Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракты скарацілі праграму беларускай апазыцыі ў Брусэлі


Адно з пасяджэньняў прайшло, нягледзячы на тэракты, другое было скасаванае. Ў Эўрапарлямэнце беларусы таксама далучыліся да акцыі падтрымкі Надзеі Саўчанкі.

Фармат удзелу Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Усходняга партнэрства (Эўранэст) абмяркоўваўся 22 сакавіка ў Бруселі на пасяджэньні рабочай групы па Беларусі, паведаміў БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Зь беларускага боку ў пасяджэньні акрамя Лябедзькі ўзялі ўдзел лідэры палітычных партый і аб’яднаньняў Ірына Вештард, Юрась Губарэвіч, Сяргей Калякін, Тацяна Караткевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Аляксей Янукевіч, а таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Андрэй Бастунец, Улад Вялічка і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу «Хартыя’97» Натальля Радзіна.

Эўрапарлямэнтары пагадзіліся, што трэба дачакацца вынікаў парлямэнцкіх выбараў

Паводле Анатоля Лябедзькі, пазыцыя беларускага боку на сустрэчы «была практычна на 100% кансалідаваная». Яна, у прыватнасьці, заключалася ў тым, што ў Беларусі павінны праводзіцца свабодныя і справядлівыя выбары, краіне неабходны новы эканамічны курс і эканамічныя рэформы, а сама дзяржава павінна быць сувэрэннай і эўрапейскай. Беларуская апазыцыя выступіла «супраць кулюарных дамоўленасьцяў з уладамі і прызначэньня апазыцыянэраў у парлямэнт», падкрэсьліў Лябедзька.


Асобна на сустрэчы абмяркоўвалася пытаньне беларускага прадстаўніцтва ў Эўранэсьце. «На нашу думку, тут усё павінна залежаць ад правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. Пры гэтым шэраг дэпутатаў Эўранэсту ўжо цяпер хацелі, каб дзейнічала формула» 5+5 «, калі ў арганізацыі будуць прадстаўленыя пяць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і пяць апазыцыянэраў. Але нам удалося дамагчыся, што гэта ўзгадняць заўчасна. Эўрапарлямэнтары пагадзіліся, што трэба дачакацца вынікаў парлямэнцкіх выбараў», — сказаў палітык.

Крыху адрозьнівалася ад выступленьняў астатніх беларускіх палітыкаў пазыцыя аднаго з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду», кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2015 года Тацяны Караткевіч. На пасяджэньні яна, у прыватнасьці, заявіла пра неабходнасьць выкарыстаньня тактыкі перамоў з уладамі.

На думку Караткевіч, неабходна быць «здольным прад’явіць альтэрнатыву», сумяшчаць «перамоўную тактыку з тактыкай вулічных акцый», а таксама ўдзельнічаць у палітыцы, «максымальна ўцягваючы ў яе грамадзян».


22 сакавіка беларускія палітыкі таксама павінны былі ўдзельнічаць у пасяджэньні камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту, на якім, апрача іншага, плянавалася абмеркаваньне беларускай праблематыкі. Гэта пасяджэньне Лябедзька называў больш важным у параўнаньні з пасяджэньнем рабочай групы па Беларусі, аднак яно было адменена пасьля тэрактаў. Як іранізуе ў сваім Фэйсбуку Віталь Рымашэўскі "сусьветнае зло зноў на баку рэжыму".

Беларускія апазыцыянэры павінны вярнуцца на радзіму 23 сакавіка, аднак Лябедзька не выключыў, што іх вылет можа быць затрыманы ў сувязі з падзеямі ў бэльгійскай сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG