Сёньня стала вядома пра сьмерць былога міністра замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. Ён памёр у 54 гады.
Напярэдадні выбараў 2010 году разам зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім ён прыяжджаў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Але замест дыялёгу й абяцанага крэдыту Эўропа мусіла замарозіць стасункі зь Беларусьсю яшчэ на пяць год.
Такой была рэакцыя на разгон мітынгу апазыцыі каля Дому ўраду і масавыя затрыманьні дэманстрантаў 19 сьнежня 2010 году.
Бачыць у гэтым рашэньні асабістую лінію Вэстэрвэле не выпадае, бо краіны Эўразьвязу фармуюць агульную зьнешнюю палітыку, лічыць палітоляг Алесь Лагвінец.
«Гэта быў падыход Эўразьвязу, скіраваны на разьвіцьцё дыялёгу з афіцыйным Менскам, — кажа Лагвінец. — Можна спрачацца, але мне падаецца, што на той час Эўразьвяз выкарыстоўваў наяўныя магчымасьці, каб неяк дамовіцца з уладамі Беларусі».
Гэта быў даволі важны візыт для таго часу, дадае палітоляг Валер Карбалевіч. Эўропа сапраўды зьбіралася супрацоўнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам. Іншая справа, што мала хто чакаў такога сцэнару падзеяў, які паказалі сьвету беларускія ўлады ў ноч з 19 на 20 сьнежня.
«Сам Вэстэрвэле быў у пэўным сэнсе траўмаваны і гэтымі падзеямі, і тым, што ягоны візыт ня даў вынікаў, а прывёў да таго, што ў Беларусі зноў пачаліся масавыя рэпрэсіі», — сказаў Карбалевіч.
Таксама той візыт запомніўся цытатай Аляксандра Лукашэнкі на адрас геяў. Пра сваё нэгатыўнае стаўленьне да іх ён выказаўся падчас сустрэчы зь Сікорскім і Вэстэрвэле, які не хаваў таго, што ён гей.
«Лукашэнка праявіў пэўную грубасьць і нетактоўнасьць, — кажа Карбалевіч. — Абсалютна нечакана й не па тэме ён пачаў гаварыць пра тое, што ён не прымае людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Гэтая нетактоўнасьць не спрыяла нармалізацыі адносін Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам».