Арцём Бародзіч прызнаны вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў і асуджаны на 5 год пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці. Сьледзтва спасылалася на знойдзеныя ў кватэры актора шалі для ўзважваньня малых рэчаў, а таксама на тое, што ён захоўваў у лядоўні 26 грамаў марыхуаны, што лічыцца «значным памерам».
Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, менавіта гэта ўказвала на тое, што Бародзіч ня толькі ўжываў наркотыкі сам, але і распаўсюджваў іх сярод іншых. Аднак сьведак, якім Арцём Бародзіч нібыта прадаваў ці перадаваў марыхуану, сьледзтва не прадставіла. Тым ня меней пракурор прасіў для Арцёма Бародзіча 6 год зьняволеньня без канфіскацыі маёмасьці.
Арцём Бародзіч ў пачатку суду заявіў, што «нікому не дарыў і не прадаваў» наркотыкі, а марыхуану паліў сам раз на некалькі дзён, каб «зьняць эмацыйны стрэс». У апошнім слове актор прасіў суд даць яму шанец вярнуцца да жыцьця без наркотыкаў, працаваць у тэатры і выхоўваць дзіця, якое ў яго народзіцца празь некалькі месяцаў.
Назіральнікі адзначалі ў справе Арцёма Бародзіча некалькі незвычайных момантаў. У прыватнасьці выявілася, што затрымалі актора і правялі ў яго першы ператрус не супрацоўнікі міліцыі, а вайскоўцы з часткі № 1250 памежных войскаў. Ці маюць служачыя гэтай часткі права праводзіць падобныя апэратыўныя дзеяньні адносна ўсіх грамадзянаў, а ня толькі ваеннаслужачых, суд высьвятляць ня стаў. Дагэтуль застаецца незразумелым, якім чынам актор патрапіў у поле зроку вайскоўцаў, хаця суд і праінфармавалі, што ў апэратыўнай распрацоўцы вайсковай часткі № 1250 Арцём Бародзіч не знаходзіўся.
Справа Арцёма Бародзіча прыцягнула ўвагу таксама вялікай маральнай падтрымкай, якую яму аказалі акторы Купалаўскага тэатру. Усе пасяджэньні калегі Арцёма Бародзіча прысутнічалі ў судзе, да матэрыялаў справы была далучаная выдатная характарыстыка актора з тэатру.