ў згодзе: я прывозіў зь вёскі грыбы сушаныя, ягады, дзяліўся зь імі. Яны частавалі мяне сваімі прысмакамі, у выходныя абавязкова была фаршыраваная рыба. І ўсё было добра. Вось што значыць, калі ў народаў ёсьць паразуменьне».

У майстэрні творцы
У майстэрні творцы

Аляксей Панцюк-Жукоўскі наракае, што да пачатку 1990-х градус беларускасьці ў грамадзтве дасягнуў крытычна нізкай адзнакі. Не асабліва зьмянілася сытуацыя і за прамінулыя чвэрць стагодзьдзя — нягледзячы на прыгожую шыльду сувэрэннай дзяржавы:

«Вось жа парадокс: тады, за савецкім часам, яшчэ была Беларусь. А вось у 1990-я, калі сталі незалежнымі, ці стварылі мы рэальную краіну Беларусь? Наколькі паўнавартасная гэтая дзяржава? Незалежная Рэспубліка Беларусь — фармальна так называецца наша краіна, правільна? Але гэта толькі назва, самой Беларусі, па вялікім рахунку, няма. Гэта ўсё той жа, як я лічу, каляніяльны паўночна-заходні край. Таму што я хаджу па горадзе, нават на вёску еду — і не магу пачуць беларускае слоўца. Ну дык якую краіну мы стварылі?

Так, займелі незалежнасьць, але ці робім краіну такой, якой яна павінна быць — сапраўды незалежнай, сапраўды для беларускага народа? Апанэнты могуць сказаць: дык мы ж, маўляў, шматнацыянальны народ — і габрэі, і татары, і грузіны, і розныя іншыя. Але калі зірнуць на перапіс 2009 году адносна складу насельніцтва Беларусі, то карціна не такая ўжо і стракатая. Агулам у перапісе адзначылася 9 мільёнаў 500 тысяч чалавек. Зь іх беларусаў — 7 мільёнаў 957 тысяч. То бок амаль што 84% насельніцтва краіны складаюць беларусы. Тых жа расейцаў усяго 8,26%. Цэльны народ, дзе абсалютная большасьць — мы, беларусы!».

Трыптых «На скрыжаваньні стагодзьдзяў»
Трыптых «На скрыжаваньні стагодзьдзяў»

Размытасьць у нацыянальнай самаідэнтыфікацыі суразмоўца сьпісвае на спадчыну, якая дасталася ад шматлікіх заваёўнікаў. Стагодзьдзямі беларусаў прыгняталі чужынцы, пасьлядоўна пазбаўляючы карэнных жыхароў галоўных прыкметаў этнічнай унікальнасьці, найперш — мовы:

«Цяпер беларус падзяліўся на расейскамоўнага і беларускамоўнага. Але ж гэта не яго віна, гэта віна таго векавога генацыду, які вісеў над нашай зямлёй, над нашым народам. Беларуса зьневажалі ў Рэчы Паспалітай, дзе не лічылі за чалавека. Бо селянін-паляк — гэта ўжо пан, а селянін-беларус — быдла. Можа, князі яшчэ маглі быць нароўні, але ж яны па-польску гаманілі з палякамі, калі ў Сэйме засядалі. Дык хто яны пасьля гэтага? Здраднікі свайму народу. Калі аб’ектыўна глядзець, то яны ня думалі пра самастойнасьць сваёй краіны, ня думалі пра свае землі, а мелі паветы з прыгоннымі сялянамі, і ім гэтага было дастаткова — рабаваць сваіх жа суродзічаў. І яшчэ даніну з гэтага народа плаціць паляку, а як жа?

А потым давялося пераарыентавацца і плаціць у казну расейскую. Вось вам і ўся эвалюцыя. Калі мы сталі незалежнымі, першыя крокі ў 1990-я былі абсалютна правільныя: тагачаснае кіраўніцтва ўзялося пераводзіць рэйкі ў бок беларускамоўнасьці. Пачалі ствараць сувэрэнную краіну. І народ узьняўся, патрыятычны дух узмацніўся. Людзі хацелі зьменаў! Канечне, камусьці было нязвыкла: усё стала па-беларуску, а мне цяжка гаварыць, разумею, а выказацца не магу. Можа, дзесьці і былі нейкія перакосы, але ж усялякія новыя боты ціснуць».

