Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гародня, «Паходня», Адраджэньне — 30 год таму і цяпер


Пахаднянцы ў Жупранах ля магілы Францішка Багушэвіча
Пахаднянцы ў Жупранах ля магілы Францішка Багушэвіча

Першы беларускамоўны клюб стаўся пачаткам адраджэньня беларускасьці ў гады Перабудовы на Гарадзеншчыне.

Роўна 30 год таму, 12 сакавіка 1986 году ў Горадні адбылося першае паседжаньне гісторыка-культурніцкага клюбу аматараў роднага краю «Паходня». З адным з арганізатараў «Паходні» Міколам Тарандам гутарыць наш карэспандэнт Міхал Карневіч.

Карэспандэнт: «Мікола, «Паходня» ўжо стала часткай гісторыі, і сёньня хочацца ўзгадаць пра тое, з чаго яна пачыналася. Хто падаў ідэю стварэньня беларускамоўнага клюбу, якія былі першыя крокі і хто, дарэчы, аўтар назвы — «Паходня»?

Мікола Таранда
Мікола Таранда

Таранда: «У 1986 годзе мой калега на працы ў гарадзенскім Інстытуце біяхіміі АН БССР Валянцін Лучко даў мне пачытаць кнігу Кастуся Тарасава „Память о легендах“. Кніга вельмі моцна паўплывала на мой сьветапогляд і прымусіла задумацца пра тое, каб сустрэцца з аўтарам. А дзеля гэтага патрэбна было нейкае кола людзей, каб арганізаваць гэтую сустрэчу. Гэта быў пачатак. Ідэю маю падтрымалі калегі на працы — Валянцін Лучко і Антон Пацэнка. Я, мусіць, зь месяц хадзіў па знаёмых і цікавіўся, хто і як ставіцца да беларускасьці. Мы з Антонам доўгі час сядзелі над стварэньнем статуту. Сфармуляваныя тады асноўныя мэты арганізацыі захаваліся да сёньняшняга дня:

— Знаёміцца з гістарычнымі падзеямі, помнікамі архітэктуры і літаратуры краю;

— Вывучаць жыцьцё, творчасьць выдатных прадстаўнікоў мінулага і сучаснага;

— Размаўляць самім і папулярызаваць беларускую мову;

— Прапагандаваць беларускую музыку і літаратуру, фальклёр, звычаі і традыцыі...

Пахаднянцы наведваюць беларускі музэй у Гудзевічах
Пахаднянцы наведваюць беларускі музэй у Гудзевічах

Вось такія былі і застаюцца асноўныя мэты клюбу „Паходня“. Дарэчы, што датычыць назвы „Паходня“, то цяпер ніхто ўжо ня можа прыгадаць хто яе прапанаваў».

Карэспандэнт: «Першае паседжаньне, наколькі вядома, адбылося 12 сакавіка 1986 году ў гарадзенскім Доме культуры на вуліцы Дзяржынскага. Хто на яго сабраўся?»

Таранда: «Так, першае паседжаньне адбылося ў гарадзкім Доме культуры. У той час там зьбіраліся таварыствы кшталту аматараў катоў, філятэлісты, эспэрантысты. Але ў паветры ўжо лунаў водар перабудовы. Дырэктарка Дома культуры Яўгенія Матафонава закупіла нават для нас два самавары і кубкі для гарбаты.

На першае паседжаньне прыйшлі 19 чалавек, пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі: супрацоўнікі нашага інстытуту, выкладчыкі і некалькі студэнтаў унівэрсытэту імя Янкі Купалы, інжынэр, журналіст — вось практычна ўсе. Першае, што мы зрабілі, — распрацавалі плян нашае працы. Прапаноў была процьма. Мы меліся сустрэцца з гарадзенскімі пісьменьнікамі, гісторыкамі, навукоўцамі, наведаць музэй у Гудзевічах і г.д.

На раскопках ля Старога замку ў Горадні
На раскопках ля Старога замку ў Горадні

А ўжо на другім паседжаньні перад намі выступіў прафэсар Аляксей Пяткевіч і прачытаў лекцыю пра старажытныя беларускія рукапісы. Мне тады вельмі запомніўся яго цікавы аповед пра бібліятэку Храптовічаў у Шчорсах, якой карыстаўся Адам Міцкевіч.

А вось на трэцім паседжаньні мы сустракаліся з доктарам гістарычных навук прафэсарам Міхасём Ткачовым, які пазьней стаў прэзыдэнтам нашага клюбу. Я невыпадкова ўзгадаў пра трэцяе спатканьне, бо ў гэты вечар мы сустрэліся і з Кастусём Тарасавым, які прыехаў па справах у Горадню. Памятаю, што спатканьне працягнулася да поўначы і ніхто не хацеў разыходзіцца».

Карэспандэнт: «Але пахаднянцы займаліся ня толькі асьветніцкай дзейнасьцю. Памятаецца, што яны першымі ў горадзе выступілі ў абарону чыгуначнага вакзалу ад разбурэньня, удзельнічалі ў археалягічных раскопках, ладзілі суботнікі па ачыстцы Гараднічанкі...»

У Кушлянах каля дома Францішка Багушэвіча
У Кушлянах каля дома Францішка Багушэвіча

Таранда: «І гэты сьпіс можна доўжыць. Мы выступілі ў абарону ад разбурэньня гістарычнага будынку архіву на плошчы Леніна, які нібыта перашкаджаў хадзіць дэманстрантам, і адстаялі яго перад уладамі. Вылучылі ініцыятыву ўсталяваньня помніка Кастусю Каліноўскаму ў Горадні, прапанавалі ўсталяваць помнік на магіле маці Максіма Багдановіча. Мы некалькі разоў езьдзілі на суботнікі ў Кушляны, каб прывесьці ў належны стан хатку Францішка Багушэвіча. Пахаднянцы ўзяліся аднавіць традыцыю Купальля на Гарадзеншчыне, калядоўшчыкаў. Мы хадзілі і зьбіралі подпісы, каб бацькі аддавалі сваіх дзетак у беларускія клясы, і г.д.

Мушу зазначыць, што да канца году на нашы паседжаньні, якія адбываліся штосераду, зьбіралася ўжо не 19, а да трохсот чалавек. Прычым на паседжаньні „Паходні“ пачалі прыходзіць ня толькі інтэлігенты, а і рабочыя, службоўцы, ня толькі беларусы, але і расейцы, і ўкраінцы, і палякі, і літоўцы, і армяне, і чувашы... Мы па-сапраўднаму сталі інтэрнацыянальным клюбам, і аб’ядноўвала нас беларуская культура, мова і гісторыя».

Карэспандэнт: «Нягледзячы на часы перабудовы, беларускія ўлады не сьпяшаліся дэмакратызаваць грамадзтва. Зь якімі складанасьцямі ў гэтым пляне сустракалася „Паходня“?»

Мітынг у Горадні падчас выбарчай кампаніі, 1990 год
Мітынг у Горадні падчас выбарчай кампаніі, 1990 год

Таранда: «На пачатку дзейнасьці стаўленьне да нас было добрае, пра нас нават станоўча пісалі мясцовыя і рэспубліканскія выданьні. Але гады перабудовы імкліва зьмянялі жыцьцё. І ўжо ў 1987–88 гадах зьяўляюцца адмысловыя інструкцыі ў парткамах на прадпрыемствах і навучальных установах, дзе такія клюбы, як „Паходня“, у рэспубліцы характарызаваліся як экстрэмісцкія структуры. Асабліва запомнілася, як у той час была разагнана беларускамоўная моладзь у Менску, якая выйшла адзначаць „Гуканьне вясны“. З нашымі сябрамі таксама працавалі парторгі і камсоргі, многія нават прыходзілі на паседжаньні і на свае вочы глядзелі, чым тут займаюцца.

А яшчэ пазьней многія сябры „Паходні“ пачалі ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны: выбары, мітынгі, дэманстрацыі, утварэньне партыйных структураў. Пахаднянцы былі ў першых шэрагах. Мы мусілі ў той час перарэгістраваць статут і ўнесьці зьмены, якія адной з мэтаў ставілі і палітычную дзейнасьць нашай арганізацыі».

Карэспандэнт: «Тым ня менш, „Паходня“ актыўна дзейнічала яшчэ на працягу 90-х. Але потым яўна заціхла, хоць, магчыма, фармальна дагэтуль існуе».

Абвестка ад «Паходні»
Абвестка ад «Паходні»

Таранда: «Сапраўды, па сутнасьці, „Паходня“ практычна не існуе. Але многія людзі, якія яе і арганізоўвалі, і былі актыўнымі дзеячамі, засталіся і жывуць у Горадні. На месцы „Паходні“ ў гады незалежнай Беларусі ўтварылася мноства самых розных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, і, як правіла, ля іх вытокаў стаялі менавіта пахаднянцы. Гэта факт».

Карэспандэнт: «Трыццаць гадоў — усё ж даволі значны кавалак часу. Мікола, што за гэты час найболей узгадваецца асабіста табе?»

Таранда: «Ды ўсё ўзгадваецца, бо гэта былі вельмі цікавыя 30 гадоў. Памятаю, як езьдзілі дамагацца спыненьня асушэньня Палесься, як патрабавалі хутчэйшага вываду ядзернай зброі зь Беларусі, як змагаліся супраць пашырэньня „Азота“, каб уратаваць экалёгію гораду — удзельнічалі ў шэсьцях, мітынгах, зьбіралі подпісы, пісалі лісты, і многае іншае».

Карэспандэнт: «А цяпер „Паходня“ запатрабаваная ў нашым грамадзтве?»

Таранда: «Відавочна, што запатрабаваная. І яна дзейнічае, толькі ў іншых формах, але, як правіла, тымі ж людзьмі, якія прайшлі праз наш клюб. У 2006 годзе нас пазбавілі юрыдычнага адрасу, і дагэтуль мы нават ня ведаем, хто гэта зрабіў. У нас былі спробы аднавіць паседжаньні, але мы не маглі гэтага зрабіць. І тым ня менш фактычна мы не закрытыя. Да свайго 30-годзьдзя „Паходня“ захавалася як арганізацыя. Так, мы ня маем юрыдычнага адрасу, але і ня маем таго, што б сьведчыла, што мы не існуем. І ў суботу 12 сакавіка сябры „Паходні“ плянуюць сабрацца і адзначыць наша 30-годзьдзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG