Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская кніга яшчэ пажыве...» — кнігавыдавец Зьміцер Колас


Зьміцер Колас (зьлева) і Лявон Баршчэўскі падчас прэзэнтацыі сваіх кніг у Магілёве, 17 сакавіка 2016 году
Зьміцер Колас (зьлева) і Лявон Баршчэўскі падчас прэзэнтацыі сваіх кніг у Магілёве, 17 сакавіка 2016 году

Выдавец і перакладчык Зьміцер Колас за мінулы год выдаў 31 кнігу. У ягонай скарбонцы — пераклады твораў мастацкай, навуковай, гістарычнай ды дзіцячай літаратуры. Зьміцер Колас прызнае, што беларускае кнігавыданьне перажывае ня лепшыя свае гады.

«Няхай наша кніга і наша мова зьнікнуць, але не пры мне — нават калі я і буду апошні, хто будзе чытаць і гаварыць па-беларуску», — выказваецца творца.

Днямі Зьміцер Колас і ягоны калега, перакладчык і кнігазнаўца Лявон Баршчэўскі гасьцявалі ў Магілёве. На запрашэньне мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы творцы наведаліся ў грамадзкі цэнтар «Кола», каб прэзэнтаваць свае апошнія кнігі.

Пра тое, як жывецца беларускамоўнаму кнігавыданьню, Зьміцер Колас распавёў Свабодзе.

— Спадар Зьміцер, на сустрэчы з магілёўцамі вы назвалі кнігавыданьне — экстрэмальным відам дзейнасьці. Чаму?

— Кнігавыданьне робіцца экстрэмальным відам дзейнасьці ўва ўсім сьвеце. Папяровая кніга, як мне падаецца, дажывае свой век. Цяпер мы, ня дужа ўсьведамляючы, жывём у пэрыяд, падобны таму, як некалі чалавецтва перажыло вынаходніцтва друкаванага станка Гутэнбэргам (Ёган Гутэнбэрг, нямецкі першадрукар 15 стагодзьдзя, РС).

Зьміцер Колас (зьлева) і Лявон Баршчэўскі падчас прэзэнтацыі ў Магілёве
Зьміцер Колас (зьлева) і Лявон Баршчэўскі падчас прэзэнтацыі ў Магілёве

Тады таксама шмат хто крычаў: гэтага нельга рабіць, бо людзі няведама што самі будуць друкаваць і чытаць. Цяпер друкаваны станок замяняе інтэрнэт. У ім шмат чаго патрэбнага і ня дужа патрэбнага. Аднак, кніга яшчэ пажыве, бо многія ня хочуць чытаць электронныя кнігі, а хочуць гартаць і трымаць папяровыя.

Другая прычына, беларуская. Кнігавыдаўцы загнаныя ў дужа жорсткія рамкі. Спачатку было ліцэнзаваньне, а цяпер рэгістраваньне. Акрамя дазволу на кнігавыданьне ёсьць патрабаваньне выдаваць кнігі невялікімі накладамі. Пытаньне: Чаму кнігавыдавец мусіць знаходзіцца такіх ў шорах?

У нас столькі перашкодаў для кнігавыданьня, асабліва ў ідэалягічнай сфэры, што часам рукі апускаюцца. Прыгадайце гісторыю з выдаўцом Ігарам Логвінавым, якога абвінавацілі ў выданьні фотаальбома зь нібыта тэндэнцыйным падборам здымкаў... Але ж любое аўтарскае бачаньне — суб’ектыўнае і ў гэтым сэнсе тэндэнцыйнае. Атрымліваецца, у нас няма свабоды меркаваньняў?! Мала таго, пацярпеў ня сам выказьнік меркаваньняў, а той, хто забясьпечыў яму канстытуцыйнае права гэтыя меркаваньні выказаць.

Іншым разам караюць за дробязі. І са мной так было: вынесьлі папярэджаньне за парушэньне нейкіх стандартаў у афармленьні выпускных дадзеных: ня той кегель шрыфту ці нейкія падобныя дробязі.

Творчы даробак Зьмітра Коласа
Творчы даробак Зьмітра Коласа

Прычапіцца могуць да ўсяго. А як папярэджаньне ёсьць, дык пасьля выдавец у любы момант можа перастаць быць выдаўцом. Было б жаданьне кантралёраў, ці замова.

— Як на ваш погляд, ці ёсьць запыт у чытача на беларускамоўную літаратуру?

—Запыт ёсьць, але ўсё меншы — я заўважаю гэта па продажу. І гэта вельмі хвалюе. Інтэрнэт у беларускай сытуацыі яшчэ не адыгрывае той ролі, як у іншых краінах і культурах. Я маю на ўвазе, што ў інтэрнэце пакуль няма такой вялікай разнастайнасьці беларускамоўных тэкстаў, як на іншых, у тым ліку даступных беларусам мовах (рускай, польскай). Таму папяровая кніга ў нас па-ранейшаму займае вельмі важнае, дагэтуль дамінантнае месца.

Я ня думаю, што ў падзеньні накладаў папяровых выданьняў электронныя кнігі адыгрываюць вызначальную ролю. Хутчэй гэта паказчык агульнага падзеньня ўзроўню культуры.

— Ці ўплывае эканамічны крызіс на беларускае кнігавыданьне?

—Узровень жыцьця падае, і людзі ашчаджаюць на кніжках. Зразумела, што і ў крызіс людзі хочуць чытаць ня менш, чым у болей спрыяльны час, аднак набыць кнігу ня кожны можа сабе дазволіць.

Зьміцер Колас: «Беларускаму кнігавыданьню маглі б дапамагчы чытачы»
Зьміцер Колас: «Беларускаму кнігавыданьню маглі б дапамагчы чытачы»

Калі нічога ня зьменіцца, пэрспэктывы мне бачацца досыць сумныя: чым больш будуць памяншацца наклады беларускіх кніг, тым больш узрастаць выдаткі на выраб аднаго асобніка. Па-сутнасьці, можа скласьціся сытуацыя каляпсу: чым меншы наклад, тым даражэйшая кніга і тым менш людзей могуць яе набыць, што ў сваю чаргу цягне яшчэ большае зьмяншэньне накладаў і яшчэ большае падаражэньне і г.д. У такіх умовах і пры адсутнасьці зьнешняй падтрымкі беларускае кнігавыданьне чакае павольнае згортваньне.

— На чым жа яно трымаецца цяпер?

— Збольшага на энтузіязьме. Гэта ўжо даўно ня бізнэс. Гэта хутчэй хобі. Дапамагчы беларускаму кнігавыданьню маглі б і чытачы. Калі б яны, напрыклад, прыходзілі на сустрэчы і ня толькі слухалі, але яшчэ і набывалі кнігі.

Каб купіўшы кнігу, чытач пакідаў яе сабе, а не перадаваў чытаць іншаму. Захоўваў яе для сваіх дзяцей, для сваіх нашчадкаў.

— А беларусы, ці чытацкі народ?

—Так, беларусы чытаюць нямала, але далёка ня ўсе і, галоўнае, далёка ня ўсе па-беларуску. Дый, па шчырасьці, калі параўноўваць зь іншымі народамі, мы далёка ня лепшыя. Мы ня лепшыя і ў тым, як баронім сваю нацыянальную годнасьць, ідэнтычнасьць, хоць нас нашмат болей за іншыя народы, тых жа, літоўцаў, напрыклад, якія цалкам сваёй мовай сябе забясьпечваюць, якія ўсьведамляюць і бароняць сваю самабытнасьць.

Зьміцер Колас: «Беларусы чытаюць нямала, але далёка ня ўсе і, галоўнае, далёка не ўсе па-беларуску»
Зьміцер Колас: «Беларусы чытаюць нямала, але далёка ня ўсе і, галоўнае, далёка не ўсе па-беларуску»

У нас свая гісторыя русыфікацыі. 200 год пражылі пад Расеяй. А яшчэ раней уся нацыянальная вярхушка перайшла на польскую мову. Але тады яшчэ не было адзінай агульнай адукацыйнай сыстэмы. А цяпер праз агульную адукацыйную сыстэму адна мова, беларуская, пад пятой, а другая, расейская, няблага сябе ў Беларусі адчувае і разьвіваецца. І гэтак было за Расейскай імпэрыяй і Савецкім Саюзам. Гэтак працягваецца і сёньня ўжо ў сувэрэннай Беларусі. Дык чаму зьдзіўляцца, што ў нас такая сытуацыя зь беларускім кнігавыданьнем і мовай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG