Нагадаю сынопсыс: 23 сакавіка, падчас урачыстай цырымоніі, журы прэміі «Дэбют» імя Багдановіча абвесьціла, што сёлета яўнага пераможцу ў фінальнай тройцы паэтаў і паэтак (Мікіта Найдзёнаў, Алесь Плотка, Анхела Эспіноса) яму знайсьці не ўдалося, а таму й прысуджаць І прэмію (і прыз 2000$) няма сэнсу. Зусім зразумела, што ўся тройка ўспрыняла гэта як абразу: Алесь Плотка напісаў адкрыты ліст да арганізатараў прэміі, дзе ўказаў на юрыдычныя дзіркі ў статуце і запатрабаваў прысудзіць першую прэмію, Мікіта Найдзёнаў выклікаў журы на паэтычны батл. Журы адказала на адкрыты ліст, што зьмяняць сваё рашэньне не зьбіраецца.
Ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш уражвае яўная зьмена пакаленьняў. Раней, калі ў (пост)савецкага літаратара ўзьнікала крыўда й абурэньне несправядлівасьцю журы (рэдакцыяй часопіса ці выдавецтва), ён зазвычай дасылаў скаргі ў кантрольныя органы. У савецкі час тое быў ЦК КПБ, пазьней – Адміністрацыя ППРБ.
Цяпер жа справа абмяжоўваецца лякальным скандалам у сацыяльных сетках і паэтычным батлам. Прагрэс відавочны!
Прычына скандалу, хоць пра яе ніхто й не казаў наўпрост, у тым, што ўсе тры кнігі даволі слабыя. Вось толькі не прынята ў нас казаць «няўдалая кніга», «кепская кніга». Што аўтар перабраў у творы з «ізмам», паленаваўся дарабіць канцоўку, вычасаць мову, рассыпаў кампазыцыю, накапірайціў лішніх сто старонак, паўключаў шмат фігні побач з добрымі творамі і г.д. Наўзамен гэтых слоў заўсёды і ва ўсіх выпадках будзе вісець каменнае публічнае маўчаньне.
Крытыка? Ня будзем пра сумнае. Усе мае калегі фаталістычна ядуць стравы без найменшае скаргі на недасоленасьць, недаваранасьць ці проста няўежнасьць – навобмацак раздорваючы мішленаўскія зоркі. Сабе даражэй: напішаш пару раз, што сабакам сьмярдзіць – два гады будзеш рэбры па кутах зьбіраць. Найхітрэйшыя з бадхісатваў навучыліся цярпець пясок на зубах альбо выбіраюць стравы паводле свайго, прыкладна, густу…
Цнатлівую гэную маўкліню можа ўратаваць літаратурная антыпрэмія. Здаецца, узнагародаў у Беларусі ўжо трохі ёсьць, аднак яны працуюць выключна на глярыфікацыю ляўрэатаў, сацыялістычнае спаборніцтва найноўшых іерархій і рэпутацый. Ну, і на матэрыяльную падтрымку, ясная рэч.
Так, у «эпоху стыглага часу» нараджэньне незалежных прэмій было джокерам у гульні зь мінкультаўскім і мінінфармаўскім афіцыёзам, які пабіў усе карты літаратурнай дзяржбюракратыі. Цяпер жа раскладка беспаваротна зьмянілася, і адсутнасьць «самакрытыкі» становіцца ўсё больш заўважнай.
Скажам, у Расеі газэта «Кніжны агляд» з 2001 году прысуджае антыпрэмію «Абзац» ажно ў чатырох намінацыях: «Найгоршая карэктура», «Найгоршы пераклад», «Найгоршая рэдактура» і ўрэшце «Поўны абзац» – за парушэньне ўсіх магчымых правіл. У той жа час, «Абзац» больш блізкі да крытыкі выдавецкага рынку, чым да саміх аўтараў.
У значна горшым становішчы знаходзяцца ляўрэаты ўкраінскай антыпрэміі «Золота булька» (ці, па-нашаму кажучы, «Залатая бурбалка»). Гэтая «ўзнагарода» – адна з намінацый штогадовай прэміі сайта «ЛітАкцэнт». «Найгоршую кнігу году» атрымалі ўжо і Юры Андруховіч, і Любко Дэраш, і Ірэна Карпа – то бок, украінскія экспэрты абсалютна спакойна, не зважаючы на аўтарытэт пісьменьніка/пісьменьніцы, зварочвалі ўвагу публікі на няўдалыя рэчы. Што праўда, па ўзнагароду з 2008 году так ніхто зь ляўрэатаў і не прыходзіў.
Зьяўленьне антыпрэміі магло б ураўнаважыць штогадовае ўзьвядзеньне помнікаў «меркаваньнем збоку». Вядома, антыпрэмія мусіла б быць сытуатыўнай, каб у пэўны момант паказаць аўтару (аўтарцы) добрых тэкстаў «сярэднюю сьвіснутасьць» ягонага новага опусу, а не лаяць «па сукупнасьці заслуг».
Адно толькі пытаньне: хто набярэцца нахабства і стане рэгулярна падстаўляць сябе пад удар? Якая арганізацыя ці літарацкая групоўка? Пры неабсяжным расейскім кніжным рынку ці добра разьвітым украінскім літаратурным інтэрнэце зь дзясяткамі культурных віртуальных пляцовак таксама, даволі проста схавацца. У нас жа ўсё настолькі ўзаемазьвязана і нават узаемазлучана, што сутыкненьне з аб’ектам крытыкі непазьбежнае. А могуць і парабэлум дастаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.