Дык які «машыніст» вінаваты ў тым, што зьбіўся са шляху? Чаму моўныя рэйкі, насуперак рамантычным чаканьням адраджэнцаў, вывелі не на «шырокі прастор», а завялі ў тупік? Аляксей Панцюк-Жукоўскі лічыць, што збой у сыстэме адбыўся ў сярэдзіне 1990-х, калі ўсе ранейшыя высілкі былі перакрэсьленыя ўзаконеным дзьвюхмоўем:

«Трэба было школы пачынаць беларускамоўныя, інстытуты адчыняць беларускамоўныя, каб рыхтаваць кваліфікаваных спэцыялістаў. Каб гэта масава пачалося, то вынік быў бы іншы. А на народ ня трэба было і зважаць, людзі паміж сабой няхай гавораць як умеюць, як прызвычаіліся. Трэба нейкую заяву напісаць — дапамажы, дырэктар, запоўніць па-беларуску, ты ж у нас разумны. Ці няхай па-расейску напіша, нічога страшнага, наступны раз паспрабуе па-беларуску.

Я перакананы: за гэтыя 25 гадоў, што мінулі ад атрыманьня нашай незалежнасьці, Беларусь стала б беларускамоўнай краінай. І ніякіх бунтаў, якімі страшаць, не было б, таму што ў 1990-я хутчэй за беларусаў па-беларуску загаварылі габрэі, татары, армяне, азэрбайджанцы — усе пачалі размаўляць. Як умелі, але гаварылі. Разважалі так: мая радзіма — Азэрбайджан, я там нарадзіўся. У Піцеры вучыўся, а прыехаў у Беларусь, жаніўся, жыву і ў мяне тут дзеці. Гэта таксама мая радзіма. Беларус — мой сябра, і я хачу быць беларусам разам зь ім. І калі ён са мной па-беларуску, дык і я зь ім на гэтай мове буду гаварыць. Людзі ўсё гэта разумеюць».

Ліст да Аляксандра Лукашэнкі
Ліст да Аляксандра Лукашэнкі

Чаму да пераходу на мову былі гатовыя нават прадстаўнікі іншых этнічных групаў, але ад яго ўпарта адмаўляліся вышэйшыя кіраўнікі? Ці насамрэч масавая беларусізацыя пагражала «дэстабілізацыяй», як намагаюцца апраўдаць сваю пазыцыю колішнія і цяперашнія ідэолягі «двуязычыя» на карысьць расейшчыны? Аляксей Панцюк-Жукоўскі на гэты конт трымаецца наступнай думкі:

«Такое адчуваньне, што кіраўніцтву нашаму ўсьвядоміць важнасьць пераходу на родную мову як быццам нехта ці нешта замінае; як быццам яны, перш чым стаць кіраўнікамі, недзе расьпісаліся, што павінны выконваць нечыя ўказаньні.

Карэспандэнт: «Тады над Беларусьсю „дарадцы“ маскоўскія? Прынамсі, іхная палітыка выглядае менавіта так...».

«Ну хто яго ведае, я што, правяраў? Ці маю такі дакумэнт, каб правесьці расьсьледаваньне? Па сутнасьці, выглядае так. Калі разгарнуць падручнік гісторыі і паглядзець на былыя каляніяльныя краіны, то што бачым? Ну, выйшлі з-пад партугальскага пратэктарату, сталі незалежнымі. Але дзяржаўная мова там якая? Так, партугальская. Брытанскія калёніі? Ангельская мова. Францускія — француская, гішпанскія — гішпанская. Таму што, будучы пад каляніяльным прыгнётам, калі ў абарот запушчана гішпанская ці француская і калі народ ад сваёй, Богам дадзенай мовы, адыходзіць (трэба ж працаваць на фэрмах, на прадпрыемствах, ва ўстановах), адбываецца ўхіл у бок новай, якая становіцца фактычна дзяржаўнай.

Гэтак жа ў нас з расейскай. Вось я прыйшоў у вучэльню — выкладаюць па-расейску. У інстытут паступаю — таксама расейская. Горад пачынае на ёй гаварыць, куды ні зьвярніся — усюды ўсё па-расейску. Людзі ўжо нават не задумваюцца: так, я беларус, але расейскамоўны. У каляніяльныя часы нас так выхавалі, манкуртамі зрабілі, што мы ня думаем пра наступствы. І дзякуй Богу, што калі глядзіш на ліст перапісу насельніцтва, застаецца спадзеў: столькі людзей у 2009-м у графе „нацыянальнасьць“ паставілі сябе беларусамі! Трэба сёньня схіліць галаву перад народам, што ён, аддаўшы ўсё дзеля выжываньня — сваю зямлю, сваю мову, сваю ўладу, бярыце, кіруйце, — усё ж здолеў захаваць у сабе памяць, што ён беларус. Захаваў повязь са сваімі продкамі, са сваімі прашчурамі. Разумееце?».

Сярод твораў спадара Панцюка-Жукоўскага адзін выклікае найбольш неадназначную рэакцыю — гэта трыптых «На скрыжаваньні стагодзьдзяў». Беларусь сярэднявечную на палатне ўвасабляе вялікі князь літоўскі Міндоўг, Беларусь савецкую — партыйны лідэр Пётар Машэраў, Беларусь незалежную — першы і пакуль апошні прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ў кампаніі з малодшым сынам (хоць аўтар і настойвае, што гэта ня Коля, а зборны вобраз маладой краіны). Мастак кажа, што ня ставіў на мэце ўславіць менавіта гэтых герояў — на свае месцы іх расставіў сам гістарычны ход падзеяў. У пацьверджаньне гэтага адважвае порцыю крытыкі дзейнаму кіраўніку дзяржавы, які нясе асабістую адказнасьць за русыфікацыю грамадзтва:

«Калі першая асоба ў дзяржаве стукае сябе ў грудзі і кажа, што мы на гэтай зямлі ўсе „рускія“, ды яшчэ „са знакам якасьці“, то як такое разумець? А заяўлена наўпрост: мы тут усе такія ж „рускія“, як і вы там у Расеі. Ну, канечне: у нас галава адна і ў вас адна, дзьве рукі, дзьве нагі — фізіялягічна такія ж. Але, даражэнькі мой: мы — беларусы, ніякія ня „рускія“! Гэта ў Расеі, дзе сто народнасьцяў і столькі ж моваў, умоўна можна назваць „рускімі“. Паміж сабой розныя, а разам — расейцы, бо маюць грамадзянства Расеі. Гэтак жа і ў нас габрэй, татарын, грузін, якія жывуць у Беларусі, ёсьць „беларусамі“. Падпісаўся пад грамадзянства — значыць, абавязаны вывучыць дзяржаўную беларускую мову, каб яго атрымаць.

Так, сырыец, які прыехаў у Эўропу, павінен вывучыць нямецкую мову, калі хоча застацца ў Нямеччыне; здаць іспыт, каб далі грамадзянства. Ну, а як інакш? А нам краіну паступова пакінулі без аблічча — неўзабаве пасьля таго, як народ толькі адышоў ад каляніяльнага прыгнёту. Няхай гэта быў нядаўні сацыялізм, шмат хто ў той эпосе выхаваны, і, здаецца, шмат чаго тады было і добрага — усе народы зьбіраліся ў адной хаце, глядзелі адзін на аднаго — і ніякіх праблемаў, заставаліся ў нармальных адносінах. Але ж сытуацыя зьмянілася, у Беларусі мы найперш беларусы. І калі пачнём думаць па-беларуску, тады гэта будзе наша краіна. Будзе сапраўдная, незалежная Беларусь. А так атрымліваецца, што мы прыстасаванцы. Нам ня важна, дзе жыць, і сёньня гэта бачна ў выпадку зь перасяленцамі. Усё роўна, галоўнае — уладкавацца, куш сарваць. А калі што ня так — узяў квіток ды паехаў у іншую краіну. Спачатку на заробкі, а потым і на сталае жыхарства. Сёньня лёгка кідаць сваю радзіму...».

Аляксей Панцюк-Жукоўскі нарадзіўся ў 1953 годзе на Палесьсі ў вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёну Гомельшчыны. У 1979-м скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Ад 1988 году — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Апошнія 30 гадоў выкладае малюнак, жывапіс і кампазыцыю ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка. Палотны знаходзяцца ў фондах музэяў і ў прыватных калекцыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG