Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: Як зьявяцца беларускамоўныя сэрыялы — людзі загавораць па-беларуску


Лявон Баршчэўскі падчас прэзэнтацыі ў Магілёве, чытае вершы. Побач ягоны калега, перакладчык і выдавец Зьміцер Колас
Лявон Баршчэўскі падчас прэзэнтацыі ў Магілёве, чытае вершы. Побач ягоны калега, перакладчык і выдавец Зьміцер Колас

«Як зьявяцца беларускамоўныя сэрыялы, то ўбачыце — людзі загаворыць па-беларуску. Калі б былі запатрабаваныя такія сэрыялы, то дзясяткі нашых папулярных пісьменьнікаў узяліся б пісаць сцэнары да іх. Яны стваралі б масавую літаратуру і вельмі таленавіта яе пісалі», — лічыць літаратуразнаўца і перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Днямі Лявон Баршчэўскі і яго калега, перакладчык і выдавец Зьміцер Колас прэзэнтавалі ў Магілёве свае творчыя даробкі. Лявон Баршчэўскі прадставіў магілёўскай грамадзе сваю апошнюю кнігу перакладаў сусьветнай паэзіі «І боль, і прыгажосьць». У грамадзкім цэнтры «Кола» госьць чытаў магілёўцам вершы на мове арыгіналаў і іх пераклады. Адказваў на пытаньні.

Лявон Баршчэўскі падзяліўся са Свабодай сваім бачаньнем стану беларускай мовы, яе здольнасьцю адаптавацца да цяперашніх рэаліяў, выказаўся пра пэрспэктывы збліжэньня «наркамаўкі» з «тарашкевіцай» ды пагаварыў пра беларускамоўныя бульварныя раманы і сьлязьлівыя сэрыялы.

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

— Спадар Лявон, ці задавальняе Вас як чалавека, які жыве ў беларускай мове, яе цяперашні стан? Ці бачыце знакі, якія сьведчаць, што мова паволі ажывае?

— Найперш, няма такога беларускамоўнага чалавека, якога б не турбавала тое, што яму не хапае беларускамоўнага асяродзьдзя. Мне, дык яго хапае, але ж я не жыву на Месяцы і адчуваньне дыскамфорту ёсьць.

Калі нашы папярэднікі казалі, што ў нас ёсьць беларускамоўная вёска і яна ня дасьць загінуць мове, дык, да жалю, працэсы апошняга часу разбураюць беларускую вёску і падрываюць беларускае асяродзьдзе.

Наша спадзяваньне — на моладзь. Зьяўляюцца моладзевыя ініцыятывы, праекты, арганізуюцца беларускамоўныя канцэрты, якімі пашыраецца мова. У цяперашняй моладзі ёсьць шанец яе ўратаваць, хоць даводзіцца займацца моўнымі пытаньнямі ў дужа цяжкіх умовах.

Наведнікі пэзэнтацыі. Выбар беларускіх кніг на творчай сустрэчы быў большым, чым у магілёўскіх кнігарнях
Наведнікі пэзэнтацыі. Выбар беларускіх кніг на творчай сустрэчы быў большым, чым у магілёўскіх кнігарнях

Трэба быць моцнай асобай, каб нешта крэатыўнае ды яшчэ выдумляць. У гэтых выпрабаваньнях растуць, разьвіваюцца і становяцца аўтарытэтнымі моладзевыя лідэры. За імі цягнуцца іншыя. Адзіны шлях да адраджэньня — калі ня толькі сам нешта робіш, але і цягнеш за сабой іншых.

Беларускую мову забіць не ўдалося і яна не загіне. Нават людзі з Расеі, Бразыліі, Гішпаніі валодаюць ёю. Адно пытаньне: калі яна загучыць ў нас паўнавартасна? Гэта пытаньне больш складанае. У мяне ёсьць элемэнты аптымізму на гэты конт, але мы маем пакуль толькі парасткі новага, бо беларускамоўнага ў нас мусіць быць у разы болей.

— Наколькі ўдала беларуская мова адаптуецца да зьменлівых сучасных рэаліяў? Ці назіраецца беларусізацыя новых замежных словаў, фразаў, тэрмінаў?

— Беларуская мова, безумоўна, разьвіваецца ў сваім рэчышчы і з усімі цяжкасьцямі. Беларускамоўныя асяродкі замкнёныя. Яны ёсьць, але невялікія, і гэта адбіваецца на сытуацыі. Некаторыя пласты не разьвіваюцца, бо ім проста не даюць разьвівацца. Аднак мова ўсё ж адаптуецца. Яна знаходзіць новыя сродкі і, найперш, дзякуючы людзям, якія аўтэнтычна, натуральна зь дзяцінства вырасьлі беларускамоўнымі.

Зборнік перакладных вершаў Лявона Баршчэўскага «І боль, і прыгажосьць», які наведнікі прэзэнтацыі маглі набыць разам зь іншымі беларускамоўнымі выданьнямі
Зборнік перакладных вершаў Лявона Баршчэўскага «І боль, і прыгажосьць», які наведнікі прэзэнтацыі маглі набыць разам зь іншымі беларускамоўнымі выданьнямі

Вось з моладзевага асяродзьдзя прыйшло ў мову слова «ночыць» замест «начаваць» — і яно ў мове паступова прыжываецца! Паўтаруся: мова не загіне. Яна здолее адаптавацца і канкураваць з самымі пашыранымі мовамі.

— Нястача беларускамоўнага асяродзьдзя — ці ўплывае яна на мову сучасных беларускіх літаратараў? Іх мова, на Вашу думку, саступае мове Янкі Купалы, Якуба Коласа?

— Я так ня думаю. Напрыклад, вакол Уладзімера Арлова здаўна існавала беларускамоўнае асяродзьдзе. Іншая рэч, як гаворыць вуліца, ад якой мы не схаваемся. І, каб перадаваць, як яна гаворыць, таксама трэба знаходзіць нейкія сродкі, быць вынаходлівымі. Я ня думаю, аднак, што ў гэтым пляне літаратары так ужо пакутуюць.

Лявон Баршчэўскі (справа) і Зьміцер Колас падчас прэзэнтацыі ў Магілёве
Лявон Баршчэўскі (справа) і Зьміцер Колас падчас прэзэнтацыі ў Магілёве

Сучасныя літаратары — збольшага гарадзкія: вырасьлі ў гарадзкім асяродзьдзі, але ў ім яны ўсё ж цяпер больш знаходзяцца сярод беларускамоўных. Я б не сказаў, што мова горшае: яна ўсё ж такі ўдасканальваецца. Знаходзяцца новыя пласты, новыя жаргоны, якія прышчапіліся ўжо беларускай мове. Я б не сказаў, што яна ў сваіх найлепшых праявах горшая за тую, якая была ў 1989 годзе, напрыклад.

— Як бы Вы ацанілі якасьць мовы ў афіцыйнай пэрыёдыцы, на беларускім тэлебачаньні, радыё? Яе там ня дужа шмат. Ці ўплывае гэта на яе якасьць?

— Безумоўна, там якасьць мовы ў цэлым пагоршылася. Найлепшыя беларускамоўныя журналісты выжытыя з многіх тэлеканалаў, сродкаў масавай інфармацыі. Цяпер там засталося наогул няшмат людзей, якія жывуць у беларускамоўным асяродзьдзі, карыстаюцца штодзённа беларускай мовай. І гэта ў іх адразу вылазіць на паверхню.

— На Вашу думку, калі знойдуць паразуменьне «наркамаўка» з «тарашкевіцай». Ці адбудзецца іх збліжэньне?

— Гэта пытаньне не такое актуальнае цяпер. Можа, мы ў пэрспэктыве наагул на лацініцу пяройдзем... Калі азэрбайджанцы ці ўзбэкі перайшлі на лацініцу, дык, я ня думаю, што ў іх былі ўмовы лепшыя, чым цяпер у нас. Вось жа, пытаньне правапісу другаснае.

Лявон Баршчэўскі ў Магілёве. Падпісвае зборнік перакладных вершаў “І боль, і прыгажосьць”
Лявон Баршчэўскі ў Магілёве. Падпісвае зборнік перакладных вершаў “І боль, і прыгажосьць”

— Ці зьявіўся, як на ваш погляд, запыт на бульварныя беларускамоўныя раманы?

— Гэтага пакуль няма і на цяперашнім этапе гэтага ня мусіць быць, бо пад масавай літаратурай разумеецца тая, у якой ёсьць масавы спажывец. А масавы спажывец у нас камплексуе, бо ён на беларускай мове баіцца размаўляць і валодаць ёю.

У бульварным рамане мусіць усё быць проста і даступна. Масаваму спажыўцу пакуль больш даступна чытаць на прымітыўнай расейскай мове, чым на беларускай. У нас пакуль сытуацыя не сасьпела для гэтага.

Апошнія кніжныя навінкі, якія наведнікі маглі набыць пасьля прэзэнтацыі
Апошнія кніжныя навінкі, якія наведнікі маглі набыць пасьля прэзэнтацыі

Мяне, аднак, больш турбуе, што ў нас мусяць быць сэрыялы на беларускай мове. Яны больш уплывовыя. Калі зьявяцца якасныя беларускамоўныя сэрыялы, то ўбачыце: людзі куды актыўней загавораць па-беларуску.

Мне падаецца, што гэта ў нечым важней, чым беларускамоўныя школы ці ўнівэрсытэты. Калі будуць гаварыць па-беларуску героі, папулярныя пэрсанажы, і глядач будзе ў іх пазнаваць сябе, то тыя ж хатнія гаспадыні між сабой неўпрыкмет для сябе будуць абменьвацца беларускімі словамі, якія яны чулі ў сэрыяле.

Сэрыялы для нас важней, бо культура чытаньня адышла на другі плян у параўнаньні з культурай візуальнага ўспрыняцьця.

Ну й, калі б былі запатрабаваныя беларускамоўныя сэрыялы, то дзясяткі нашых сёньня папулярных пісьменьнікаў узяліся б пісаць сцэнары да такіх стужак. Яны б стваралі масавую літаратуру, і таленту ў іх на гэта хапіла б! Яны яе не ствараюць проста таму, што ня бачаць пакуль адпаведнага спажыўца...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG