Прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмэт Давутаглу паведаміў, што ўлады і сьледчыя не сумняюцца ў тым, што нядзельная атака ў Анкары зьдзейсьненая адной з тэрарыстычных груповак:
«Улада мае канкрэтную інфармацыю пра зьдзяйсьненьне нападу тэрарыстычнай групоўкай», — заявіў Давутаглу, нягледзячы на тое, што ні адна з групаў баевікоў адказнасьць за выбух на сябе не ўзяла.
Раней міністар унутраных спраў Турэччыны Эфкан Ала заявіў, што сёньня, 14 сакавіка, павінны быць абвешчаныя вынікі расьсьледаваньня выбуху ў Анкары.
Паводле апошніх дадзеных, ахвярамі выбуху ў турэцкай сталіцы ў нядзелю сталі 34 чалавекі, 125 параненыя. Паведамляецца, што побач зь месцам выбуху, прыкладна ў 20 мэтрах, у сваім аўто быў амбасадар Аўстраліі ў Турэччыне Джэймс Ларсэн. Дыплямат не пацярпеў.
Выбух у Анкары прагрымеў 13 сакавіка каля аўтобуснага прыпынку, разьмешчанага паблізу парку Гювен на плошчы Кызыла. Паводле папярэдніх зьвестак, выбухоўка спрацавала ў адным з аўтамабіляў. Полымя ахапіла таксама транспартныя сродкі побач.