Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму я ўзвыю ад «дэкрэтнай» рэформы 


Юлія Шарова
Юлія Шарова

Улады замаўляюць — дзеці і жанчыны плацяць: Юлія Шарова, якая працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садку, спрачаецца з прапановай скараціць дэкрэтны адпачынак для жанчын з трох да двух гадоў.

«А вы ведаеце, чаму з садкоў выганяюць шасьцігодак? А таму, што трэба будзе набіраць дадатковыя ясельныя групы. Ужо з верасьня. „Дэкрэт“ жа будуць скарачаць, то каб зручней было, рыхтуюцца...»

Такія чуткі супрацоўнікі менскіх дзіцячых садкоў абмяркоўваюць ужо некалькі тыдняў. Мала хто зь іх ведае, што ніякага рашэньня скараціць адпачынак па даглядзе за дзіцем пакуль не апублікавалі. Імя дарадцы Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях Кірыла Рудага, які зрабіў такую прапанову, таксама ні пра што не гаворыць маім апалітычным калегам. Але ж яны нездарма жывуць у Беларусі, каб зразумець простую рэч: калі пайшла такая пагалоска, то неўзабаве ўлады ўвасобяць сваю ідэю ў жыцьцё.

На кон пастаўлены эканамічны рост ажно 2,3% — ня трэба будзе ўтрымліваць дэкрэтніц за дзяржаўны кошт, а калі яны яшчэ і на працу павыходзяць, то сплацяць нейкую колькасьць падаткаў і ўнёскаў у фонд сацыяльнага страхаваньня. Такая вось стратэгічная задача ад спадара Рудага. Ну, а на месцах, як заўсёды, распрацуюць тактыку, ад якой асабіста я гучна ўзвыю разам са сваімі калегамі-«дашкольнікамі».

Калі «дэкрэт» скароціцца на год, у садкі пойдуць паўтарагадовыя дзеці.

Першае, што давядзецца зрабіць — адчыніць групы першага раньняга ўзросту. А каб было куды падзець ясельных, пачнуць усімі праўдамі і няпраўдамі выганяць у школы шасьцігодак. Гэта цяпер дзяцей звычайна прыводзяць у садок двухгадовымі, каб яны за апошнія месяцы мамінага адпачынку спакойна адаптаваліся да новых умоваў. Калі «дэкрэт» скароціцца на год, у садкі пойдуць паўтарагадовыя дзеці, а гэта зусім іншы кантынгент, які трэба групаваць асобна — асобна гатаваць для іх ежу, весьці па асобным пляне.

Я не гатовая вучыць музыцы паўтарагадовых дзяцей, хоць мне і кажуць пра выклікі і штуршкі да прафэсійнага росту. Уся мэтадычная літаратура, усе напрацоўкі, якія мы маем, «заточаныя» пад працу зь дзецьмі ад двух гадоў, а праграму для меншых выхаванцаў ведаюць хіба што спэцыялісты з дамоў дзіцяці. Іншыя вузкія спэцыялісты і выхавацелі масавых садкоў таксама не ўяўляюць, што рабіць з малечай ад году да двух.

Ці можа Кірыл Руды думае, што маці маленькіх дзяцей прывядуць іх у садок у апошнія дні свайго законнага двухгадовага «дэкрэту» і дзеці імгненна адаптуюцца? Не захварэюць, адразу забясьпечыўшы сваёй маці бальнічны, а яе працадаўцу — лішнія выдаткі? Або можа спадар дарадца спадзяецца, што звычайная беларуская маці напружыцца і аддасьць большую частку заробку прыватнай няні, а сама пабяжыць падымаць айчынную эканоміку?

Гадаваць дзяцей па-за дзяржаўнай сыстэмай дашкольнай адукацыі могуць сабе дазволіць адзінкі.

Гадаваць дзяцей па-за дзяржаўнай сыстэмай дашкольнай адукацыі могуць сабе дазволіць адзінкі. Так бывае, напрыклад, з забясьпечанымі жанчынамі, якія наймаюць прыватную няньку. Ёсьць яшчэ жанчыны з «прыкрытымі тыламі» ў выглядзе шматлікіх сваякоў. І, урэшце, ёсьць хатнія гаспадыні, якія ня пойдуць на працу нават тады, калі ўсе іх дзеці скончаць унівэрсытэт — пляваць яны хацелі на дэкрэт аб дармаедах.

Астатнім даводзіцца «здаць дзіця ў садок», абсалютна не прыстасаваны для дзяцей сацыяльна і эканамічна актыўных жанчын. Афіцыйна садкі працуюць да 19.00. Добра, калі гэта недалёка ад працы бацькоў і яны пасьпяваюць забраць дзяцей да закрыцьця. А калі не? І хто звычайна здольны скончыць працу да 18.00, каб пасьпець да дзяцей? Чыноўнікі і офісныя супрацоўнікі з заробкам каля сярэдняга па краіне. Не найлепшае паліва для ўзьлёту эканомікі. Больш пасьпяховыя людзі ў рэаліях беларускага крызісу могуць працаваць ненармавана, але паспрабуйце знайсьці ў вялікім Менску садкі з групамі, у якіх дзіця можа застацца да 21.00. У малых гарадах з гэтым яшчэ большая бяда.

«Дзе там твая мама ходзіць? Можа, па крамах швэндаецца?»

Садкі афіцыйна працуюць да 19.00, але цёці-выхавацелькі прагнуць як мага хутчэй раздаць дзяцей. У іх маленькія заробкі, прафэсійнае выгараньне амаль на старце кар’еры і жаданьне лішнюю гадзіну пабыць у цішыні. Дзіця занадта загружанай маці, якое сядзіць у групе да апошняга, вельмі пасуе на ролю баксёрскай грушы для слоўнай агрэсіі: «Дзе там твая мама ходзіць? Можа, па крамах швэндаецца?» Ня ўсе пэдагогі добра кіруюць уласнымі эмоцыямі — іх гэтаму не вучаць.

Дашкольная адукацыя «заточаная» пад маці, якія маюць шмат вольнага часу, могуць рабіць ладную частку працы за садкоўскіх пэдагогаў і ператвараюць уласнае жыцьцё ў служэньне дзецям. Пры гэтым большасьць мужчын не займаецца выхаваньнем уласных нашчадкаў. Звычайна мужчына бярэ на сябе ролю ў найлепшым выпадку спонсара, а ў найгоршым — яшчэ аднаго дзіцяці, толькі больш капрызьлівага і праблемнага.

Будзем мець кінутых у ясьлях дзяцей на стадыі пампэрсаў, комплексы «я кепская маці» і прысуды з боку грамадзтва па артыкуле «нефіг было нараджаць».

Дык што мы будзем мець? Кінутых у ясьлях дзяцей на стадыі пампэрсаў, бездапаможных пэдагогаў па адным на 20 малых, маці, якія разрываюцца паміж ня вельмі прыбытковай працай і выхаваньнем дзіцяці, комплексы «я кепская маці» і прысуды з боку грамадзтва па артыкуле «нефіг было нараджаць».

Затое эканамічны рост у 2,3%. І птушачка каля радка ў сьпісе гаспадарчых рэформаў — дзяржаве гэта ў любым выпадку нічога ня будзе каштаваць, а грамадзянам не ўпершыню плаціць на яе рахунках.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG